wd wp Пошук:

Цары Каляды

Цары Каляды — традыцыйны навагодні абрад у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў Беларусі. Святкуюць напярэдадні Новага года па юліянскім календары, у Шчодры вечар — з 13 на 14 студзеня. У 2009 годзе ўключаны ў спіс нематэрыальных культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА, як аб’ект, якому неабходная тэрміновая абарона[1].

Гісторыя

Лічыцца, што абрад «Цары Каляды» з’явіўся ў XVIII стагоддзі, калі недалёка ад вёскі стаялі раскватараваныя часці царскай расійскай арміі. Паводле мясцовага падання, у дні святкавання Новага года па старым стылі (Юліянскім календары) салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, здзяйсняючы вясёлы паказ, за што гаспадары адорвалі іх пачастункам[2]. Пасля перадыслякацыі салдатаў у іншае месца традыцыю працягнулі мясцовыя маладыя людзі, якія апранаюцца ў касцюмы, што нагадваюць ваенную форму. Дадзеная папулярная версія была выказаная мясцовым былым настаўнікам Мікалаем Аляшкевічам (1924 года нараджэння), але спробы даследчыкаў па яе пацверджанні не далі станоўчых вынікаў. Шэраг тэатразнаўцаў выказвае думку, што семежаўскі абрад зарадзіўся задоўга да атраду расійскай арміі[3].

Абрад праводзіўся да 1960-х гадоў. Пасля 40-гадовага перапынку быў адроджаны ў 1996 годзе па ініцыятыве мясцовых жыхароў[3]. У 2000-х гадах абрад выконваўся некалькімі групамі «цароў» адначасова.

У кастрычніку 2009 г. абрад «Калядныя цары» рашэннем Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. ЮНЕСКА прызнала неабходнасць у абароне свята з-за перасялення актыўнага насельніцтва ў гарады і страце цікавасці з боку моладзі.

Апісанне абраду

У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі, так званыя «цары», апранутыя ў спецыяльныя касцюмы. Касцюмы прадстаўляюць сабой белыя штаны і кашулі. На грудзях кожнага цара крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам. На галаве — высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Цароў на свяце суправаджаюць камічныя персанажы Дзед (выконвае дзяўчына ў абарванай мужчынскай вопратцы) і Баба (выконвае хлапец).

Працэсія цароў наведвае дамы вяскоўцаў і разыграе драму «Цар Максіміліян». Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома, якія шчодра адорваюць удзельнікаў абраду.

З надыходам цемры «цары» запальваюць факелы, што надае дзеі незвычайную відовішчнасць.

Зноскі

  1. Абрад «Цары Каляды» пад пагрозай знікнення(нявызн.). Наша Ніва. Праверана 28 жніўня 2013.
  2. Архіўная копія(нявызн.) (недаступная спасылка). belarus.by. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2015. Праверана 29 жніўня 2013.
  3. 1 2 Абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці(нявызн.). budzma.org. Праверана 28 жніўня 2013.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Сусветная спадчына ў Беларусі
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Святы Беларусі
Культура Капыльскага раёна
Семежава