Сапоцкін[2] — гарадскі пасёлак у Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, каля Аўгустоўскага канала. Адміністрацыйны цэнтр Сапоцкінскага сельсавета. Размешчаны за 21 км на паўночны захад ад Гродна, з якім злучаны аўтамабільнай дарогай. Насельніцтва 983 чал. (2017)[3].
Упершыню Сапоцкін згадваецца ў XVI ст. як мястэчка Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У Вялікую Паўночную вайну ў красавіку 1703 мястэчка занялі шведскія войскі пад камандай Карла XII.
У 1786 Сапоцкін атрымаў права на рэгулярныя кірмашы. У 1793 мястэчка ўвайшло ў Гродзенскае ваяводства. У гэты час Сапоцкін меў уласны герб: «у блакітным полі срэбны вол з залатымі рагамі».
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Сапоцкін апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 — у Варшаўскім герцагстве. У 1815 мястэчка далучылі да Царства Польскага Расійскай імперыі (спачатку ў Аўгустоўскай губерні, а з 1867 — у Аўгустоўскім павеце Сувалкаўскай губерні).
Станам на 1827 у Сапоцкіне было 98 дамоў. У 1858 колькасць будынкаў узрасла да 160, з іх 3 мураваныя. На 1900 тут працавалі маслабойныя і шкляныя заводы.
З 1915 да 1918 года акупаваны германскімі войскамі. Па заканчэнні польска-савецкай вайны, паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Сапоцкін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Валавічоўцы ў Аўгустоўскім павеце Беластоцкага ваяводства. Станам на 1921 год у мястэчку было 294 дамы.
У 1939 Сапоцкін увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёна Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 22 чэрвеня 1941 да 18 ліпеня 1944 Сапоцкін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1959 Сапоцкінскі раён скасавалі, а мястэчка ўвайшло ў склад Гродзенскага раёна. У 1978 утварыўся Сапоцкінскі батанічны заказнік.
Прадпрыемствы лясной прамысловасці.
У Сапоцкіне працуюць сярэдняя і музычная школа, дашкольная ўстанова
Медыцынскія паслугі надае бальніца.
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
У Сапоцкіне размяшчаецца Упраўленне біялагічнага заказніка Сапоцкінскі. Спыніцца можна ў местачковай гасцініцы[10].
У наш час цэнтральная вуліца Сапоцкіна (былая Леніна) завецца ў гонар Папы Рымскага Яна Паўла II, з ёй перасякаецца вуліца імя генерала Юзафа Альшыны-Вільчынскага (былая Кастрычніцкая). Месца расстрэлу генерала і яго ваяроў адзначае бела-чырвоны крыж.
Тэалін — прадмесце Сапоцкіна, названае ў гонар жонкі Антонія Валовіча. Па адрасе вул. Тэалінская, 45 размяшчаецца Касцёл Унебаўзяцця Найсв. Дзевы Марыі.