wd wp Пошук:

Мікіта Мелказёраў

Мікіта Мелказёраў (нар. 14 жніўня 1988, г. Хабараўск, Расія) — беларускі журналіст, блогер, найбольш вядомы як аўтар і вядоўца ютуб-канала «жыццё-маліна».

Біяграфія

Нарадзіўся ў расійскім горадзе Хабараўск. У 5 гадоў маці адправіла яго ў Мінск да дзядулі з бабуляй, праз год вярнулася сама. Пра стасункі з бацькам і расійскімі сваякамі казаў наступнае: «З бацькам мы апошні раз стэлефаноўваліся, калі мне гадоў 11 было. Трэба быў дазвол на выезд за мяжу, і мама сказала: ну табе ж ён патрэбен, таму ты і тэлефануй. Цяпер з хабараўскіх сваякоў я маю зносіны толькі з бабуляй — яна ў мяне вельмі крутая — Марсэльеза Серапіёнаўна, дырэктарка дзіцячага садку, у які я хадзіў»[1].

У 2012 годзе скончыў журфак БДУ.

Сваю кар’еру Мікіта пачынаў як спартыўны журналіст. Працаваў у газеце «Всё про футбол», на інтэрнэт-партале «Трыбуна», затым перайшоў на Onliner.by.

3 чэрвеня 2021 года, калі сілавікі затрымалі аўтара ютуб-праекта «Чеснок» Аляксандра Івуліна, зразумеў, што яму небяспечна заставацца ў Беларусі і хутка з’ехаў. Пра падрабязнасці жыцця ў эміграцыі даваў інтэрв’ю папулярнаму расійскаму ютуб-блогеру Юрыю Дудзю[2].

У жніўні 2021 года трапіў у скандал з беларускай мовай: Мікіта на сваёй старонцы аб’явіў чэлендж — калі на яго Instagram падпішуцца 30 тысяч чалавек, ён запіша выпуск па-беларуску. Многія падпісанты абурыліся, што для кантэнту на роднай мове выстаўляюцца нейкія ўмовы. Пасля гэтай сітуацыі ён актыўна пачаў вывучаць і размаўляць усюды па-беларуску, аб чым ён таксама расказвае зараз на сваёй старонцы ў Instagram [3].

Інтэрнэт дзейнасць

У 2019 годзе стаў вядоўцам ютуб-праекта MelkazeRaw, дзе браў інтэрв’ю ў спартсменаў[4].

Летам 2020 года на ютубе запусціў новы канал пад назвай «жыццё-маліна», дзе публікуе інтэрв’ю з самымі рознымі беларусамі — ад дзеячаў культуры да палітыкаў. Гасцямі выпускаў сталі такія грамадскія дзеячы як Зянон Пазняк, Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Сяргей Чалы, Арцём Шрайбман, Маргарыта Ляўчук, Кацярына Ваданосава, Дзмітрый Крук і іншыя.

У 2022 годзе запусціў відэа-падкаст Slodky Stony, дзе ў вольнай форме з гасцямі абмяркоўвае выключна Беларусь[5]. Выйшла пяць выпускаў: іх героямі сталі Наста Касцюгава, Таццяна Курбат, Андрэй Стрыжак, Максім Жбанкоў і Ніна Шыдлоўская.

25 красавіка 2022 года суд Цэнтральнага раёна горада Мінска прызнаў тэлеграм-канал, чат і лагатып канала «жыццё-маліна» «экстрэмісцкімі матэрыяламі»[6].

Зноскі

  1. https://nashaniva.com/?c=ar&i=267366&lang=ru
  2. https://by.tribuna.com/tribuna/blogs/editors/3009284.html
  3. https://nashaniva.com/?c=ar&i=276983&lang=ru
  4. https://by.tribuna.com/tribuna/blogs/sportchchannel/2592778.html
  5. https://nashaniva.com/ru/292640
  6. https://belsat.eu/ru/news/29-04-2022-youtube-kanal-i-telegram-kanal-zhizn-malina-priznany-v-belarusi-ekstremistskimi/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1988 годзе
Катэгорыя·Журналісты паводле алфавіта
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Блогеры Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ
Катэгорыя·Нарадзіліся 14 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Хабараўску