wd wp Пошук:

Сяргей Вячаслававіч Чалы

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чалы. Сярге́й Вячасла́вавіч Ча́лы (нар. 27 кастрычніка 1970, Мінск, БССР, СССР) — беларускі эканаміст-аналітык, трэйдар і журналіст-аналітык у галіне эканомікі; аўтар і вядучы папулярнай праграмы «Эканоміка на пальцах» на партале TUT.BY.

Выхаванне і сям’я

Па паходжанні — украінец, але лічыць сябе патрыётам Беларусі і прыналежным да беларускай грамадзянскай нацыі: «Я прыхільнік такой ідэалогіі, якая не дзеліць грамадзян дзяржавы на сваіх і чужых, сапраўдных беларусаў і несапраўдных, правільных і няправільных»[2].

Не жанаты[3].[удакладніць]

Адукацыя

У 1977—1987 гадах вучыўся і скончыў сярэднюю палітэхнічную школу (гімназію) № 6 у Мінску[3].

У 1987—1992 гг. вучыўся і скончыў фізічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Фізік-тэарэтык»[4]. Вучыўся ў аспірантуры, але не скончыў[3].

У 1997—1998 гадах прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Прайшоў адукацыйны курс макраэканамічнага праграмавання, які арганізоўваўся Міжнародным валютным фондам (МВФ)[2].

Займаецца таксама самаадукацыяй у галіне эканамічнай тэорыі, антрапалогіі і сістэмнага аналізу[2].

Працоўная і грамадская дзейнасць

У пачатку 1990-х гг. адзін год быў прыхільнікам арганізацыі Славянскі сабор «Белая Русь», бо адмоўна тады адносіўся да беларускага этнічнага нацыяналізму, які ў пачатку 1990-х гг. фармаваў сваю дактрыну на этнічных каранях (умоўна кажучы, на прынцыпах «крыві і глебы»)[2]. З фармаваннем пазней у Беларусі ідэалогіі беларускай грамадзянскай нацыі, стаў з той пары прыхільнікам падобнай дактрыны[2].

У 1993 годзе быў запрошаны ў якасці аналітыка ў перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Сваё ўключэнне ў прадвыбарчы штаб Чалы пазней патлумачыў цікавасцю і жаданнем знайсці практычнае прымяненне сваім ведам, набыць досвед у палітычных тэхналогіях, што было ў тыя часы новым у Беларусі[2]. Сяргею Чаламу тады ж прапаноўвалі стаць аналітыкам у прадвыбарчым штабе кандыдата ў прэзідэнты Станіслава Шушкевіча за грошы, але ён згадзіўся быць аналітыкам у штабе Лукашэнкі і бясплатна, бо палічыў, што Лукашэнка мае самыя высокія шанцы выйграць прэзідэнцкія выбары і што менавіта ў эканамічнай камандзе Лукашэнкі зможа рэалізаваць сябе ў справе правядзення важных і патрэбных эканамічных рэформ у Беларусі[2].

У 1994—1998 гадах працаваў у Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе займаўся працай з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Аднак пасля правядзення ў Беларусі рэферэндума ў 1996 г. ужо вырашыў для сябе кідаць працу ў Адміністрацыі прэзідэнта і фактычна з таго часу палітыкай больш не займаўся[5]. Паводле ўласных слоў, менавіта за час сваёй працы ў аналітычным цэнтры адміністрацыі прэзідэнта Сяргею давялося кантактаваць са спецыялістамі МВФ і прайсці навучальны курс фонда па макраэканамічным праграмаванні, што стала вельмі карысным, каб разумець узаемасувязі ў эканоміцы больш, чым з тэорыі айчынных падручнікаў ці досведу айчынных выкладчыкаў[2]. Сяргей Чалы патлумачыў гэта вялікай кампетэнтнасцю і досведам супрацоўнікаў фонда, якія на практыцы ўдзельнічаюць у распрацоўцы і ажыццяўленні стабілізацыйных і антыкрызісных праграм па ўсім свеце[2].

Тытульная старонка першага тому зборніка філасофскіх эсэ «Федэраліст» (1788)

У 1998 г. пайшоў у прыватны бізнес, працаваў у 1998—2002 гг. кіраўніком актываў у інвестыцыйнай кампаніі «Aigenis» (г. Мінск, Беларусь)[6].

У 2001 г. Сяргей Чалы пазнаёміўся з Аляксандрам Мілінкевічам, які ў той час быў кіраўніком прадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Сямёна Домаша; пазней Чалы стаў неафіцыйным кансультантам па эканамічных пытаннях у Мілінкевіча, калі апошні высунуў сябе кандыдатам у дэпутаты Беларусі[2].

З 2003 г. пачаў працаваць як незалежны эканамічны эксперт і фінансавы аналітык і стаў адным з самых вядомых, папулярных і запатрабавальных аналітыкаў Беларусі ў галіне макраэканамічнай палітыкі[7].

У 2009—2010 гг. працаваў журналістам-аналітыкам у галіне эканомікі на радыё «Euroradio» (г. Мінск, Беларусь)[8].

З’яўляецца эканамічным экспертам грамадскай ініцыятывы «Народная праграма» (з 2010 г.). Выказваўся, што не меў і не мае прэзідэнцкіх амбіцый, але з задавальненнем заняў бы пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі па прапанове прэзідэнта краіны з рынкавымі поглядамі[2]. З 2010 г. з’яўляецца запрошаным экспертам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS)[9].

З 17 лютага 2011 г. і па сённяшні час з’яўляецца вядучым аўтарскай аналітычнай праграмы «Эканоміка на пальцах» на партале «TUT.BY». Вядзе свой блог у Інтэрнэце.

У 2013 г. Сяргей Чалы выказаўся, што з пачатку 1990-х гг. да сённяшняга часу ніякіх змен у эканамічных і палітычных поглядах у яго не адбылося, а заўсёды заставаўся і з’яўляецца ў прыхільнікам рынкавых эканамічных поглядаў і т. зв. «класічнага лібералізму», чыя дактрына найболей выразна адлюстравана ў зборніку філасофскіх эсэ «Федэраліст» («Запіскі федэраліста»), адным з галоўных аўтараў якога быў амерыканскі дзяржаўны дзеяч Аляксандр Гамільтан (1755/1757—1804)[2]. Сяргей Чалы лічыць Аляксандра Гамільтана ўзорам для сябе і сваім кумірам, а «Запіскі федэраліста» — самым выдатным палітычным і эканамічным маніфестам «усіх часоў і народаў»[2].

Чытаў персанальныя лекцыі па эканоміцы, у тым ліку па запрашэнні рэктарату ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Браў удзел у электаральнай кампаніі 2015 г. у Беларусі — у якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Таццяны Караткевіч: быў 26-м у спісе з 30 давераных асоб Таццяны Караткевіч, афіцыйна зарэгістраваных 11 верасня 2015 г. Цэнтрвыбаркамам Рэспублікі Беларусь[10][11]. Па гэтай прычыне аўтарская аналітычная праграма Сяргея Чалага «Эканоміка на пальцах» на партале «TUT.BY» з 17 верасня 2015 г. да канца выбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі часова перайшла з ан-лайнавага рэжыма ў тэкставы (каб не парушыць правілы прадвыбарнай агітацыі)[12].

Сеціўная актыўнасць

Выказванні аб жыцці

Зноскі

  1. https://news.tut.by/tag/ex6199-sergey-chalyy.html
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты»
  3. 1 2 3 Паводле інфармацыі з сацыяльнай сеткі:акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (другі) // vk.com
  4. Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by
  5. Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by; Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты»
  6. Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by; Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 5 сакавіка 2016. // ekonomika.by; https://www.linkedin.com/in/sergechaly Сяргей Чалы] // linkedin.com
  7. Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by; Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 5 сакавіка 2016. // ekonomika.by
  8. Сяргей Чалы // linkedin.com
  9. Сергей Чалый
  10. Кандидат в президенты Республики Беларусь Короткевич Татьяна Николаевна Архівавана 10 верасня 2017. // Выборы президента Республики Беларусь 11 октября 2015 г.; У давераных асобах Караткевіч — Маслоўскі, Берніковіч, Чалы Архівавана 19 верасня 2021. // Euroradio.fm, 11.09.2015
  11. Опубликованы списки доверенных лиц кандидатов в президенты. Среди них — Руммо, Чалый и Щеткина Архівавана 9 лістапада 2017.
  12. «Экономика на пальцах» будет выходить в текстовом виде до конца выборов Архівавана 1 снежня 2020.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Члены Каардынацыйнай рады
Катэгорыя·Супрацоўнікі Еўрапейскага радыё для Беларусі
Катэгорыя·Эканамісты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1970 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы, у якіх трэба ўдакладніць крыніцы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Выпускнікі фізічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Прадпрымальнікі Беларусі