Мікола Рыжы, сапр. Мікалай Дзмітрыевіч Рыжы (нар. 2 снежня 1953, в. Уцеха, Барысаўскі раён — 30 сакавіка 2017) — беларускі мастак, ілюстратар.
Маляваў з дзяцінства. У 1964 годзе паступіў вучыцца ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя І. В. Ахрэмчыка на аддзяленне выяўленчага мастацтва. У 1972 годзе перамог у мастацкім конкурсе да 90-годдзя Янкі Купалы. У 1973 годзе паступіў вучыцца ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне графікі, дзе вучыўся ў Г. С. Грака, В. П. Шаранговіча, П. К. Любамудрава. Актыўна ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках. Жыве і працуе ў Барысаве. Памёр 30-га сакавіка 2017 года.
У 1976 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла першая кнiга ў афармленні Міколы Рыжага — казка «Забаронены вузел». Далей мастак аформіў шэраг кніг, сярод каторых «Блікі сонца» Максіма Танка, «Рэпартаж з пятлей на шыі» Юліуса Фучыка, «Маўглі» Кіплінга, «Вужовы кароль» Ул. Ягоўдзіка. За ілюстрацыю выдання Ул. Бутрамеева «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі» Мікола Рыжы атрымаў дыплом I ступенi ў Рэспубліканскім конкурсе кнігі. Таксама мае шмат дыпломаў за афармленне дзіцячых падручнікаў, якія друкавала выдавецтва «Народная Асвета». У 1990 годзе атрымаў II прэмію ў міжнародным конкурсе экслібрыса да 500-годдзя Францыска Скарыны. З’яўляецца аўтарам ілюстрацый да 60 кніжных выданняў.
Мікола Рыжы працуе ў галіне кніжнай, станковай графікі малых форм і экслібрыса. Шмат твораў прысвечаны другім мастакам і прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі. У 1993 годзе увайшоў у Беларускі Саюз мастакоў. Актыўна прымае ўдзел у міжнародных мастацкіх форумах Еўропы і ЗША. У 2006 годзе атрымаў III прэмію ў міжнародным конкурсе «Exlibris» у Італіі. Мастак падараваў мінскаму Музею сучаснага выяўленчага мастацтва 40 сваіх экслібрысаў[1].
Мастак актыўна супрацоўнiчае з Мiнiстэрствам сувязi Беларусі, РУП «Белпошта» і выдавецкім цэнтрам «Марка», распрацоўваючы арыгінал-макеты паштовых марак, мастацкіх капэрт і картак, якіх ужо ў яго актыве больш за 200[2]. Жанравы дыяпазон мастака разнастайны. З-пад яго пэндзля выйшлі творы, на якіх адлюстраваны архітэктурныя помнікі Беларусі, важныя падзеі і святы. Мікола Рыжы з’яўляецца сапраўдным майстрам паштовай мініяцюры.
Адна з серый марак Міколы Рыжага, выдадзеных у 1994 годзе, была прысвечана паўстанню 1794 года. У серыю ўвайшлі маркi з партрэтамі Тадэвуша Касцюшкі, Тамаша Ваўжэцкага, Якуба Ясінскага і Міхала Клеафаса Агінскага.
У 1997 годзе Мікола Рыжы стварыў святочную капэрту Першага дня, прысвечаную 480-годдзю Беларускага друку, спецштэмпель да яе і чатыры маркі, якія адлюстроўваюць чатыры перыяды дзейнасці першадрукара Скарыны: Полацкі, Кракаўскі, Пражскі і Віленскі.
У 1999 годзе ў Беларусі ўпершыню былі выдадзены 2 маркi i мастацкія капэрты са спецштэмпелем пад лагатыпам EUROPA, якія былі прысвечаны Белавежскай пушчы i Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку. Мастаком праекта быў Мікола Рыжы.
У 2002 годзе па эскізе мастака быў выданы блок паштовых марак, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа.
У 2007 годзе Мікола Рыжы распрацаваў эскізы мастацкіх маркіраваных капэрт, прысвечаных 125-годдзю гэтых беларускіх паэтаў. Капэрты змяшчаюць выявы паэтаў на фоне родных мясцін і сюжэтаў з іх твораў, а на марках адлюстрованы выявы іх дамоў-музеяў.
У 2009 годзе Мікола Рыжы ўвекавечыл у мастацтве ўзвядзенне памятнай стэлы, прысвечанай жыхарам роднай вёсцы Уцеха Барысаўскага раёна. Мастак таксама намаляваў графічную серыю партрэтаў землякоў-адраджэнцаў 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя: Кастусь Езавітаў, Алесь Бярозка, Аўген Калубовіч, Аркадзь Смоліч, Васіль Захарка, Вацлаў Ластоўскі, Радаслаў Астроўскі, Яўхім Кіпель. Гравюры былi апублікаваны ў часопiсе «Полацак» (Кліўленд, ЗША)[3].
Яшчэ адна галіна мастацтва, у якой працуе Мікола Рыжы — жывапіс. Пераважна ў жанры нацюрморта. У снежні 2013 у мінскай галерэі БелАРТ адбылася асабістая выстаўка твораў жывапісу Міколы Рыжага, прысвечаная яго юбілею[4].
Мікола Рыжы на Вікісховішчы |