У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Брэдзелеў. Мікалай Алегавіч Брэдзелеў (нар. 29 красавіка 1987) — кіраўнік упраўлення грамадскіх сувязяў і ESG кампаніі A1, палітычны зняволены.
Маці — Таццяна. Бацька Алег — удзельнік ліквідацыі пажару пасля аварыі на ЧАЭС у 1986, дзе атрымаў вялікую дозу радыяцыі[1].
Мікалай атрымаў вышэйшую адукацыю на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ, спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя» (зараз «сацыяльныя камунікацыі»), пасля працаваў PR-спецыялістам у інфармацыйным агенцтве «Інтэрфакс-Захад», з 2013 года ў камандзе карпаратыўных камунікацый A1 (раней Velcom), дзе пазней стаў кіраўніком.
Як супрацоўнік і пазней кіраўнік упраўлення грамадскіх сувязяў кампаніі А1, займаўся распрацоўкай ды падтрымкай шматлікіх культурных і асветніцкіх праектаў, у тым ліку, скіраваных на пашырэнне беларускай культуры і мовы.
Пры падтрымцы кампаніі Velcom і з удзелам Брэдзелева ў 2016 быў створаны сямейны інклюзіўны тэатр «і», дзе разам навучаліся розныя дзеці, у тым ліку дзеці з аўтызмам. 28-29 ліпеня 2018 у межах гарадскога мінскага фестывалю FSP прайшлі прэм’ерныя паказы спектакля «Букашкеада». «Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі мы працягнем прасоўваць ідэю інклюзіўнага, роўнага грамадства ў Беларусі», — пракаментаваў прэм’еру Брэдзелеў[2].
Дзякуючы яго ўдзелу, у 2017 годзе кампанія Velcom далучылася як партнёр да праекта «Беларускія ўікэнды» (створаны ў 2016 годзе кампаніяй «Кінаконг», кіраўнік Андрэй Кім), у межах якога вядомыя акцёры і дзеячы шоу-бізнесу агучвалі па-беларуску хіты і навінкі сусветнага кінематографа, частку з якіх пасля можна было пабачыць у кінатэатрах Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Да розных прэм’ер Мікалай Брэдзелеў з камандай рыхтавалі і праводзілі заўважныя прома-актыўнасці. Да прэм’еры фільма «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» каманда праекта выпусціла кліп на беларускую версію песні Дэвіда Боўі Space Oddity, у запісе ўзялі ўдзел Пётр Клюеў (басіст гурта ЛСП) і спявачка Валерыя Яскевіч, а над відэаролікам працавала творчая група рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. На паказе анімацыйнага фільма Хаяо Міядзакі «Рыбка Поньё» з удзелам гледачоў быў устаноўлены рэкорд па складанні рыбак-арыгамі, 506 гледачоў склалі 560 рыбак і ўпісалі праект «Беларускія ўікэнды» ў Кнігу рэкордаў краін СНД і Балтыі «Дзіва», пазней рыбкі былі сабраны і накіраваныя ў падарунак выхаванцам Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця[3].
У 2018—2019 гадах Брэдзелеў зладзіў праект супрацоўніцтва паміж Купалаўскім тэатрам і кампаніяй А1, у межах якога быў пастаўлены спектакль «Радзіва „Прудок“» пастаноўкі рэжысёра Рамана Падалякі па аднайменнай кнізе Андрэя Горвата, таксама былі арганізаваны гастролі спектакля па гарадам Беларусі, экскурсіі па Мінску «Горад Горвата»[4][5].
З 2018 кампанія А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk, распачала сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя», дзе Мікалай Брэдзелеў выступаў у якасці арганізатара праекта і члена журы конкурснай часткі праекта. Праект быў цалкам рэалізаваны на беларускай мове, усе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў праходзілі па-беларуску, што было пазначана як адна з мэт ініцыятывы — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TED[6]. Удзел у праекце ўзялі больш за 1000 школьнікаў, якія прынялі ўдзел у адукацыйных воркшопах у Мінску і крэатонах у Гомелі, Віцебску, Магілёве і Гродне, больш за 100 з іх даслалі відэапрэзентацыі сваіх ідэй для ўдзелу ў конкурснай частцы[7]. Таксама ў межах праекту была вылучана важнасць гендарнай тэмы, што выявілася ў падборы спікераў: у межах адукацыйнай часткі выступалі Ульрыка Хаслаўэр, уладальніца і кіруючы дырэктар Compact Electric (кампаніі, якая спецыялізуецца на вырабе тэхнікі для галіны бяспекі працы, а таксама прамысловасці і гандлю); Сільвія Ага-Шантль, бізнес-трэнер, спецыяліст і коўч па камунікацыях, Прэзідэнт Асацыяцыі нямецкамоўных спікераў; Габрыэла Домшыц, топ-менеджар і юрыст, якая шмат гадоў кіравала кампаніяй Wiener Stadtwerke, што адказвае за развіццё інфраструктуры Вены, а ў цяперашні час прэзідэнт найбуйнейшай венскай грамадскай валанцёрскай арганізацыі. Брэдзелеў пракаментаваў выбар спікераў наступным чынам: «Гэтым разам мы вырашылі падкрэсліць важнасць тэмы гендарнай роўнасці на сусветнай сцэне, таму невыпадкова нашы госці — гэта тры вядомыя і паспяховыя жанчыны, якія прынялі наша запрашэнне падзяліцца сакрэтамі поспеху з беларускай аўдыторыяй»[8].
21 лютага 2020, у міжнародны дзень роднай мовы, кампанія А1 у межах ініцыятывы «Веліч роднай мовы» распачала праект па ўстаноўцы ў Мінску і абласных цэнтрах манументальных тэкставых інсталяцыі, якія разам утвараюць слова «МОВА», вырабленых з дрэва і металу беларускім скульптарам Паўлам Вайніцкім. Ідэя праекта грунтавалася на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе «Колер Беларусі»), а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка. «З дапамогай арт-інсталяцый мы хацелі б падкрэсліць, што родная мова — гэта прыгожа і камфортна, а яе прысутнасць змяняе да лепшага ўсё вакол нас», — пракаментаваў праект Мікалай Брэдзелеў[9][10]. Аб паспяховым завяршэнні праекта кампанія паведаміла ў сваіх сацыяльных сетках у снежні 2020[11].
З кастрычніка 2020 Брэдзелеў займаўся запускам і пашырэннем праекта лічбавага валанцёрства «#яонлайн», мэтай якога было навучанне тэхналогіям, у першую чаргу, карыстальнікаў сталага ўзросту. У чэрвені 2021 года да праекта далучыўся фонд ААН у галіне насельніцтва UNFPA[12]
У межах сваёй працы Брэдзелеў займаўся папулярызацыяй культуры ўсвядомленага спажывання і цыркулярнай эканомікі, што выявілася, у тым ліку, у прасоўванні экалагічных рашэнняў. Пры яго ўдзеле кампанія А1 правяла даследаванне, па выніках якога было прынята рашэнне паступова скарачаць выкарыстанне сумак з палімераў і папяровых пакетаў і пераходзіць на тэкстыльныя шоперы[13]; у супрацы з «Аховай птушак Бацькаўшчыны» у маі 2021 быў праведзены праект «Выйдзі на сувязь з прыродай», дзе ў птушак з’явіліся персанальныя нумары тэлефонаў[14]; ладзіла акцыі «100 гадзін з А1», у межах якой у 2021 годзе ў SOS-Дзіцячай вёсцы ў Магілёве былі ўсталяваны сонечныя панэлі і паветраная цеплавая помпа, якія забяспечваюць жыхароў электраэнергіяй[15][16].
Брэдзелеў быў затрыманы 10 снежня 2021 года. Неўзабаве на неафіцыйным канале ГУБАЗіКа ў Telegram з’явілася «пакаяннае» відэа з яго ўдзел, дзе Брэдзелеў пад ціскам казаў, што нібыта перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю»[17], паведаміў памер свайго заробку, а таксама быў вымушаны прызнаць сваю гомасексуальнасць[18]. У праўладных тэлеграм-каналах былі выкладзены фотаздымкі з кватэры Брэдзелева пасля вобшуку і ягоныя інтымныя фотаздымкі[ru] з пагрозамі, што «праблем з сексам у турме ў яго пэўна не будзе[ru]». Справа Мікалая стала адным з самых гучных выпадкаў цкавання на падставе гамафобіі[19]. Пасольства Аўстрыі ў Беларусі і Міністэрства замежных спраў Аўстрыі адрэагавалі на інцыдэнт з затрыманнем Брэдзелева, назвалі «парушэннем асабістых правоў» апублікаванае відэа з ягоным удзелам[17]. У кампаніі А1 асудзілі відэа з удзелам Мікалая як «зневажальнае» і заявілі, што не атрымлівалі афіцыйных прэтэнзій ад беларускіх уладаў і што Брэдзелеў не меў доступу да персанальных даных кліентаў. Пазней гэты допіс быў выдалены з сайта і твітара кампаніі[20][21][22].
Пазней маці Мікалая паведаміла, што ён быў асуджаны на 15 сутак арышту[23], пасля якіх на свабоду не выйшаў.
30 снежня 2021 года супольнай заявай 8 беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Брэдзелеў быў прызнаны палітычным зняволенным[24][25].
У студзені 2022 стала вядома, што Брэдзелеў быў пераведзены ў СІЗА № 1 на Валадарскага, гэта значыць, што ў яго дачыненні распачата крымінальная справа, але падрабязнасці яго справы ці артыкул, па якім ён абвінавачаны, дагэтуль пэўна невядомы[26].