wd wp Пошук:

Антон Гадзімавіч Матолька

Антон Гадзімавіч Матолька (4 чэрвеня 1988) — беларускі фатограф, блогер, грамадскі актывіст. Заснавальнік анлайн-праекта па дапамозе ў вырашэнні гарадскіх праблем «МотолькоПомоги».

Біяграфія

Скончыў у 2004 годзе гімназію № 29 г. Мінска. Навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, потым у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці. Працаваў фатографам. Здымаў рэпартажы для буйных выданняў з конкурсаў прыгажосці, канцэртаў, важных грамадскіх мерапрыемстваў. Супрацоўнічаў з інтэрнет-парталам TUT.BY[1].

У ліпені 2011 года быў затрыманы падчас маўклівай акцыі пратэсту ў Мінску[2].

У 2015 годзе стаў уладальнікам прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» у намінацыі «Журналіст года».

У 2016 годзе адбыўся суд па іску Антона Матолька да Белтэлерадыёкампаніі, якая ў сакавіку 2015 года размясціла два фотаздымка паўночнага ззяння без дазволу аўтара. Матолька патрабаваў выплаціць яму кампенсацыю за кожны са здымкаў. Суд не задаволіў патрабаванні істца і вырашыў, што фотаздымкі паўночнага ззяння не з’яўляюцца аб’ектам аўтарскага права, бо гэта прыродная з’ява, якая не з’яўляецца вынікам творчасці[3].

У 2018 годзе разам з заснавальнікам крамы нацыянальных тавараў «Symbal.by(бел. (тар.)) бел.» Паўлам Белавусам і блогерам Эдуардам Пальчысам арганізаваў святочны канцэрт да стагоддзя абвяшчэння БНР каля Нацыянальны акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балета[4]. Для правядзення канцэрта арганізатары сабралі больш за 36 тысяч рублёў на платформе talaka.org[5].

Антон Матолька з’яўляецца актыўным удзельнікам партала электронных зваротаў «Зручны горад» — petitions.by. Быў ініцыятарам зваротаў, якія мелі шырокі грамадскі рэзананс: супраць ваенных парадаў у горадзе Мінску; патрабаванне адстаўкі міністра абароны пасля смерці салдата Коржыча; супраць усталявання кіёскаў гандлёвай сеткі «Табакерка» у Мінску; за выкарыстанне беларускай мовы пры інфармаванні аб таварах і паслугах і іншыя.

Заснавальнік і адміністратар тэлеграм-канала «МотолькоПомоги», які знаходзіцца на 11 месцы па колькасці падпісчыкаў сярод усіх беларускіх каналаў. Па стану на 21 сакавіка 2021 года на канал падпісаны каля 140 тысяч чалавек. Першапачаткова канал ладзіўся для асвятлення праблем добраўпарадкавання ў гарадах Беларусі. Летам 2020 года ў канале пачалі пераважаць паведамленні пра палітычныя падзеі. Найбольшая колькасць публікацый (каля 1,5 тысяч у месяц) прыйшлося на перыяд са жніўня па лістапад 2020 года, калі ў Беларусі праходзілі буйныя акцыі пратэсту. Менавіта гэта і зрабіла канал папулярным: па стане на чэрвень 2020 года тут было толькі 9 тысяч падпісчыкаў, а ў лістападзе 2020 года іх было ўжо больш за 127 тысяч, колькасць штомесячных праглядаў узрасла за адпаведны перыяд больш чым у 50 разоў да 103 млн праглядаў.

У сакавіку 2021 года Следчы камітэт па горадзе Мінску ўзбудзіў супраць Антона Матолькі крымінальную справу па артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў), па ч. 1 арт. 361-1 (утварэнне экстрэмісцкага фарміравання), па ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Таксама паведамляецца, што блогер мае дачыненне да злачынстваў па арт. 293 (масавыя беспарадкі) і па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Як паведамляецца, азначаныя дзеянні ён здзейсніў з ужываннем тэлеграм-канала[6].

Тэлеграм-канал Антона Матолькі быў прызнаны экстрэмісцскім па пастанове суда Партызанскага раёна Мінска ад 23 сакавіка 2021 года[7]. 17 сакавіка 2022 года канал Матолькі быў аб’яўлены экстрэмісцкім фарміраваннем па рашэнні МУС Беларусі[8]. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць[9].

З 2020 года жыве ў Польшчы.

Зноскі

  1. Архіў сайта antonmotolko.com
  2. Затрыманні 6 ліпеня 2011 года
  3. Блогер прайграў суд БТ Архівавана 26 лістапада 2020.
  4. Інтэрв’ю арганізатараў канцэрта на Дзень Волі Архівавана 25 сакавіка 2021.
  5. Збор грошаў на святкаванне 100 год абвяшчэння БНР Архівавана 6 сакавіка 2022.
  6. Узбуджана крымінальная справа супраць Антона Матолька
  7. Тэлеграм-канал блогера апынуўся ў спісе экстрэмісцскіх матэрыялаў Архівавана 29 сакавіка 2021.
  8. Тэлеграм-канал Матолькі — цяпер экстрэмісцкае фарміраванне (нявызн.). Новы Час (17 сакавіка 2022). Праверана 26 сакавіка 2022.
  9. БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова (нявызн.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 лістапада 2021). Праверана 22 снежня 2021.
Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Катэгорыя·Фатографы Беларусі
Катэгорыя·Пратэсты 2020 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Пратэсты 2021 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Блогеры Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі БДАС
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1988 годзе