wd wp Пошук:

Хаяо Міядзакі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Міядзакі.

Хаяо Міядзакі (яп.: 宮崎 駿, Miyazaki Hayao; нар. 5 студзеня 1941, Токіа) — адзін з найвядомейшых стваральнікаў анімэ (японскіх мультфільмаў) і коміксаў манга. Адзін з самых паважаных рэжысёраў у гісторыі анімацыі.

Хоць Міядзакі быў збольшага невядомы шырокаму колу гледачоў на захадзе да 1999 года, калі Miramax выпусціла яго стужку «Прынцэса Мананокэ», яго фільмы былі ўжо вельмі папулярнымі ў Японіі і Усходняй Азіі. Мультфільм «Унесеныя духамі» — рэкардсмен усіх часоў па касавых зборах у Японіі; «Прынцэса Мананокэ» мела гэты тытул раней, да выхаду фільма «Тытанік».

Фільмы Міядзакі прысвечаны тэмам адносін чалавека да прыроды і тэхналогій. Галоўныя героі фільмаў часта самастойныя, моцныя дзяўчыны ці маладыя жанчыны; антыгероі — трохі гратэскныя злачынцы з адмоўнымі маральнымі характарыстыкамі.

Мультфільм «Унесеныя духамі» сёння займае першае месца ў рэйтынгу найлепшых анімацыйных фільмаў па версіі IMDB. Мультфільм «Мой сусед Тотара» ўзначальвае рэйтынг 50 найлепшых мультфільмаў па спісу Тэры Гіліама, які ён склаў для лонданскага часопіса TimeOut[1].

Біяграфія

Хаяо Міядзакі, другі з чатырох братоў, нарадзіўся ў мястэчку Акебона-цё, частцы такійскай акругі Бункё-ку. Падчас Другой Сусветнай вайны яго бацька Кацудзі Міядзакі быў дырэктарам належачага яго дзядзьку заводу, які вырабляў дэталі для баявых самалётаў Zero. З тых часоў Хаяо моцна захапляецца авіяцыяй, палёт, фантастычныя лятаючыя апараты прысутнічаюць амаль у кожнай яго стужцы.

У дзяцінстве Міядзакі даводзілася часта пераязджаць, часткова таму, што яго маці праходзіла лячэнне на спінны туберкулёз з 1947 па 1955 год. У міядзакаўскім фільме «Мой сусед Тотара» паказваецца сям’я, дзе маці пакутуе на падобную хваробу.

Прыкладна ў 1956 годзе Міядзакі паступіў у школу Татаёма. На трэцім годзе навучання, ён пабачыў фільм «Гакудзя Дэн», які лічыцца адным з першых поўнаметражных каляровых анімэ, і вельмі зацікавіўся анімацыяй.

Пасля вышэйшае школы Міядзакі наведваў Універсітэт Гакусюін, які скончыў у 1963 годзе ў спецыялізацыях паліталогія і эканоміка.

У красавіку 1963 года Міядзакі ўладкаваўся на працу ў анімацыйную студыю Toei Animation, працуе ў складзе каманды мастакоў над мультфільмам «Вартавы сабака Гаў-гаў» (Wanwan Chushingura). У 1964 годе Міядзакі робіцца галоўным сакратаром прафесійнага саюза ў сваёй кампаніі.

У кастрычніку 1965 годзе Хаяо Міядзакі ажаніўся са сваёй сяброўкай Акемі Ота, ад якой ён мае двух сыноў, Гаро і Кеісуке. Гаро сам стаў стваральнікам анімэ, а Кеісуке — мастаком па дрэве.

У 1971 годзе вырашае разам з сябрамі экранізаваць казачную аповесць Астрыд Ліндгрэн «Пэпі Доўгая Панчоха», для чаго нават стварае анімацыйную студыю, але праца не была распачата з-за нязгоды ўладальнікаў аўтарскіх правоў. Міядзакі зноў уладкоўваецца аніматарам у вялікую студыю. Але ён не хоча развітвацца з няўдалым праектам і ў пэўным сэнсе выконвае яго. Удзельнічае ў працы над мультфільмам «Вялікая панда і маленькая панда» (1982, рэжысёр Ісаё Такахата), галоўная гераіня якога робіцца вельмі падобнай да персанажу Пэпі Доўгая Панчоха.

Да 1982 года Міядзакі працуе ў студыях Nippon Animation і TMS. На апошняй з іх ён стварае свой адзіны мультсерыял «Конан — хлопчык з будучыні», а на Nippon Animation — свой першы поўнаметражны мультфільм — Замак Кагліостра (Люпен трэці).

У 1982 годзе Міядзакі адыходзіць ад анімацыі і засяроджваецца на манга-праекце «Наўсікая з Даліны вятроў». Пазней сюжэтам зацікавілася студыя Tokuma Shoten, якая прапанавала Міядзакі экранізаваць яго. Так у 1984 годзе выходзіць поўнаметражны мультфільм «Наўсікая з Даліны вятроў», які мае поспех.

У 1985 годзе Міядзакі стварае сваю ўласную студыю Ghibli пры падтрымцы Tokuma Shoten. На Ghibli выдае свае найбольш вядомыя стужкі («Нябесны замак Лапута», «Мой сусед Тотара», «Прынцэса Мананокэ» і інш).

Міядзакі вельмі рэдка дае інтэрв’ю, не любіць з’яўляцца на публіцы. Так, ён не паехаў на Берлінскі кінафестываль і нават на цырымонію ўручэння прэміі Оскар, якая была прысуджана яму за мультфільм «Унесеныя духамі». Але ў 2005 годзе наведаў Венецыянскі кінафестываль — праўда, без вялікай ахвоты, дзякуючы настойлівасці мясцовай адміністрацыі. Нягледзячы на гэта, Міядзакі шмат падарожнічае па Японіі і па розных краінах, дзе вывучае прыроду, шукае натуру для сваіх будучых твораў, разглядвае выдатныя мясціны. Ён сам прызнаецца, што многія краявіды з мультфільма «Блукаючы замак Хаула» былі навеяны яму прыродай Казахстана і Эльзаса.

Сярод сваіх настаўнікаў называе савецкага і расійскага рэжысёра мультыплікацыі Юрыя Нарштэйна.

Фільмаграфія

Рэжысёр і сцэнарыст

Сцэнарыст

Зноскі

  1. http://www.timeout.ru/journal/feature/6906/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Мультыплікатары паводле алфавіта
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «Оскар»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1941 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Токіа
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Рэжысёры Японіі
Катэгорыя·Сцэнарысты Японіі
Катэгорыя·Мультыплікатары Японіі
Катэгорыя·Мангакі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Мастакі-мультыплікатары