wd wp Пошук:

Каложскі дабравест

«Кало́жскі дабраве́ст» — міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў, які штолюты ладзіцца ў Гродне з 2002 года.

Суарганізатарамі фестывалю выступаюць Гродзенская епархія і Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт пры адначасным дафінансаванні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрыццё і закрыццё прымае Гродзенскі абласны драматычны тэатр[1]. Папярэдне ў студзені праводзіцца адборачнае праслухоўванне хароў Гродзенскай епархіі. Конкурснае праслухоўванне з удзелам замежных хароў прымае сабор Пакрова Багародзіцы[2].

Лік удзельнікаў абмяжоўвалі 45 харамі. Працягласць выступу мела складаць да 20 хвілін для дарослых і да 15 хвілін для дзіцячых хароў. Песняспевы мелі ўключаць: 1) духоўныя творы беларускіх кампазітараў; 2) творы Аляксандра Архангельскага, Сяргея Рахманінава, Пятра Чайкоўскага і Паўла Часнакова (рамантычны перыяд); 3) партэсныя спевы Дзмітрыя Бартнянскага, Максіма Беразоўскага і Сцяпана Дзегцярова (харавая класіка); 4) хатнія спевы; 5) распеў не ў гарманізацыі — балгарскі, грэчаскі, знакавы, кіеўскі або хатні[3].

Намінацыі

На 2021 год на «Каложскім дабравесце» прысуджалі ўзнагароды ў 8 намінацыях:

Журы

На 2021 год міжнароднае журы «Каложскага дабравесту» з 10 асоб ад пачатку ўзначальваў клірык сабору Пакрова Багародзіцы Андрэй Бандарэнка. У склад журы ўваходзіў старшыня аргкамітэта фестывалю Анатоль Ненартовіч, які ўзначальваў царкву Сабору ўсіх беларускіх святых, а таксама музыказнаўцы і святары з 6 краін Еўропы: Латвіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Францыі[5].

Гісторыя

У 2002 годзе ў Гродне прайшоў 1-ы фестываль «Каложскi дабравест», прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. У лютым 2008 года 7-ы абласны фестываль праваслаўных песняспеваў, які ў той год атрымаў назву «Каложскі дабравест», сабраў 39 царкоўных і свецкіх хароў з 6 краін Еўропы — Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Сербіі. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі 4-х краін. Нязменным старшынёй журы быў святар і кампазітар Андрэй Бандарэнка. Пасля дня Божага Нараджэння цягам калядных святаў журы адбірала ўдзельнікаў фестывалю сярод усіх царкоўнапрыходскіх хароў Гродзенскай вобласці. Свецкія хоры дасылалі заяўкі на ўдзел самі. У межах «Каложскага дабравесту» ладзілі навуковую канферэнцыю з удзелам спецыялістаў Мікалай Шыманскага з Мінска і Мікалая Дзянісава з Масквы. Працягласць фестывалю павялічылі да 4-х дзён за кошт урачыстага адкрыцця з гала-канцэртам. Пастаяннымі членамі журы былі начальнікі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка і кіраўнік Гайнаўскага фестывалю на Падляшшы пратаярэй Міхаіл Нігярэвіч. Членам аргкамітэта фестывалю быў начальнік аддзела ў справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў. З Літвы прыехаў хор Клайпедскага дабрачыння «Іверская свечка» пры Свята-Мікалаеўскай царкве ў Цельшах. З Сербіі — хор Дзбюрдава. У рамках фестывалю ў Гарадской выставачнай зале Гродна правялі фотавыставу «Праваслаўны храмы Гродзеншчыны». Гала-канцэрт закрыцця прайшоў з аншлагам. Спаборніцтва праходзіла ў намінацыях сярод хароў святароў і духоўных школ, царкоўных ансамбляў Гродзенскай епархіі, дзіцячых царкоўных калектываў, а таксама свецкіх аматарскіх асобна для дарослых і дзіцяча-юнацкіх. Пераможцаў узнагароджвалі тэлевізарамі, магнітафонамі і прагравальнікамі лічбавых відэадыскаў. Галоўную ўзнагароду атрымаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага, які выканаў творы беларускіх кампазітараў Аляксея Туранкова, Мікалая Шчаглова, Андрэй Бандарэнкі і Мікалая Бутомы[6].

8—21 лютага 2009 года на 8-ы фестываль «Каложскі дабравест» завіталі звыш 40 хароў з суседніх Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Ад Беларусі выступілі хор тэалагічнага факультэта БДУ, прыходскія хоры епархій Беларусі і хоры з Брэста, Оршы і Гомлю. У склад журы ўвайшлі іерэй Андрэй Бандарэнка, народны артыст Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Міжнароднага харавога фестывалю ў Эстоніі Валерый Пятроў, сакратар Саюза кампазітараў Украіны Іван Тараненка і расійскі кампазітар Мікалай Дзянісаў. Заключны гала-канцэрт у зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра прайшоў з аншлагам. Узнагароды атрымалі хоры з Гродна, Калініграда і Луцка (Валынская вобласць)[7].

10—13 лютага 2010 года ў 9-м фестывалі «Каложскі дабравест» удзельнічалі 39 хароў з Беларусі і суседніх Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Упершыню завіталі жаночы ансамбль манастыра святога Герарда ў Ерэване (Арменія) і хор «Бранка» сабора ў Нішы (Сербія). На канцэртах фестывалю выступілі Дзяржаўны камерны хор Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча і хор святароў Гродзенскай епархіі пад кіраўніцтвам Андрэя Бандарэнкі[8]. Галоўную ўзнагароду атрымаў хор манастыра святога Герарда пад кіраўніцтвам Мгера Наваяна[9].

16—19 лютага 2011 года адбыўся 10-ы фестываль «Каложскі дабравест», які адкрываў Міхась Дрынеўскі[10]. У 2011 годзе фестываль атрымаў званне міжнароднага ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У лютым 2012 года 11-ы фестываль сабраў 45 хароў з 8 краін Еўропы — Беларусі, Грэцыі (упершыню), Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Украіны. Узнагароды прысудзілі ў 3-х ступенях па 9 намінацыях. Галоўную ўзнагароду атрымаў дзіцячы хор «Натхненне» музычна-харавой школы № 106 у Маскве (Расія), якім кіравала Вольга Скварцова[11]. Пераможцаў уганаравалі бронзавай статуэткай у выглядзе сімвала фестывалю, выкананай скульптарам Уладзімірам Панцялеевым. Спадарожна праводзіліся вечары паэзіі, выставы і кіналекторыі[12]. Фестываль «Каложскі дабравест» фінансавалі Гродзенскі аблвыканкам і Гродзенская епархія[13].

27 лютага — 2 сакавіка 2013 года прайшоў 12-ы «Каложскі дабравест». Папярэдне ў студзені падчас калядных святаў зладзілі адбор сярод прыходскіх хароў Гродзенскай епархіі. З-за мяжу да ўдзелу запрасілі хары з 7 краін Еўропы — Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Францыі. Агулам у фестывалі ўдзельнічала 45 хароў. Пераважна выконваліся творы беларускіх аўтараў і мясцовых напеваў, а таксама знакавы, шляхавы, хатні, кіеўскі, балгарскі і грэчаскі распеў, як і штодзённы песняспеў. Спадарожна праводзіліся: выстаўка з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, кіналекторый, мастацкія выставы ў Гродзенскай выставачнай залі і музеі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, а таксама фотавыстава «Праваслаўны свет». 28 лютага ладзілі канцэрт студэнцкага хору Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі (Расія), а 1 сакавіка — Архірэйскага хору сабору Аляксандра Неўскага ў Парыжы (Францыя) і хору спеўных стараверскіх прыходаў Сібіры[14].

19—22 лютага 2014 года адбыўся 13-ы «Каложскi дабравест»[15]. У фестывалі прынялі ўдзел 37 хароў з 6 краін[16]. Адкрыццё і закрыццё правялі ў Гродзенскім абласным драмтэатры, а спаборнае праслухоўванне — у саборы Пакрова Багародзіцы. 20—21 лютага ў Гродзенскім музычным каледжы і Новым замку ладзілі канцэрты хароў з Арменіі, Расіі і Украіны. У спаборніцтве ўдзелічалі 4 хары з Расіі, 3 з Польшчы, 2 з Украіны і па 1 з Арменіі і Румыніі[17]. На адкрыцці выступіў студэнцкі хор Маскоўскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам Станіслава Калініна. Ладзіліся фотавыстава «Нашыя храмы» фотаклуба «Гродна», асабістая фотавыстава Уладзіміра Лябецкага «Праваслаўная Сербія вачыма беларусаў» і выстаўка абразоў Міколы Цудатворцы ў Гродзенскім музеі рэлігіі. У закрыцці ўзяў удзел беларускі экзарх Павел[18]. Таксама ладзілі кінапаказы фільмаў «Вялікі пост» і «Ікона». У межах фестывалю прадставілі кнігу Ларысы Густавай «Царкоўны спевы. Беларуская спеўная культура праваслаўнай традыцыі»[19]. Сярод іншага выступілі мужчынскі хор стараабрадніцкага сабора Пакрова Багародзіцы ў Маскве і жаночы хор «Аватамк» царквы Рыгора Асветніка Эміядзінскага манастыра (Арменія)[20]. Галоўную ўзнагароду атрымаў студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі (Рэспубліка Татарстан, Расія).

11—14 лютага 2015 года «Каложскі дабравест» сабраў 20 хароў з Беларусі і яшчэ 20 з 6 іншых краін Еўропы — Літвы, Малдовы (упершыню, свецкі і царкоўны), Польшчы, Расіі, Румыніі і Украіны. Сярод іншых запрасілі студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і хор «За веру і айчыну» інжынерных войскаў Расіі. 8—12 студзеня праводзілі адборачнае праслухоўванне хароў Гродзенскай епархіі ў Свіслачы, Росі (Ваўкавыскі раён), Мастах і Азёрах (Гродзенскі раён). Спадарожна ў Каложскай царкве Барыса і Глеба праходзіла выстаўка сучасных абразоў з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Таксама прадставілі альбом Алёны Шацько «Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі». У склад журы ўвайшлі выкладнікі і святары Беларусі, Расіі, Румыніі і Францыі. Пераможцаў вызначалі ў 8 намінацыях[21].

25—27 лютага 2016 года на 15-ы «Каложскі дабравест» завіталі 35 хароў з Арменіі, Беларусі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана (упершыню) і Францыі. З Ташкента прыехаў хор сабора Успення Багародзіцы[22]. 6—11 лютага 2017 года на 16-м фестывалі выступіла 38 хароў з 7 краін[23] — Арменіі, Беларусі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Украіны[24]. Спадарожна ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці прайшла выстаўка графікі, керамікі і жывапісу «Прыгажосць Боскага свету», якую ладзіў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Прамень» Кастрычніцкага раёна Гродна[25]. Галоўную ўзнагароду атрымаў Акадэмічны хор Расійскай акадэміі музыкі з Масквы пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Анегіна. Таксама лаўрэатамі сталі 9 хароў Гродзенскай вобласці[26]. У Сеціве спевы хароў паглядзела звыш 5000 чалавек[27].

7—10 лютага 2018 года на 17-ы «Каложскі дабравест» завіталі 35 хароў з 8 краін — Беларусі, Македоніі (упершыню), Польшчы, Расіі, Румыніі, Узбекістана, Украіны і Чарнагорыі (упершыню). Сярод іншага выступіла 10 дзіцячых хароў[28]. 20—23 лютага 2019 года ў 18-м фестывалі ўзялі ўдзел звыш 40 хароў з 8 краін — Беларусі, Латвіі (упершыню), Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі і Украіны[29]. На адкрыцці выступіла Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы[30]. Перамогу на спаборніцтве здабыў Усіхсвяцкі хор Храма ўсіх святых у Мінску[31].

19—22 лютага 2020 года 19-ы фестываль сабраў 37 хароў з 11 краін, у тым ліку ўпершыню з Нідэрландаў, Фінляндыі і Эстоніі. У папярэднім адборы ўзялі ўдзел звыш 800 хароў[32]. Кіраўніцай фестывалю выступіла Наталля Гаплінчык[33]. Сярод іншага ў межах фестывалю святар Павел Каспяровіч прадставіў зборнік беларускай паэзіі «Каложскі дабравест» пад рэдакцыяй Анатоля Брусевіча. Зборнік уключыў вершы 9 паэтак і паэтаў, у тым ліку такіх як Данута Бічэль, Юрка Голуб, Андрэй Мельнікаў, Ала Нікіпорчык, Рычард Белячыц, Аліна Паўлоўская і манах Ян Бембель пад псеўданімам Зніч[34].

Галоўная ўзнагарода

ГодХорКраіна
202019
201918Хор Храма ўсіх святых (Мінск) Беларусь
201817
201716Акадэмічны хор Расійскай акадэміі музыкі (Масква) Расія
201615
201514
201413Студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі (Татарстан) Расія
201312
201211«Натхненне» музычна-харавой школы № 106 (Масква) Расія
201110
20109Хор манастыра святога Герарда (Ерэван) Арменія
20098
20087Народны хор імя Цітовіча Беларусь
20076
20065
20054
20043
20032
20021

Зноскі

  1. У Гародні — апошні дзень XIV фестывалю «Каложскі дабравест»(нявызн.), Радыё «Рацыя» (люты 2015). Праверана 6 студзеня 2021.
  2. Якуб Сушчынскі. «Каложскі дабравест» адбудзецца ў Гародні(нявызн.), Радыё «Рацыя» (люты 2020). Праверана 6 студзеня 2021.
  3. Палажэнне аб міжнародным фестывалі «Каложскі дабравест»(руск.) , Гродзенская епархія (17 чэрвеня 2019). Праверана 6 студзеня 2021.
  4. Гісторыя фестывалю «Каложскі дабравест»(руск.) , Гродзенская епархія (2021). Праверана 6 студзеня 2021.
  5. Міжнароднае журы фестывалю «Каложскі дабравест»(руск.) , Гродзенская епархія (6 верасня 2019). Праверана 6 студзеня 2021.
  6. Надзея Бунцэвіч. «Каложскi дабравест»: курс на Усход і на Захад // Культура : газета. — 15 сакавіка 2008. — № 11 (829).
  7. Аляксандра Дубравіна. Склікае Каложа // Культура. — 28 лютага 2009. — № 9 (877).
  8. Песню пяе Каложа // Культура. — 13 лютага 2010. — № 7 (927).
  9. Хор манастыра Герарда атрымаў Гран-пры на фестывалі духоўнай музыкі ў Беларусі(руск.) , Вікінавіны (19 лютага 2010). Праверана 5 студзеня 2021.
  10. Надзея Бунцэвіч. Метрыка для песні // Культура. — 12 лютага 2011. — № 7 (979).
  11. Дар’я Чаркес. «Натхненне» на «Дабравесце» // Культура. — 10 сакавіка 2012. — № 10 (1033).
  12. Алена Стасюкевіч. Уладальнікам Гран-пры «Каложскага дабравеста» стаў дзіцячы хор з Масквы(нявызн.), Беларускае тэлеграфнае агенцтва (27 лютага 2012). Праверана 6 студзеня 2021.
  13. Яўген Рагін. У грыбы на бібліёбусе // Культура. — 12 студзеня 2013. — № 2 (1076).
  14. Алена Стасюкевіч. Фестываль праваслаўных песняспеваў «Каложскі дабравест» збярэ ў Гродне калектывы з 8 краін(нявызн.), БелТА (13 лютага 2013). Праверана 6 студзеня 2021.
  15. Коратка // Звязда : газета. — 13 снежня 2013. — № 235 (27600). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  16. Сёння стартуе міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў «Каложскі дабравест»(нявызн.), Белтэлерадыёкампанія (19 лютага 2014). Праверана 6 студзеня 2021.
  17. У XIII Міжнародным фестывальывалі праваслаўных песняспеваў прымуць удзел калектывы з шасці краін(нявызн.), Газета «Звязда» (6 лютага 2014). Праверана 6 студзеня 2021.
  18. Аляксандр Саенка. У Гродне ўрачыста адкрыўся XIII Міжнародны фестываль праваслаўных спеваў «Каложскі звон»(нявызн.), БелаПАН (20 лютага 2014). Праверана 6 студзеня 2021.
  19. Барыс Пракопчык. Песняспевы «Каложскага дабравеста» // Звязда. — 18 лютага 2014. — № 30 (27640). — С. 5.
  20. На «Каложскім дабравесце» выступілі хоры стараабраднікаў і Армянскай царквы(нявызн.), Газета «Новы час» (23 лютага 2014). Праверана 6 студзеня 2021.
  21. Тацяна Вішнеўская. Фестываль праваслаўных песняспеваў «Каложскі дабравест» адбудзецца 11-14 лютага ў Гродне(нявызн.), БелТА (6 студзеня 2015). Праверана 6 студзеня 2021.
  22. Тэлеканал «Беларусь 1». У Гродне адкрыўся міжнародны фестываль праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест»(нявызн.), Белтэлерадыёкампанія (25 лютага 2016). Праверана 6 студзеня 2021.
  23. Таццяна Вішнеўская. Фестываль «Каложскі дабравест» праходзіць у Гродне(нявызн.), БелТА (9 лютага 2017). Праверана 6 студзеня 2021.
  24. Тэлеканал «Беларусь 1». Дайджэст навін рэгіёнаў(нявызн.), Белтэлерадыёкампанія (11 лютага 2017). Праверана 6 студзеня 2021.
  25. Яўген Рагін. Пра краязнаўчы факультатыў, маладзёжную сталіцу і «Святкі.by» // Культура. — 4 лютага 2017. — № 5 (1288).
  26. Мікалай Шаўчэнка. Пра «Скарбніцу Падняпроўя», ДК на колах і нішчымны пірог // Культура. — 18 лютага 2017. — № 5 (1290).
  27. Якуб Сушчынскі. «Каложскі дабравест – 2017»(нявызн.), Радыё «Рацыя» (люты 2017). Праверана 6 студзеня 2021.
  28. «Каложскі дабравест» сабраў у Гродне калектывы з 8 краін(нявызн.), БелТА (9 лютага 2018). Праверана 6 студзеня 2021.
  29. Яўген Рагін. Нам, царам, бяз юшкі аніяк // Культура. — 16 лютага 2019. — № 7 (1394).
  30. Леанід Шчаглоў. XVIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі дабравест» адкрыўся ў Гродне(нявызн.), БелТА (20 лютага 2018). Праверана 6 студзеня 2021.
  31. Вікторыя Захарава. Усе хары ў госці да нас // Ігуменскі тракт. — 4 лютага 2020. — № 2 (245).
  32. Ала Бялькевіч. «Каложскі дабравест»: музыка па-за часам // Культура. — 25 студзеня 2020. — № 4 (1443).
  33. Фестываль «Каложскі дабравест» у Гродне будзе рэкордным па колькасці краін-удзельніц(нявызн.), БелТА (14 лютага 2018). Праверана 6 студзеня 2021.
  34. Якуб Сушчынскі. Новы зборнік беларускай паэзіі «Каложскі дабравест»(нявызн.), Радыё «Рацыя» (люты 2020). Праверана 6 студзеня 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Фестывалі паводле алфавіта
Катэгорыя·Беларускія хрысціянскія фестывалі
Катэгорыя·Культура Гродна
Катэгорыя·З’явіліся ў 2002 годзе
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Падзеі лютага
Катэгорыя·Гродзенская і Ваўкавыская епархія
Катэгорыя·Рэлігія ў Гродне