wd wp Пошук:

Юрка Голуб

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Голуб. Юрка (Юрый Уладзіміравіч) Голуб (20 кастрычніка 1947, в. Горна, Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць — 12 кастрычніка 2020, Гродна) — беларускі празаік, паэт, журналіст.

Біяграфічныя звесткі

Радзіма паэта — вёска Горна Зэльвенскага раёна. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Выпускнік Зэльвенскай СШ.

Закончыў філфак БДУ (1970). Пазней ён так узгадваў пра часы вучобы на філфаку. «Калі я быў студэнтам, я не надаваў гэтаму асаблівай увагі. Потым, на адлегласці, калі набываўся жыццёвы досвед, БДУ ўбачыўся ў больш прывабным святле. Я проста ўдзячны лёсу, што трапіў у тое ўніверсітэцкае асяроддзе. У той час, у 1960-я гады, гэта быў адзіны ўніверсітэт у Беларусі, і гэта надавала гонару кожнаму з нас, у тым ліку маім сябрам па паэтычным цэху».

З 1970 года жыў у Гародні. З 1978 года — загадчык аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда»[1]. Выдаў некалькі нумароў часопіса «Галасы»[2], куды ўключаліся творы з літаратурнай старонкі абласной газеты. З 1979 года — загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё, вядучы тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная».

Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1971 года. 10 гадоў узначальваў Гродзенскую абласную арганізацыю Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.

Памёр 12 кастрычніка 2020 года ў Гродне[3][4].

Творчасць

Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963 годзе, у рэспубліканскім — у 1965 годзе.

Як адзначае А. М. Пяткевіч, «вершам паэта ўласціва вострае адчуванне драматызму сучаснасці, шчодрасць душэўнага самавыяўлення, валоданне сваім творчым голасам, непаўторнай манерай пісьма, якая вызначаецца лаканічнасцю, багатай асацыятыўнасцю, яркай метафарычнасцю, натуральнасцю рытміка-інтанацыйнага прамаўлення».

Месца гарадзенскага паэта ў нашай сучаснай літаратуры своеасаблівае, адметнае. Так, яно параўнальна сціплае ў шэрагу тых выбітных творцаў ягонага пакалення, што заявілі пра сябе гучна, ярка, з-за характару таленту і не ў апошнюю чаргу з-за чалавечай сціпласці.

Выдаў зборнікі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Векапомнае поле» (1976), «Помню пра цябе» (1983), «Сын небасхілу» (1989), «Поруч з дажджом» (2001), «Зажураны камень. Трыялеты» (2002), «Брама зімы» (2004) і «Багра» (2006).

«Зажураны камень» — першы і пакуль адзіны ў беларускім пісьменстве паэтычны зборнік, які цалкам складзены з вершаў класічнага жанру — трыялетаў. Гэтая кніга паўстала пад уплывам Максіма Багдановіча, чыя творчасць заўсёды вабіла гарадзенскага паэта, пра што ён сам піша ў невялікай трохабзацавай прадмове: «Няма прычыны хавацца, што зборнік з розных гадоў у адной вершаванай раме — трыялеце — з’явіўся пад уладным заклікам Максіма Багдановіча… Выбіраю для сябе рызыкоўную спробу: адчыніць даўнейшую ваконную раму трыялета ўласным дотыкам». Гэтая спроба ператварылася ў цікавую карціну, што ўбачана за вакном, у дарозе і ў бездаражы, у бязмежнай далечы, у сённяшнім і мінулым. Што напоўнена любоўю і пяшчотай, трывогай і клопатам, мілым гумарам і журбой.

У вершах Юркі Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчырасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры.

Вершы Юркі Голуба перакладзены на літоўскую (Е. Марцінкевічам), рускую (В. Шленскім, В. Чэкіным, І. Бурсавым, Н. Кіслікам, Л. Хауставым, Б. Пчалінцавым, І. Сяргеевым), украінскую (Л. Танюком, Р. Кочурам, Я. Брынцавым, С. Літвіным, М. Сінгаіўскім), польскую мовы (Я. Леанчуком). На польскай мове у перакладзе Яна Леанчука ў 2006 годзе выйшла кніга «З-над Нёманскіх старон».

Аўтар кнігі для дзяцей «У бары грыбы бяры» (1986). Выступаў як празаік, перакладчык.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Гродзенская праўда
  2. https://uzv.by/novyi-vyipusk-chasopisa-galasyi/ Архівавана 13 жніўня 2019.
  3. Памёр Юрка Голуб
  4. Памёр Юрка Голуб // nashaniva 13 кастрычніка 2020

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова
Катэгорыя·Памерлі 12 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Зэльвенскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 кастрычніка
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 2020 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1947 годзе
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Гродне
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў