За тысячы гадоў да прыбыцця еўрапейцаў тая зямля, якая цяпер завецца Канадай, была заселена першабытнымі людзьмі, што пазней сталі знаёмыя нам пад імёнамі эскімосаў і паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У XVI-XVII ст. англійскія і французскія мараплаўцы даследвалі ўзбярэжжа Канады, падарожнікі і траперы пранікалі ў яе ўнутраныя раёны, а каланісты стваралі пасяленні. У сярэдзіне XVIIІ ст. Францыя страціла ўсе свае паўночнаамерыканскія калоніі і Брытанія стала адзінаўладным гаспадаром. У 1867 годзе Канада ў складзе 4-х правінцый стала брытанскім дамініёнам. У 1931 Вэстмінстэрскі статут значна пашырыў яе аўтаномію. У 1982 Акт аб Канадзе дэнансаваў апошнія лёскі залежнасці. Самі ; канадцы гавораць, што ў іх зашмат геаграфіі і замала гісторыі.
Асноўны артыкул: Карэннае насельніцтва Канады Археалагічныя і генетычныя даследванні карэнных народаў падцвердзілі прысутнасць чалавека на поўначы Юкана прыкладна 26 500 гадоў назад, і ў паўднёвай правінцыі Антарыа 9500 гадоў назад[1][2][3]. Археалагічныя аб’екты Олд Кроў Фэлтс і Блуфіш - два найбольш раннія археалагічныя помнікі чалавечага (палеаіндзейскага) жылля ў Канадзе[4][5][6] .
Сярод індзейцаў Канады ёсць восем унікальных міфаў аб стварэнні свету і адаптацый гэтых міфаў. Гэта міфы аб зямлі, аб сусветным бацьку, аб з’яўленні, аб разбоі, аб адраджэнні нябожчыка, аб двух стваральніках і іх спаборніцтве, а таксама міф аб братах[7]. Культуры канадскіх абарыгенаў уключалі ў сябе аселыя ці гарадскія паселішчы, вясковую гаспадарку, грамадскія і гістарычныя помнікі архітэктуры і складаную сацыяльную іерархію[8]. Некаторыя з гэтых цывілізацый зніклі яшчэ да з’яўлення першых еўрапейскіх паселішчаў (канец XV — пачатак XVI), і былі знойдзеныя ў працэсе археалагічных даследванняў.
Карэннае насельніцтва, паводле ацэнак, складала ад 200 тысяч да 2 мільёнаў людзей у канцы 1400 года[9], у цяперашні час Каралеўскай камісіяй Канады па ахове здароўя карэннага насельніцтва прынята лічба ў 500 тысяч чалавек[10]. Эпідэміі еўрапейскіх інфекцыйных захворванняў (грып, адзёр, воспа), да якіх індзейцы не мелі імунітэту, у спалучэнні з іншымі эфектамі кантактаў з еўрапейцамі, у выніку прывялі да вымірання ад 40% да 80% карэннага насельніцтва[11].
Карэнныя народы Канады уключаюць індзейцаў[12], эскімосаў[13] і метысаў[14]. Культура метысаў узнікла з сярэдзіны XVII-га стагоддзя, калі індзейцы і інуіты змешваліся з еўрапейскімі каланістамі[15]. Інуіты найчасцей абмяжоўвалі кантакты з еўрапейцамі цягам ранняга перыяда[16].
Асноўныя артыкулы: Гісторыя Новай Францыі, Французская каналізацыя Амерыкі і Гісторыя Квебека
Першымі еўрапейцамі на зямлі Канады сталі нарвежскія вікінгі, якія пасяліліся ў Л’Анс-о-Медаўз на Ньюфаўндлендзе каля 1000 года[17][18]. Пастаянныя сутычкі з негасціннымі індзейцамі вымусілі нарманаў хутка развітацца з новай калоніяй і да канца ХV cт вядомых нам экспедыцый у Амерыку не было. Чаканне ў 5 стагоддзяў было вартым наступнага імклівага ходу геаграфічных адкрыццяў. У 1497 годзе італьянскі мараплавец на англійскай службе Джавані Кабота (Джон Кабат) дасягнуў атлантычнага ўзбярэжжа Канады (Ньюфаундленд) і нанёс яго на карту.[19]. У 1498 годзе партугалец Жаау Лаўрадор (João Fernandes Lavrador) адкрыў (ці, каб не крыўдзіць скандынаваў, пераадкрыў) берагі паўвострава, пазней названага яго тытулам (парт.“землеўладальнік”). Паміж 1498 і 1521 гадамі баскскія і партугальскія маракі асвоілі ўзбярэжжа ўсходняй Канады і заснавалі аселыя кітабойныя і рыбацкія паселішчы.[20]. У 1524 годзе усходнія берагі Канады даследвала экспедыцыя фларэнтыйскага мараплаўца Джавані да Верацана, які знаходзіўся на службе ў французскага караля. У 1534 годзе французскі даследчык Жак Карцье даследуе заліў Святога Лаўрэнція і на паўвостраве Гаспэ ўсталёўвае 10-метровы крыж са словамі “доўгія гады каралю Францыі”, такім чынам аслупоўваючы гэтую зямлю, названую ім Новай Францыяй, за сваёй радзімай. Трэба адзначыць, што пасяленні ХVІ ст. існавалі нядоўга: бедная паўночная прырода не пасылала багатага ўмалоту, а трывалыя сувязі з Еўропай не ўсталяваліся.
У 1583 годзе сэр Хэмфры Гільберт згодна з прэрагатывай каралевы Лізаветы І засноўвае пасяленне Сент-Джонс на востраве Ньюфаундленд — першую брытанскую калонію ў Канадзе (раней чым у ЗША!). У 1603 годзе пачынаецца канадская старонка біяграфіі французскага падарожніка Самюэля Шамплейна, які ў 1605 засноўвае Порт-Раял (Новая Шатландыя), а ў 1608 — Квебек. Спачатку французская каланізацыя распаўсюджвалася на Акадыю (вобласць паўвострава Новая Шатландыя і сучаснага Нью-Брансуіка), з цягам часу каланісты прасунуліся да вярхоўяў Святога Лаўрэнція, ажно да Вялікіх азёр.
У 1812 Канада стала галоўнай арэнай ваенных дзеянняў англа-амерыканскай вайны. Мірны дагавор 1815 закрыў палітычныя амбіцыі ЗША па авалоданні тэрыторыяй Канады і ўзнавіў прыток мігрантаў з Брытанскіх астравоў. У 1815-1850 у Канаду перасялілася 960 000 брытанцаў. Асабліва магутнай была ірландская хваля, узнятая страшэнным голадам 1845-49 гг.. На тле эканамічнага крызісу і нежадання брытанскіх уладаў праводзіць рэформы, а таксама вечнага франка-брытанскага супрацьстаяння, успыхнулі паўстанні 1837-38 гадоў. Гэта падштурхнула англічан стварыць Адказны ўрад (1849) і паскорыць асіміляцыю франкамоўных канадцаў: у 1840-м “Акт саюзу” аб’яднаў Верхнюю і Ніжнюю Канады ў Брытанскую Паўночную Амерыку.
1 ліпеня 1867 года прыняты пасля некалькіх канферэнцый Канадскі акт абвясціў стварэнне з трох правінцый — Канада, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік — Канадскай канфедэрацыі. Пры гэтым правінцыя Канада зноў падзялілася — цяпер на Антарыа і Квебек. Новы дамініён з чатырох правінцый не ахопліваў і пятай часткі сучанай Канады, аднак паступова да яго прырошчваліся новыя землі. Неўзабаве былі далучаны зямля Руперта і Паўночна-Заходнія тэрыторыі. Паўстанне Рэд-Рывер вылілася ў стварэнне правінцыі Манітоба ў 1870 годзе. Праз год 1871 да Канады далучылася Брытанская Калубія, у 1873 — востраў Прынца Эдуарда. Цягам наступных трох дзесяцігоддзяў існуючыя правінцыі пашыраліся, а са складу Паўночна-Заходніх тэрыторый вылучаліся новыя правінцыі.
У 1871 — 1896 чвэрць насельніцтва Канады пераехала ў ЗША. Каб стымуляваць асваенне еўрапейскімі мігрантамі — на той час ужо стракатай шматэтнічнай групай — неабсяжнага і дзікага захаду, улады ініцыявалі будаўніцтва Канадскай Ціхаакіянскай чыгункі, што адкрыла перасяленцам шлях у прэрыі. У 1898 падчас залатой ліхаманкі на Кландайку была створана тэрыторыя Юкан. Альберта і Саскачэван сталі правінцыямі ў 1905.
Паколькі Вялікабрытанія згодна з актам 1867 працягвала кантраляваць знешнюю палітыку Канады, у 1914 краіна кляновых лісцяў была аўтаматычна ўцягнута ў Першую Сустветную вайну. Канадскія валанцёры, што паехалі на Заходні фронт, сталі асновай для фарміравання Канадскага корпуса, які праславіўся ў 1917 у бітве пры Вімі. Гэты ж год адзначыўся Крызісам вайсковага прызыву, калі тысячы канадцаў (асабліва, франка-), выйшлі на вуліцы, выказваючы нежаданне паміраць на палях Еўропы. З 625 000 канадцаў-удзельнікаў той вайны каля 60 000 загінулі, 172 000 былі паранены. Удзел у вайне пашырыў міжнародную ролю Канады, у прыватнасці, у 1919 яна нароўні з Вялікабрытаніяй стаяла ля вытокаў Лігі Нацый.
У 1931 Вэстмінстэрскі статут даў Канадзе шырокія правы, ператварыўшы яе ў дэ-факта незалежную дзяржаву. Вялікая дэпрэсія вельмі балюча адгукнулася канадскай эканоміцы. З іншага боку, крызіс паспрыяў стварэнню сістэмы ўсеагульнага сацыяльнага дабрабыту ў 1940-х — 1950-х (ініцыятарам і натхняльнікам выступіў палітык і святар Томі Дуглас, губернатар Саскачэвана).
10 верасня 1939 года Канада — праз 7 дзён пасля Вялікабрытаніі, каб падкрэсліць сваю незалежнасць — аб’явіла вайну фашысцкай Германіі. У саюзных аперацыях было задзейнічана каля мільёна канадцаў, з іх 42 000 загінулі, 55 000 атрымалі раненні. Канадцы паўдзельнічалі ў няўдалай бітве за Д’еп 1942 г., паспяховых вызваленні Італіі, высадцы ў Нармандыі і бітве за Нармандыю, бітве на Шэльдзе 1944 г. Падчас вайны Канада дала прытулак галандскай каралеўскай сям’і. За гэта і за ўдзел у вызваленні Нідэрландаў Галандыя шчодра адплаціла Канадзе крэдытамі і інвестыцыямі. Вайна прынесла Канадзе не толькі чалавечыя ахвяры, але і небывалы прамысловы бум.
У 1949, пасля двух складаных рэферэндумаў, да Канады ў якасці дзясятай правінцыі далучыўся Ньюфаўндленд. Пасляваенныя дзесяцігоддзі былі адзначаны эканамічнымі поспехамі, ростам сацыяльнага дабрабыту, узаемапаразуменнем нацый. Фарміраванне канадскай нацыянальнай свядомасці вылілася ў прыняцці ў 1965 годзе кляновага сцяга, увядзенні афіцыйнага двухмоўя ў 1969 і інстытуту мультыкультуралізму ў 1971. Былі рэалізаваны такія праграмы, як канадскі пенсійны план, праграма студэнцкага крэдытавання, праграма аховы здароўя. Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі федэрацыі (напрыклад, Альберта) ад некаторых з іх адмаўляліся. З іншага боку, глыбокія эканамічныя і сацыяльныя ператварэнні ў Квебеку (“Ціхая рэвалюцыя”) выклікалі рост франкаканадскага сепаратызму. Квебекскія нацыяналісты праводзілі акцыі, у тым ліку, тэрарыстычныя. Былі ініцыянаваны два рэверэндумы (1980 і 1995) і ў выніку другога з іх Квебек быў на самай мяжы (49,4 % за!) незалежнасці.[21] З таго часу хваля сепаратызму суцішылася.
Канстытуцыйны акт 1982 года аформіў поўную незалежнасць Канады. 1 красавіка 1999, з мэтай пашырыць аўтаномію эскімосаў, астравы Канадскага Арктычнага архіпелага і кавалак мацерыковага ўзбярэжжа Ледавітага акіяна былі выдзелены ў трэцюю тэрыторыю, што атрымала назву Нунавут (Наша зямля). У 1980-х — 1990-х Канада прайшла праз цяжкія выпрабаванні авіякрушнняў, тэрактаў, масавых забойстваў, канфліктаў з карэннымі жыхарамі. У 1990-х — 2010-х канадскія экспедыцыйныя сілы ўдзельнічаюць у аперацыях НАТА, такіх як Бура ў пустыні, вайна ў Югаславіі, баявыя дзеянні ў Іраку і Афганістане, змаганне супраць Ісламскай дзяржавы.