Гла́заўка[1] (трансліт.: Hlazaŭka, руск.: Глазовка) — аграгарадок у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Марозавіцкага сельсавета.
Паблізу ёсць паклады гліны.
У 12 км на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 55 км ад Гомеля.
На поўдні, поўначы і захадзе меліярацыйныя каналы.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Жлобін — Гомель.
Планоўка складаецца з прамалінейнай шыротнай вуліцы, да якой з поўначы далучаюцца дзве доўгія і дзве кароткія вуліцы, з поўдня — дзве кароткія вуліцы. Забудова драўляная, двухбаковая, сядзібнага тыпу.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з канца XIX стагоддзя як вёска ў Чабатовіцкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Побач быў фальварак, гаспадар якога валодаў у 1870 годзе 1283 дзесяцінамі зямлі і піцейным домам. У 1883 годзе месцаваліся 3 вятракі. З 1884 года дзейнічаў хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: Пакроўская царква (драўляная), вінная крама, карчма. У аднайменным фальварку — царква, карчма. Мелася народная вучэльня (у 1907 годзе 75 вучняў). У 1909 годзе функцыянавалі: царква, школа, казённая вінная крама, млын. У фальварку — 1387 дзесяцін зямлі.
З 8 снежня 1926 года цэнтр Глазаўскага сельсавета Уваравіцкага, з 17 красавіка 1962 года Буда-Кашалёўскага раёна, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. Дзейнічала пачатковая школа.
У 1930 годзе арганізаваны калгас «Камунар», працавала вятрак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны у баях за вызваленне вёскі ў лістападзе 1943 года загінулі 13 савецкіх салдатаў (пахаваны ў брацкай магіле ў 0,2 км ад будынка кіравання калгаса). На франтах загінулі 218 жыхароў. У 1959 годзе цэнтр калгаса «Новае жыццё». У 1996 годзе пабудаваны новы будынак царквы. Працуюць: пякарня, швейная майстэрская, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, магазін.
У снежні 2009 года Глазаўскі сельсавет быў скасаваны, і Глазаўка перайшла ў склад Марозавіцкага сельсавета[2].