У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цвірка.
Віталь Канстанцінавіч Цвірка (1 (14) лютага 1913, в. Радзеева — 11 чэрвеня 1993) — беларускі жывапісец і педагог, Народны мастак БССР (1963).
Нарадзіўся 1 (14) лютага 1913 года ў вёсцы Радзеева, Гомельскі павет, Магілёўская губерня (цяпер Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць) у сям’і настаўнікаў. У 1929—1932 гадах вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме на аддзяленні жывапісу. Сярод выкладчыкаў І. Ахрэмчык, В. Руцай, У. Хрусталёў, Л. Лейтман, М. Эндэ, Ф. Фогт. Пасля заканчэння выкладаў малюнак у педагагічным вучылішчы і 25-й агульнаадукацыйнай школе ў Менску. У 1935 годзе паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут[ru] (скончыў у 1942), дзе студыяваў у С. Герасімава, П. Пакаржэўскага, Г. Ражскага, Б. Іагансона, А. Дайнэкі, І. Грабара.
З пачаткам вайны, у 1941 годзе — эвакуацыя разам з інстытутам у г. Самарканд (Узбекістан). У Мінск вярнуўся ў 1944 годзе пасля вызвалення. У 1946 годзе ўступіў у Саюз савецкіх мастакоў БССР. З 1947 года выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, а з 1953 па 1963 год у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 1956 па 1963 год — загадчык кафедры жывапісу, а ў перыяд з 1958 па 1960 год займаў пасаду рэктара.
У 1961—1967 гадах быў сакратаром праўлення Саюза мастакоў СССР, выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР ў 1962—1963 гадах.
Памер у Мінску 11 чэрвеня 1993 года. Пахаваны на Усходніх могілках.
Удзельнічаў у выстаўках з 1935 года.
Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе мастак займаўся пейзажам і «тэматычным жывапісам»: гістарычным і побытавым. Пачатак творчага уздыму адбываецца з 1954 года («Ля млына»). Шматлікія падарожжы па Беларусі становяцца неабходнасцю як пошук тэм для будучых краявідаў, якія амаль цалкам выціснулі астатнія жанры жывапісу з яго творчасці. Толькі ў апошняе дзесяцігоддзе жыцця ён звяртаецца да нацюрморта. Пачынаючы з 70-х, разам з алейным жывапісам працуе ў акварэлі. Большасць твораў захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Народны мастак БССР (1963)[1]. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1967).
Дзяржаўныя ўзнагароды СССР: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), ордэн Дружбы народаў (1983), медаль «За працоўную адзнаку» (1949).
Узнагароджаны Граматамі Вярхоўнага Савета БССР у 1973, 1975, 1988 гадах.
Віталь Канстанцінавіч Цвірка на Вікісховішчы |