Віленская губерня (1795—1796, 1801—1920) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка рэгіянальнага ўзроўню, утворана ў Расійскай імперыі пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай (1795). Губерня ўваходзіла ў склад Літоўскага (Віленскага) генерал-губернатарства, а таму была складовай часткай Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі. Цэнтрам быў горад Вільня.
Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай 14 снежня 1795 г. захопленыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія яшчэ з 30 кастрычніка 1794 г. падпарадкоўваліся літоўскаму генерал-губернатару Рапніну, былі падзелены на Слонімскую (тэрытарыяльна правобраз будучай Гродзенскай губерні) і Віленскую губерні і засталіся пад кіраваннем літоўскага генерал-губернатара[2]. Першапачаткова з 1795 г. падзялялася на паветы:
18 чэрвеня 1796 г. літоўскі генерал-губернатар князь Мікалай Рапнін спланаваў рэарганізацыю падначаленай яму тэрыторыі ў Віленскае і Слонімскае намесніцтвы[3]. Указ імператрыцы Кацярыны ІІ ад 8 жніўня 1796 г. Рапніну загадваў стварыць Віленскае і Слонімскае намесніцтвы, але па прычыне смерці імператрыцы яны не былі створаны[4].
Падчас адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформ Паўла I паводле ўказа ад 12 снежня 1796 г. Віленская і Слонімская губерні аб’ядноўваліся ў адну Літоўскую губерню (1796—1801) з цэнтрам у Вільні. Літоўская губерня ўваходзіла ў склад Літоўскага генерал-губернатарства (з адной Літоўскай губерняй)[5].
Расійскі імператар (1801—1825) Аляксандр I сваім указам ад 9 (21) верасня 1801 г. падзяліў Літоўскую губерню на дзве — Літоўска-Віленскую губерню (1801—1840) і Літоўска-Гродзенскую губерні (1801—1840), якія ўвайшлі ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства (1801—1830) з цэнтрам у Вільні[6].
У 1819 г. прыморскае мястэчка Паланга з акругай са складу Цельшаўскага павета былі перададзены ў склад Курляндскай губерні, але ў 1827 г. зноў вернуты ў склад Літоўска-Віленскай губерні, а пасля 23 красавіка 1829 г. зноў уключана ў склад Курляндскай губерні[7].
18 ліпеня 1840 г. расійскі імператар Мікалай I загадаў Сенату перайменаваць Літоўска-Віленскую губерню ў Віленскую губерню (1840—1917), а Літоўска-Гродзенскую губерню ў Гродзенскую губерню[8].
18 снежня 1842 г. са складу Віленскай губерні былі вылучаны паветы з пераважна балтамоўным сялянскім насельніцтвам губерні, з якіх была створана Ковенская губерня (1842—1917)[9], атрымаўшая неафіцыйную назву «Самагіція» («Жамойць», «Жмудзь»)[10][11]. У складзе Віленскай губерні засталіся Віленскі, Ашмянскі, Свянцянскі (былы Завілейскі) і Троцкі паветы, а таксама перададзеныя з Гродзенскай губерні Лідскі павет, а з Мінскай губерні — Вілейскі і Дзісенскі паветы.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай беларуская частка Віленскай губерні абвяшчалася часткай БНР. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі большая частка Віленскай губерні (без Вільні) увайшла ў Беларускую ССР, а 27 лютага 1919 года было аформлена стварэнне ЛітБел ССР.
Пасля 1920 года Ашмянскі, Свянцянскі, Троцкі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі паветы поўнасцю ці часткова ахоплівала Сярэдняя Літва, астатняя тэрыторыя адышла да Літвы і Польшчы, невялікая частка Вілейскага павета — да БССР.
На 1897 год насельніцтва губерні налічвала 1591,2 тысяч чалавек, у тым ліку гарадскога насельніцтва 198 тысяч чалавек. З іх каталікоў 59 %, праваслаўных 26 %, іудзеяў 13 %[12]
Нацыянальны склад паводле перапісу 1897 года:[14]:
Павет | беларусы | літоўцы | яўрэі | палякі | вялікарусы |
---|---|---|---|---|---|
Губерня ў цэлым | 56,1 % | 17,6 % | 12,7 % | 8,2 % | 4,9 % |
Вілейскі | 86,9 % | 0,1 % | 9,5 % | 2,5 % | 0,9 % |
Віленскі | 25,8 % | 20,9 % | 21,3 % | 20,1 % | 10,4 % |
Дзісненскі | 81,1 % | 0,3 % | 10,1 % | 2,4 % | 5,9 % |
Лідскі | 73,2 % | 8,7 % | 12,0 % | 4,7 % | 1,2 % |
Ашмянскі | 80,0 % | 3,7 % | 12,1 % | 1,7 % | 2,3 % |
Свенцянскі | 47,5 % | 33,8 % | 7,1 % | 6,0 % | 5,4 % |
Троцкі | 15,7 % | 58,1 % | 9,5 % | 11,3 % | 4,6 % |