У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Палякі (значэнні).
Паля́кі (саманазва Polacy) — нацыя, адносіцца да заходнеславянскай групы, складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Польшча.
Польская народнасць складвалася ў X—XI стст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране[1]. У XI ст. з’явіўся этнонім «палякі».
Як паказаў перапіс насельніцтва 2002, палякі складаюць 96,7 % насельніцтва Польшчы. У значнай колькасці жывуць таксама ў іншых краінах: ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Бразілія, Канада, Аргенціна, Беларусь, Літва, Украіна, Аўстралія і інш.
Асноўны артыкул: Палякі на Беларусі
Паводле вынікаў перапісу насельніцтва Беларусі 1999, палякі складаюць 3,9 % насельніцтва краіны — перапіс зарэгістраваў 396 тыс. палякаў. На Беларусі палякі жывуць галоўным чынам у Гродзенскай вобласці, у раёнах, якія прылягаюць да мяжы з Польшчай і Літвой. У Воранаўскім раёне палякі складаюць больш за 80 % жыхароў.
Большая частка палякаў Беларусі назвала роднай мовай, а таксама мовай ужыванай дома беларускую, таксама сярод іх распаўсюджаны польская і руская мовы.
Амаль усе веруючыя палякі належаць да католікаў.