Вуліца Аўшрос Варту[1] (традыцыйная беларуская назва — Вастрабра́мская ву́ліца[2]; літ.: Aušros Vartų gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільнюса, у Старым Горадзе. Працягвае вуліцу Вялікую. Звязвае скрыжаванне вуліц Субач і Гетманскай з скрыжаваннем Чыгуначнай і Друйскай. Працягваецца гістарычным Лідскім гасцінцам (цяпер Ліпагорская вуліца).
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Вострая брама з капліцай Маці Божай, ансамбль базыльянскіх манастыроў з Траецкай царквой і брамай у стылі віленскага барока, царква і манастыр Святога Духа, комплекс кляштару кармелітаў з касцёлам Святой Тэрэзы, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў.
Назва вуліцы паказвае на яе кірунак да Вострай брамы, адзінай захаванай да нашага часу брамы гарадскога мура.
У XIX ст. з мэтай русіфікацыі земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расійскай імперыі перайначылі назву вуліцу на расійскі манер (руск.: Островратная улица). Па адыходзе расійскіх войскаў з Вільні вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
У першай палове XX ст. раён вуліцы стаў палітычным і культурным цэнтрам беларусаў[3], тут дзейнічалі шматлікія беларускія ўстановы. У доме № 1 на рагу з Гетманскай вуліцай[4]. з 1926 года працавала беларуская кнігарня.
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на літоўскі манер. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады перайменавалі частку вуліцы ў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.
Даўжыня каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку ў Старым Месце да Вострай Брамы, далей — асфальтавую. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу з Гетманскай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліца Гетманская і Гасціны завулак, з левага — вуліца Субач. Мае скрыжаванне з вуліцамі Базыльянскай (направа) і Даўкшты (налева).
Брама будавалася ў гатычным стылі ў 1503—1522 гадах разам з пяццю іншымі, пазней колькасць брамаў дасягала дзевяці. Праз некалькі гадоў над аркай брамы дабудавалі фасад з пяццю амбразурамі і атык у стылі рэнесансу. Атык мае дэкор з гербам «Пагоня», які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермеса ў крылатым шлеме.
З боку горада над брамай у 1671 годзе манахі-кармеліты збудавалі драўляную капліцу, адмыслова для абраза Маці Божай Вастрабрамскай. 18 мая 1706 года здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у маі 1715 года знішчыў амаль усё горада і капліцу. У 1722 годзе над брамай збудавалі мураваную капліцу. Пры перабудове ў 1829—1830 гадах капліца набыла рысы класіцызму.