wd wp Пошук:

Васіль Нарымонтавіч

Васіль Нарымонтавіч (? — 1390) — князь пінскі (1348—1390)

Сын пінскага кн. Нарымонта Гедзімінавіча. Упершыню згаданы пад 1355 годам, але ў дакуменце 1586 года з «выпісам» ранейшай фундацыйнай граматы царквы Раства Божай Маці ў Куранцы ад «пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого»[1]. Праз такую згадку Ю. Вольф падаў у сваёй працы кн. Васіля Нарымонтавіча сынам кн. Міхаіла Нарымонтавіча і ўнукам кн. Нарымонта. Такой думкі трымаўся і Ю. Пузына. Пры гэтым кн. Міхаіл Нарымонтавіч з крыніц не вядомы. Пазней, А. Белы, у рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, выказаў думку тоеснасці пінскага кн. Васіля Нарымонтавіча з друцкім кн. Васілём Міхайлавічам і, адпаведна, кн. Міхаіла Нарымонтавіча з друцкім кн. Міхаілам, згаданым пад 1330 годам[2].

Пазней Ю. Вольфу пярэчыў Я. Тэнгоўскі, які адзначыў неадпаведнасць індыкта году, трапленне Мсціслава пад уладу Літвы толькі ў 1359 годзе і анахранічнасць паняццяў, т.б. на яго думку кн. Васіль Нарымонтавіч у 1355 годзе не мог называцца ні «панам», ні «мсціслаўскім». Наогул Я. Тэнгоўскі лічыў «выпіс» з 1355 года фальсіфікатам, фундатарам куранецкай царквы мсціслаўскага кн. Васіля Міхайлавіча Заслаўскага, а кн. Васіля Нарымонтавіча сынам кн. Нарымонта, а не ўнукам, але пры гэтым не тоесным пінскаму кн. Васілю[3]. Аднак, В. Варонін заўважыў, што калі адлічваць індыкты не студзеньскай сістэмай, прынятай у каталіцкім свеце, а вераснёўскай, прынятай на праваслаўных землях, то 9 індыкт і праўда прыпадае на 1.9.1355-31.8.1356 гадоў, але і ён лічыць «выпіс» падазроным, у т.л. праз анахранічныя паняцці, аднак, спрабуе тлумачыць скажэнні тэксту сярэдзіны XIV ст. шматкротным перапісваннем, а таксама паказаць трапленне Мсціслава пад уладу Гедзімінавічаў раней за 1359 год[1]. А. Груша лічыць, што калі «выпіс» і не фальсіфікат, то яўна скажоны і ў ім, магчыма, змяшана ў адно некалькі імёнаў фундатараў, праз што кн. Васіль Нарымонтавіч атрымаў дадатковае імя па бацьку — Міхайлавіч, і такім чынам кн. Міхаіл Нарымонтавіч — асоба створаная разважаннямі Ю. Вольфа[4]. З думкай Я. Тэнгоўскага, што кн. Васіль Нарымонтавіч не ўнук, а сын кн. Нарымонта, згодны і Я. Нікодэм[5]. Наконт тоеснасці пінскага кн. Васіля Нарымонтавіча з друцкім кн. Васілём Міхайлавічам, В. Варонін заўважае, што нават калі кн. Васіль Нарымонтавіч і быў Міхайлавічам, і жыў тым самым часам, і быў таксама прыхільны культу Багародзіцы, то займаў іншыя пазіцыі — быў прыхільнікам вял.кн. і кар. Ягайлы, калі друцкі кн. Васіль Міхайлавіч быў прыхільнікам полацкага кн. Андрэя Альгердавіча[1].

Наступным разам «Васіль князь Пінскі» (Wassily dux Penen) згаданы 27 кастрычніка 1386 года, калі ў Луцку прысягнуў на вернасць польскім кар. Уладзіславу Ягайлу і кар. Ядвізе. Паводле М. Стрыйкоўскага, «Нарымонт Васіль Пінскі» браў удзел у вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 годзе. Князь «Васіль з Пінска» (Wassilio de Pinsko) 11 жніўня 1387 года разам з кн. Вітаўтам і іншымі даў галіцкаму ваяводу Бенедыкту грамату пра добразызлівасць і дапамогу.[6]

Праз меркаванне Ю. Вольфа, з пінскім кн. Васілём Нарымонтавічам атаясняюць нейкага кн. Васіля Міхайлавіча, другога сярод паручыцеляў за Грыдку Канстанцінавіча перад вял.кн. Скіргайлам у грамаце 1390—1392 гадоў. Цяпер, праз сумнеўнасць гэтага атаяснення, прапанаваны іншыя варыянты, яшчэ Я. Тэнгоўскі не выключаў, выбіраючы толькі сярод Гедзімінавічаў, што гэта мог быць сын кн. Міхаіла Яўнутавіча або кн. Міхаіла Карыята[7]. Пазней А. В. Кузьмін прапанаваў атаясненне з друцкім кн. Васілём Міхайлавічам[8].

Таксама захавалася недатаваная менавая грамата, якую «князь Васіль Нарымонтавіч», не тытулаваны пінскім, але відавочна ўладарны князь, даў Паўлу Катовічу на землі ў Пінскім княстве. На думку А. Грушы, грамата выдана ў 1390 годзе, у самым канцы жыцця кн. Васіля Нарымонтавіча, па-першае, бо выдана ад імя кн. Васіля, а зацверджана ўжо яго сынам кн. Фядушкам, па-другое, бо планаваны «двор» на абменяных землях напэўна так і не быў пабудаваны. У свой час Я. Тэнгоўскі ведаў пра гэтую грамату, але толькі ў «выпісе» з «Рэвізіі пушч і пераходаў звярыных» ад 1559 года ў выданні XIX ст., напэўна, лічыў яе такім самым фальсіфікатам як «выпіс» 1586 года з фундацыі куранецкай царкве і за крыніцу не разглядаў, таму грамата не згадана ў яго працы, а кн. Фядушка не пададзены сярод нашчадкаў кн. Нарымонта. Грамата, аднак, захавалася ў арыгінале, які быў даследаваны і апублікаваны ў 2010 годзе А. Грушам. Гэта адзіная крыніца, дзе пінскі князь Васіль называецца з імем па бацьку — Нарымонтавічам, прытым выданая ім самім, і, такім чынам, пацвярджае рацыю Я. Тэнгоўскага.[9]

На думку Ю. Вольфа, кн. Васіль Нарымонтавіч памёр у канцы XIV ст. Пазней Ю. Пузына, уда­кладніў дату — 1390 год, ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад кн. Вітаўта, паводле Я. Длугаша і М. Стрыйкоўскага, «князь Нарымунд» тоесны кн. Васілю Нарымонтавічу. Паводле Я. Длугаша, «князь Нарымунд» кіраваў абаронай віленскіх замкаў ад кн. Вітаўта з немцамі і трапіў у палон, тады Вітаўт раззлаваны нейкай «падступнасцю» кн. «Нарымунда» загадаў павесіць яго за ногі на возе і расстраляць з лукаў.[10]

Паводле Я. Длугаша, жонкай кн. «Васіля Нарымота» была кн. Ульяна — родная сястра Ганны, жонкі кн. Вітаўта, т.б. таксама дачка смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. Напэўна, шлюб з Ульянай быў не першым, сама яна перад тым была жонкай баярына Бутрыма (пам. 1382), пляменніка вял.кн. Біруты, а пасля яго казні выйшла за кн. Васіля Нарымонтавіча, пасля і яго казні, трэцім шлюбам — за ўплывовага баярына Манівіда Кайлікінавіча[11].

Меў прынамсі аднаго сына — кн. Фядушку, пэўна, ад папярэдняга шлюбу, бо да 1390 года сын быў поўнагадовы і меў уласную пячатку.[12]

Зноскі

  1. 1 2 3 Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя… С. 14-16.
  2. Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298.
  3. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26.
  4. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 6-7; С. 7, заўв. 1.
  5. Nikodem J. Narymunt Giedyminowicz i jego uposazenie // Scriptura custos memoriae. Prace historyczne. — Poznań, 2001. — S. 622.
  6. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 7-8.
  7. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 8, заўв. 1.
  8. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58.
  9. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 24.
  10. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 20.
  11. Ліцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх княёў літоўскіх» пра нобіля Вайдылу: да праблемы верагоднасці і кантэксту // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории И87 Восточной Европы : науч. сб. Вып. 6. — Минск : РИВШ, 2013. — 314 с. — С. 155.
  12. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 25.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1390 годзе
Катэгорыя·Князі пінскія
Катэгорыя·Гедзімінавічы
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарымонтавічы
Катэгорыя·Асобы