Варапа́ева[2] — пасёлак гарадскога тыпу ў Беларусі, Цэнтр сельсавета Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 27 км на ўсход ад Паставаў, за 237 км на захад ад Віцебска, за 135 км на поўнач ад Мінска. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Глыбокім, Паставамі; чыгуначны вузел на Лынтупы, Друю, Круляўшчыну. Насельніцтва 2 540 чалавек (2017)[3].
Варапаева ўзнікла ў XVI стагоддзі на месцы пасялення нейкага Станіслава Варапая, які згадваецца ў крыніцах 50-х гадоў XVI стагоддзя.
У апісанні размежавання маёнткаў Галбея і Дунілавічы, датаваным 1558 годам, згадваецца «дарога, што ідзе ад Станіслава Варапая да Дунілавічаў»[4]. Пазнейшае, недатаванае апісанне той жа мяжы, згадвае ў тым жа месцы «дарогу з Варапаева да Дунілавічаў», а ў іншым — «Варапаеўскія грунты», якія межавалі з грунтамі вёскі Мышкі[5].
Наступны ўспамін датуецца 1667 годам. У другой палове XVII стагоддзя Варапаева было ўласнасцю старадубскага старасты Яна Казіміра Бяганскага[6]. У 1784 годзе двор Варапаева належаў былому падскарбію літоўскаму Антонію Тызенгаўзу, пры двары існавалі млын і тартак[7].
У 1800 годзе Варапаева пазначылі на карце Дзісенскага (у склад якога ўваходзіла паселішча) і Вілейскага паветаў Мінскай губерні. У гэты час тут існаваў фальварак, уладанне графіні Пшаздзецкай. З 1843 Варапаева ўваходзіла ў склад Віленскай губерні. У 1860-я ў фальварку, які здаваўся ў арэнду і ўваходзіў у маёнтак Паставы, працавалі цагельня, вадзяны млын з сукнавальняй і карчма (шынок). У 1896—1897 праз Варапаева праклалі чыгунку.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Варапаева апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У мястэчку меліся лесапільня і цагельня, працавалі вадзяны, паравы і электрычны млыны. Тут адбудавалі знішчаны ў Першую сусветную вайну графскі палац, дзе налічвалася звыш 20 пакояў, у тым ліку зала для танцаў, мелася багатая бібліятэка, калекцыя зброі і музычных інструментаў (па 1939 яна трапіла ў Мінск). У 1923 у Варапаеве адкрылася пачатковая школа імя Ю. Пілсудскага, клуб моладзі. Цягам 1931—1937 у мясцовай цяпліцы і плодагадавальніку працаваў І. Сікора. У 1934 у мястэчку збудавалі касцёл Св. Міхала, пры якім дзейнічаў Саюз каталіцкай моладзі.
У 1939 Варапаева ўвайшло ў БССР, у Дунілавіцкі раён Вілейскай вобласці. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1950 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка і зрабілася цэнтрам Дунілавіцкага раёна. 20 студзеня 1960 Варапаева ўвайшло ў склад Глыбоцкага, з 1962 Пастаўскага раёна.
У пасёлку працуюць сярэдняя і музычная школы, 2 дашкольныя ўстановы, бальніца, паліклініка, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта і іншыя.
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і харчовай галін прамысловасці.