wd wp Пошук:

Валерый Аляксеевіч Шчукін

Валерый Аляксеевіч Шчукін (22 сакавіка 1942, Уладзівасток, СССР — 10 кастрычніка 2020, Мінск) — беларускі палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета РБ 13-га склікання, праваабаронца, журналіст, член «Беларускага Хельсінкскага камітэта», ганаровы член «Беларускай асацыяцыі журналістаў», палітвязень.

Біяграфія

Нарадзіўся 22 сакавіка 1942 года ва Уладзівастоку (цяпер Прыморскі край, Расійская Федэрацыя). У 1951 г. сям’я вярнулася ў БССР, у Талачынскі раён, на радзіму маці. Скончыў беларускую пачатковую школу, пасля бацькі перавялі яго ў рускую школу ў Мінску.

З 15 гадоў працаваў слесарам на мінскім заводзе буддэталяў. Служыў у войску. У 1964 г. скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча. 27 гадоў адслужыў на Ціхаакіянскім флоце, капітан другога рангу ў адстаўцы. Пасля службы вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Полацку, з 1987 г. па 1995 г. працаваў машыністам крана-трубаўкладчыка.

У 1995 годзе быў абраны ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання ад Партыі камуністаў Беларускай. Працаваў сакратаром камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю.

Актыўна выступаў за імпічмент прэзідэнта А. Лукашэнкі ў 1996 г. Пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (1996 г.), выкліканага абвастрэннем адносін паміж прэзідэнтам і парламентам, які значна пашыраў паўнамоцтвы прэзідэнта, В. Шчукін канчаткова перайшоў на дэмакратычныя пазіцыі, у адкрытую апазіцыю да прэзідэнта і выканаўчай улады.

6 гадоў быў членам Цэнтральнага Камітэта ПКБ. У 1998 г. быў выключаны з партыі камуністаў Беларускай.

Як незалежны журналіст супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі выданнямі, газетамі «Народная Воля», «Товарищ».

У 2003 годзе быў пазбаўлены прапіскі ў інтэрнаце ў Полацку. На працягу наступных чатырох гадоў шмат начэй правёў на чыгуначным вакзале ў г. Віцебску ў знак пратэсту супраць незаконнага высялення, але справядлівасці так і не дабіўся.

В. Шчукін удавец, мае двух дзяцей і сямёра ўнукаў.

В. Шчукін лаўрэат нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека «Хартыі-97».[1]

Лаўрэат штогадовай Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў у намінацыі «Асоба» ў 2015 г.[2]

У 1996—2003 годах жыў у Полацку.

У апошні час жыў у Мінску разам з дачкой і яе сям’ёй.

Памёр 10 кастрычніка 2020 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску.

Храналогія пераследу

В. Шчукін шмат разоў затрымліваўся міліцыяй, быў караны адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях.

Падчас першага адміністрацыйнага арышту ў 1998 г. у прыёмніку-размеркавальніку ў Мінску дабіўся, каб зняволеным выдавалі лыжкі з ручкамі. Перад гэтым лыжкі для арыштаваных выдаваліся без ручак.[3]

10 лістапада 1997 года ў дачыненні да В. Шчукіна была распачата крымінальная справа за абразу членаў урада. Справа грунтавалася на жорсткіх словах

В. Шчукіна і абвінавачванні ў адрас прэзідэнта А.Лукашэнкі, якія мелі месца ў жніўні 1997 года на 30-м ралі за свабоду слова ў Беларусі. 22 лістапада 1997 г. В. Шчукін на некалькі гадзін быў затрыманы міліцыяй пасля ўдзелу ў сустрэчы апазіцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі.

У кастрычніку 1999 г. В. Шчукін быў адным з заяўляльнікаў мітынгу і шэсця «Марш Свабоды». Гарадскімі ўладамі шэсце было забароненае, ён адмовіўся ад свайго подпісу і 17 кастрычніка 1999 г. пайшоў на «Марш Свабоды» ў якасці звычайнага ўдзельніка. Правядзенне «Марша свабоды» суправаджалася сур’ёзнымі сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй. 19 кастрычніка 1999 года В. Шчукін быў выкліканы ў Савецкі РАУС па позве, дзе быў затрыманы. Пры затрыманні В. Шчукін быў моцна збіты (ім пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска). Тры дні В. Шчукін знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, а пасля прад’яўлення яму абвінавачання па арт. 186.3 КК РБ накіраваны ў СІЗА № 1. Абраная для В. Шчукіна мера стрымання, арышт, потым была зменена на падпіску аб нявыездзе.

17 красавіка 2001 года за арганізацыю «Марша Свабоды» (1999) быў абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, і аштрафаваны гарадскім судом г. Мінска (суддзя Т. Высоцкая) па арт.186-3 КК РБ на 30 базавых велічынь. Іншы фігурант гэтай крымінальнай справы, Мікола Статкевіч, быў асуджаны на штраф у 100 базавых велічыняў.[4]

Затрыманы 25 сакавіка 2000 г. на Дзень Волі ў Віцебску разам з Уладзімірам Плешчанкам. Асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.[5]

7 чэрвеня 2001 года за ўдзел 18 мая 2001 года ў акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей» быў асуджаны судом Ленінскага раёна г. Мінска, суддзя А. Шылько, на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас акцыі быў затрыманы і жорстка збіты супрацоўнікамі міліцыі.[6]

16 студзеня 2001 г. В. Шчукін спрабаваў трапіць на першую адкрытую прэсавую канферэнцыю міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, які адказваў на пытанні, звязаныя з праблемай знікнення людзей у Беларусі[7] В. Шчукін спрабаваў рэалізаваць сваё права на атрыманне інфармацыі і ўвайсці на прэс-канферэнцыю з пасведчаннем члена БАЖ. Але трое супрацоўнікаў аховы будынку павалілі В. Шчукіна на падлогу, пры гэтым былі разбіты дзве шыбы ў дзвярах, аб якія В. Шчукін парэзаў нагу. Па выкліку журналістаў прыехала «хуткая дапамога». В. Шчукін быў дастаўлены ў ваенны шпіталь у аддзяленне мікрахірургіі з траўмай сярэдняй цяжкасці.[8]

20 сакавіка 2001 г. В. Шчукін быў асуджаны  Цэнтральным судом г. Мінска (суддзя А. Ільіна) па арт. 399.1 КК РБ (злоснае хуліганства) на тры месяцы арышту. Пакаранне адбываў у жодзінскай турме. 20 сутак правёў у карцэры. 12 верасня 2001 г. быў вызвалены. Падчас зняволення В. Шчукіна сябры «Маладога Фронту» правялі каля жодзінскай турмы акцыю пратэсту, пасля якой яны былі затрыманыя міліцыяй.[9]

Быў арганізатарам марша пратэсту «Так жыць нельга», які адбыўся 19 красавіка 2002 г. Быў затрыманы, моцна збіты. «Хуткая дапамога» адвезла В. Шчукіна ў ваенны шпіталь. На наступны дзень міліцыяны забралі В. Шчукіна з шпіталю, ён быў асуджаны судом Партызанскага раёна г. Мінска на 15 сутак арышту разам з іншымі арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі: М. Халезіным, З. Бандарэнкам, Ю. Хашчавацкім, А. Атрошчанкавым і іншымі.[10]

29 ліпеня 2002 г. быў асуджаны судом Бераставіцкага раёна (суддзя М. Панок) на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. В. Шчукін накіроўваўся ў г. п. Вялікая Бераставіца, дзе адбывалася разбурэнне храму Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.[11]

26 сакавіка 2007 г. В. Шчукіна чарговы раз выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Віцебска. Яму прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 189 ч. 2 Крымінальнага кодэксу РБ — «знявага, нанесеная ў друкаваным творы», выкліканае тым, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы В. Шчукін вырабіў і распаўсюдзіў улёткі з крытыкай аб парушэнні заканадаўства супрацоўнікамі акружных выбарчых камісій гораду. У сувязі з гэтым следчы Гердаў вынес пастанову пра ўжыццё да В. Шчукіна падпіскі аб нявыездзе. Аднак В. Шчукін такой падпіскі не даў, заявіўшы, што для яго, як для палітыка і журналіста, лепей сядзець у СІЗА. В. Шчукін быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны.

Затрыманы 3 ліпеня 2011 г. на Прывакзальнай плошчы ў Мінску падчас «маўклівай» акцыі. Адбыў адміністрацыйнае пакаранне 5 сутак арышту. 8 ліпеня 2011 г., пасля адбыцця пакарання, невядомыя ў грамадзянскім запіхалі В. Шчукіна ў легкавы аўтамабіль і вывезлі за горад у поле.[12]

29 сакавіка 2012 г. затрыманы ў будынку суда ў г. Орша, дзе адбываўся адміністрацыйны працэс супраць старшыні Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» С. Калякіна, старшыні АГП А. Лябедзькі, сакратара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» А. Атрошчанкава, якіх знялі з цягніка Мінск-Масква ноччу 28 сакавіка. Міліцыя забараніла прысутнічаць на судзе ахвотным. В. Шчукін лёг на дол у дзвярах, дзе адбываўся працэс, каб іх не зачынілі. Ноч правёў у міліцыі. 30 сакавіка 2012 г. суддзёй Т. Рыбаковай быў асуджаны на штраф у 34 базавых велічыні.

Быў актывістам грамадзянскай кампаніі «Наш дом». У 2010 г. двойчы затрымліваўся міліцыяй за перавоз газеты «Наш дом» і праваабарончых брашур, якія былі канфіскаваны 25 сакавіка і 8 жніўня 2010 г. 26 сакавіка судом Буда-Кашалёўскага раёна і 1 кастрычніка 2010 г. судом Ленінскага раёна г. Магілёва быў прызнаны вінаватым у вырабе, дастаўцы і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, вырабленай з парушэннем беларускага заканадаўства і аштрафаваны кожны раз на 30 базавых велічыняў.[13]

19 красавіка 2011 г. міліцыя ў Мінску ўварвалася ў кватэру дачкі В. Шчукіна, дзе сабраліся актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш Дом», быў затрыманы ў Фрунзенскім РУУСе разам з праваабаронцам з Віцебску Паўлам Левінавым і кіраўніцай «Нашага Дому» Вольгай Карач.[14]

Затрыманы 25 сакавіка 2017 года на Дзень Волі. Быў моцна збіты ў Заводзкім РАУС Мінска. Дастаўлены ў ваенны шпіталь з гіпертанічным крызам[15].

1 мая 2017 года Фрунзенскім судом г. Мінска (суддзя М. Ярохіна) за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску аштрафаваны на 10 базавых велічынь.[16]

Зноскі

  1. https://www.svaboda.org/a/1362720.html Былыя палітвязні адзначаны прэміяй
  2. http://spring96.org/ru/news/81516 Правозащитные организации Беларуси выбрали лучших
  3. https://palitviazni.info/naviny/2012/11/8615 Валерый Шчукін: «Камера гатовая была мяне разарваць…»
  4. https://www.svaboda.org/a/24837761.html ВЯРХОЎНЫ СУД АДМОВІЎСЯ ПЕРАГЛЕДЗЕЦЬ ПРЫСУД У КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАХ ШЧУКІНА І СТАТКЕВІЧА
  5. https://www.svaboda.org/a/24832124.html Навіны 27 сакавіка 2000 г.
  6. https://www.svaboda.org/a/24836876.html ВАЛЕРЫ ШЧУКІН АСУДЖАНЫ ДА 10 СУТАК АРЫШТУ
  7. https://www.svaboda.org/a/24872572.html ШЧУКІНА ЗАСУДЗІЛІ ДА ТРОХ МЕСЯЦАЎ АРЫШТУ
  8. http://spring96.org/files/reviews/be/2001_review_by.pdf Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе
  9. https://www.svaboda.org/a/24837798.htm ПАГРОМЫ НЕЗАЛЕЖНЫХ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
  10. ВЫЙШЛІ НА ВОЛЮ АПОШНІЯ ПАЛІТВЯЗЬНІ СУМНАВЯДОМАГА СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА НА ВУЛІЦЫ АКРЭСЬЦІНА
  11. СЁНЬНЯ РАНІЦАЙ ЗЬ БЕРАСТАВІЦКАГА ІЗАЛЯТАРУ ЧАСОВАГА ЎТРЫМАНЬНЯ ВЫПУСЬЦІЛІ ВАЛЕРЫЯ ШЧУКІНА
  12. https://charter97.org/ru/news/2011/7/9/40401/ Правозащитника Валерия Щукина вывезли на расстрел
  13. https://www.svaboda.org/a/2174003.html Валерыя Шчукіна пакаралі на мільён рублёў
  14. https://www.svaboda.org/a/9498557.html Шчукіна, Левінава і Карач забралі ў пастарунак
  15. Валерыя Шчукіна адвезьлі з пастарунку з гіпэртанічным крызам у шпіталь
  16. http://spring96.org/persecution?Name=%D1%88%D1%87%D1%83%D0%BA%D1%96%D0%BD+%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D1%80%D1%8B

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ва Уладзівастоку
Катэгорыя·Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання
Катэгорыя·Памерлі ў 2020 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Памерлі 10 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Ленінградскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча проціпаветранай абароны
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1942 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Чыжоўскіх могілках
Катэгорыя·Члены БПАЛ «Справядлівы свет»