wd wp Пошук:

Зміцер Бандарэнка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бандарэнка. Зміцер Бандарэнка (нар. 28 верасня 1963, Мінск) — беларускі палітычны актывіст, асуджаны на 2 гады турмы пасля падзей 19 снежня 2010 года, палітвязень Беларусі[1], вязень сумлення[2].

Біяграфія

У 1984 г. скончыў Інстытут фізічнай культуры. Працаваў трэнерам-выкладчыкам і ў незалежнай тэлестудыі «ТОП». Быў дырэктарам па маркетынгу фірмы «Дайнова»[3]. У 1995—1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101,2[4]. Быў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97» і каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Адзін з арганізатараў маршу свабоды ў Мінску ў 1999 годзе з удзелам больш за 30 тысяч чалавек, які суправаджаўся сутыкненнямі з міліцыяй і вайскоўцамі[5], і маршу свабоды ў Мінску ў 2000 годзе[6]. З’яўляецца сябрам БАЖ[7].

Арышт і зняволенне

Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. 20 снежня 2010 года Бандарэнку арыштавалі ва ўласнай кватэры і змясцілі ў СІЗА КДБ. 12 студзеня 2011 года «Amnesty International» прызнала Бандарэнку вязнем сумлення і заклікала да яго вызвалення[8].

27 красавіка 2011 г. судом Першамайскага раёна Мінска (суддзя — Таццяна Равінская) Бандарэнка быў асуджаны да 2 год калоніі агульнага рэжыму, па версіі следства, за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт.342 КК РБ)[9][10]. 2 лютага 2011 года Равінская была ўнесена ў Чорны спіс Еўрасаюза[11].

За кратамі Бандарэнка перанёс дзве аперацыі, у тым ліку — на пазваночніку. Пасля таго як яму далі магчымасць стаць на ногі пасля аперацыі, адміністрацыя калоніі ўзмацніла жорсткасць умоў утрымання палітвязня. Зміцеру былі забароненыя палка-мыліца, а таксама артапедычны абутак; было забаронена днём ляжаць; належыла хадзіць строем; загадваліся таксама «лёгкія» віды работ, што магло вельмі шырока трактавацца. Нягледзячы на цяжкі стан здароўя, Бандарэнку адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні[12]. Знаходжанне ў такіх ўмовах магло мець сур’ёзныя наступствы для жыцця і здароўя. На фоне гэтых падзей Бандарэнка быў вымушаны падпісаць прашэнне аб памілаванні[13].

Прашэнне аб памілаванні было напісана 1 лютага 2012 года. На другі дзень пасля напісання прашэння, 2 лютага 2012 года, Бандарэнку вярнулі мыліцу, артапедычны абутак і дазволілі не хадзіць строем з хворай спінай[12].

Вызваленне

15 красавіка 2012 года палітвязня вызвалілі з калоніі № 15 у Магілёве, дзе ён адбываў пакаранне, згодна з указам прэзідэнта Беларусі аб памілаванні[14].

На волі Бандарэнка пацвердзіў, што ў СІЗА КДБ у дачыненні да яго і іншых зняволеных ужываліся катаванні, аказваўся моцны псіхалагічны ціск. Судзімасць з палітыка не была знятая, таксама было ўстаноўлена прафілактычнае назіранне[15].

Эміграцыя

Летам 2012 года Бандарэнка знаходзіўся ў Польшчы, папраўляў там сваё здароўе і збіраўся назад у Мінск. Аднак праз пераслед апазіцыі ў Беларусі, які абвастрыўся пасля плюшавага дэсанту, вырашыў не вяртацца на Радзіму[16].

Намінацыі

У пачатку верасня 2011 года Зміцер Бандарэнка быў намінаваны на Прэмію імя Сахарава «За свабоду думкі». Кандыдатуру палітвязня вылучыў на прэмію польскі дэпутат Марак Мігальскі[17].

Зноскі

  1. https://palitviazni.info/viazen
  2. https://www.amnesty.org/en/latest/news/2012/04/belarus-urged-free-remaining-prisoners-conscience-after-two-released/
  3. http://belarusprofile.com/be/profile/bandarenka-dzmitry-yaugenavich
  4. http://www.svaboda.org/content/backgrounderembedded/9505360.html
  5. http://90s.by/years/1999/marsh-svabody.html Архівавана 20 сакавіка 2017.
  6. https://charter97.org/ru/news/2010/3/15/27335/
  7. http://nashaniva.by/?c=ar&i=49658
  8. FREE BELARUSIAN PRISONERS OF CONSCIENCE(англ.)  (недаступная спасылка). Amnesty International (12 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2011. Праверана 2 лістапада 2011.
  9. http://www.svaboda.org/content/article/16795156.html
  10. http://spring96.org/be/news/42917
  11. Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС (бел.) . Наша Ніва (11 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2017.
  12. 1 2 http://protivpytok.org/zmicer-bandarenka-napisa%D1%9E-prashenne-ab-pamilavanni.html
  13. http://protivpytok.org/zalozhniki-vlasti-ispytanie-pytkami-chast2.html
  14. https://spring96.org/be/news/51703
  15. http://protivpytok.org/politzakluchennye/dmitrij-bondarenko Архівавана 13 ліпеня 2016.
  16. https://palitviazni.info/naviny/2012/09/6458
  17. http://www.svaboda.org/a/24322085.html
Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра палітыкаў без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1963 годзе
Катэгорыя·Палітыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»