wd wp Пошук:

Беларуская чыгунка

Схема Беларускай чыгункі.
Аддзяленні Беларускай чыгункі.      Мінскае аддзяленне      Баранавіцкае аддзяленне      Брэсцкае аддзяленне      Віцебскае аддзяленне      Гомельскае аддзяленне      Магілёўскае аддзяленне
Будаўніцтва ўчасткаў сучаснай Беларускай чыгункі.
Храналогія электрыфікацыі Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка — дзяржаўны аператар чыгуначных ліній у Беларусі; дзяржаўнае беларускае аб’яднанне, падпарадкаванае Міністэрству транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, у склад якога ўключана 84 арганізацыі і 3 прадстаўніцтвы. У сучасных межах дзейнічае з 1953 года. У снежні 1991 года аддзялілася ад адзінай чыгункі былога СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўжыня чыгункі 5479 км, з іх 1228 км электрыфікавана (01.01.2019).

27 лістапада 1996 ўзнагароджана Ганаровай граматай Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь [1].

Гісторыя

У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Расійскай імперыі. За 1860–80-я тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс. км чыгуначных ліній, на пачатку 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс. км. У 1913 даўжыня чыгуначнай сеткі перавышала 3,8 тыс. км. Паскоранае будаўніцтва чыгунак было абумоўлена эканамічнымі і ваенна-палітычнымі інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталістычнага развіцця і геаграфічным размяшчэннем Беларусі.

Першая на Беларусі чыгуначная лінія ПарэччаГродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—1869 пабудаваны чыгуначны ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). У 1871 годзе ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асноўныя кірункі фарміравання Беларускай чыгункі. У 2-й палове 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага завода (Слаўгарадскі раён). У 1873 пабудаваны чыгуначны ўчастак Ковель—Брэст (частка чыгункі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся pyx паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—1887 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс. км), якія звязалі Прыбалтыку з заходнімі губернямі Украіны і цэнтральную Расію з Польшчай. На пачатку 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыгуначныя магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўднёвымі губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—1916) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясцовага значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.

Будаўніцтва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—1917 пабудаваны чыгуначныя лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы— Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і іншых участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыгуначныя лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў— Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка (кіраўніцтва ў Баранавічах) і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі.

У Вялікую Айчынную вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваеннай тэхнікі ворага на фронт, беларускія партызаны вялі на Беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т.л. рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыгуначнае. палатно, паравозы, дэпо, станцыі.

У пасляваенны перыяд Беларуская чыгунка ў асноўным адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Заходняй чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да Беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае адцзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыгуначная сетка рэспублікі супала з адміністрацыйнымі граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапрацоўчага аб’яднання і інш.

У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. У 1963 годзе пачаўся рух пасажырскіх цягнікоў на цеплавознай цязе на лініі Орша—Брэст. У 1966 годзе на гэтым напрамку на цеплавозы павялі грузавыя цягнікі. Пазней былі электрыфікаваныя таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). У 1975 годзе быў электрыфікаваны ўчастак Мінск—Стоўбцы, у 1979 годзе — Орша—Краснае, ў 1981 годзе пачаўся рух грузавых цягнікоў на электрацяге на ўчастку Смаленск—Орша і прыгарадных электрацягнікоў на ўчастку Барысаў—Орша. У 1981 годзе быў электрыфікаваны ўчастак Стоўбцы—Баранавічы, у 1983 — Баранавічы—Брэст. У 2015 годзе завершана электрыфікацыя ўчастка ад Мінска да Гомеля, у 2017 годзе — да Вільнюса.

Хуткасць пасажырскіх цягнікоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыгуначных станцыях наладжана даведачна-інфармацыйная служба, з 1989 г. уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасажырскія цягнікі і даведачна-інфармацыйная сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) будаўніцтва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя цягнікі «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 вылічальныя цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.

У перыяд з 28 лютага да 12 сакавіка 2022 года не працавала электронная сістэма продажу квіткоў на сайце Беларускай чыгункі і ў карпаратыўным мабільным дадатку, у выніку чаго купляць квіткі пасажырам прыходзілася ўручную ў дзень адпраўлення на вакзалах і станцыях, што выклікала сур’ёзныя складанасці. Касіры ўпершыню за шмат гадоў сталі выдаваць папяровыя білеты старажытнага ўзору (без месца). Таксама ўзнікалі складанасці і з аплатай карткамі[2].

Сучасны стан

Шчыльнасць чыгуначнай сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс. км². Удзельная вага ў грузаабароце 72,2 %, y пасажыраабароце — 54,6 % (1993). Асноўныя грузапатокі чыгуначнага транспарту праходзяць на напрамках Орша—Мінск—Брэст, Гомель—Мінск—Маладзечна, Калінкавічы—Жлобін—Орша—Віцебск і Лунінец—Баранавічы—Ліда—Беняконі; экспартна-імпартных грузаў — праз пагранічныя станцыі Брэст, Гродна, Бераставіца, Свіслач, Высока-Літоўск. Асноўнымі вузламі грузапатокаў з’яўляюцца Мінск, Полацк, Віцебск, Салігорск, Брэст, Гомель, Магілёў, Орша, Баранавічы і інш.

Цалкам электрыфікаваны ўчасткі Смаленск — Орша — Мінск — Баранавічы — Брэст і Вільнюс — Маладзечна — Мінск — Асіповічы — Жлобін — Гомель (з’яўляюцца двухшляховымі на ўсім працягу).

У складзе Беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў): Мінскае, Баранавіцкае, Брэсцкае, Гомельскае, Магілёўскае, Віцебскае, якія аб’ядноўваюць 368 станцый, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 13 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак транспартных сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-цягнікі, электрацягнікі і інш.).

З 1971 года працуе Музей гісторыі Беларускай чыгункі.

Беларуская чыгунка — член міжнароднай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнароднага саюза чыгунак.

Аддзяленні Беларускай чыгункі

Фармат пасажырскіх перавозак [3]

Лакаматыўная гаспадарка

Лакаматыўныя і вагонныя дэпо БЧ

На чыгунцы 16 асноўных, 4 адваротных і 1 маторавагоннае дэпо. Асноўныя лакаматыўныя дэпо:

Маторавагоннае дэпо:

Начальнікі Беларускай чыгункі

Гл. таксама

Спасылкі

Літаратура

Зноскі

  1. Постановление Кабинета Министров Республики Беларусь от 27 ноября 1996 г. № 757 «О награждении Белорусской железной дороги Почетной грамотой Кабинета Министров Республики Беларусь» Архівавана 1 сакавіка 2012. (руск.)
  2. БЖД починила электронную систему продажи билетов(руск.) . Onliner.by (12 сакавіка 2022). Праверана 13 сакавіка 2022.
  3. НОВЫ ФАРМАТ ПАСАЖЫРСКІХ ПЕРАВОЗАК.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Транспартныя кампаніі Беларусі
Катэгорыя·Цягнікі Беларускай чыгункі
Катэгорыя·Беларуская чыгунка
Катэгорыя·Чыгункі паводле алфавіта
Катэгорыя·Чыгункі Беларусі