wd wp Пошук:

Адмірал Серпінек

«Адміра́л Серпі́нек» (да 1920 г. — «Таццяна», у 1920—1922 г. — «Т–2», у 1940—1941 г. — «Прыпяць») — польскі штабны карабель, перароблены з расійскага парахода. У 1928—1939 гадах служыў у Пінскай рачной флатыліі ваенна-марскога флота Польшчы.

Гісторыя

Дакладная дата пабудовы і звесткі пра першага ўладальніка судна ў крыніцах не захаваліся. Вядома, што яно з’яўлялася колішнім расійскім пасажырскім параходам «Таццяна», які выкарыстоўваўся для перамяшчэння па Дняпры і Прыпяці. У сакавіку 1919 г. параход быў мабілізаваны ў Прыпяцкую ваенную флатылію СССР у якасці гідраавіяносца. У студзені 1920 года ўвайшоў у склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі, дзе выконваў функцыю плывучай базы.

27 красавіка 1920 г. у Чарнобылі параход быў захоплены польскімі войскамі і, пасля рамонта, 1 чэрвеня 1920 г. быў ўключаны ў склад Пінскай рачной флатыліі як грузавое судна «Т-2». Падчас адступлення флатыліі з Украіны і Усходняга Палесся, «Т-2» буксіраваў здабытыя (пераважна, у Кіеве) катары і параходы. 21 ліпеня 1920 г. ён наблізіўся да Пінска, але быў затоплены экіпажам на Піне праз чатыры дні з-за немагчымасці працягнуць плаванне з прычыны нізкага ўзроўня вады на Каралеўскім канале[1].

Пасля адыхода палякаў, карабель быў падняты савецкімі вайскоўцамі і адбуксіраваны да Мастоў Валынскіх, дзе праз нездзяйсняльнасць далейшай эвакуацыі зноў быў затоплены.

Неўзабаве па завяршэнні савецка-польскай вайны тэрыторыя Палесся канчаткова адыйшла да Польшчы. У красавіку 1921 г. карабель быў падняты са дна і накіраваны ў Модлін, дзе адбыўся грунтоўны рамонт судна. У 1922 годзе атрымаў назву «Адмірал Серпінек» у гонар Мацея Серпінека — першага польскага адмірала (XVI ст.) і стаў называцца вайсковым караблём Рэчы Паспалітай, дзеля чаго быў узброены двума станкавымі кулямётамі[1].

У 1925 годзе карабель быў накіраваны ў школу марскіх адмыслоўцаў у Свецэ на Вісле, дзе выкарстоўваўся як навучальны. Непрацяглы час таксама знаходзіўся ў Гданьскім вайсковым порце і эксплуатаваўся там як месца для харчавання экіпажа караблёў і афіцэраў.

У кастрычніку 1928 г. пад камандаваннем паручніка флота К. Копца карабель адплыў з Гданьска ў Модлін, дзе судна засталося зімаваць. Ад таго часу «Адмірал Серпінек» знаходзіўся ў статусе штабнога карабля Пінскай рачной флатыліі ваенна-марскога флота Польшчы, хаця прыбыў у Пінск толькі ў 1929 годзе. У 1935 г. адбылася перабудова карабля, у ходзе якой быў заменены паравы кацёл.

Згодна з мабілізацыйным планам, у межах выдзеленага адрэзка Прыпяці параход павінны быў весці назіранне за пераходам у раёне Сітніцкага канала. Камандуючым караблём стаў паручнік флота Януш Марцінеўскі.

30 сакавіка 1939 года судна накіравалася да азначанага месца. Па дарозе, у раёне Мастоў Валынскіх, «Адмірал Серпінек» сцягнуў з мялі на глыбокую ваду буксір «Вадалаз».

17 верасня 1939 г. у сувязі з пачаткам пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь камандаванне прыняла рашэнне затапіць параход. Былі адчынены ніжнія клапаны і ілюмінатары, а ў ніжняй частцы судна выразаны адтуліны. Каля 14.00 карабель зваліўся на правы борт і затануў[1].

«Адмірал Серпінек», падняты савецкімі вайскоўцамі пры дапамозе старой польскай шаланды «К6» у лістападзе 1939 г., неўзабаве быў перабудаваны і ўключаны ў склад Пінскай вайсковай флатыліі пад новым найменнем «Прыпяць».

На самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 г., «Прыпяць», якая знаходзілася на Дняпры, трапіла пад авіяўдар люфтвафэ, у выніку чаго 1 чалавек атрымаў раненні. 20 ліпеня 1941 года судна было перапраўлена ў Кіеў, дзе 18 верасня пры пакіданні горада карабель быў падарваны экіпажам паводле загада ваеннага савета. У 1944 годзе рэшткі «Адмірала Серпінека» былі выняты з вады і пушчаны на металалом[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 ORP “Admirał Sierpinek”(польск.) . Dobroni.pl (16 сакавіка 2013). Праверана 07.06.2019.
  2. ПРИПЯТЬ (до сентября 1939 г. “Admirał Sierpinek”)(руск.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 верасня 2018. Праверана 07.06.2019.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Ваенныя караблі Польшчы
Катэгорыя·Караблі Пінскай рачной флатыліі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных