wd wp Пошук:

Яўген Аляксандравіч Ляцкі

Яўге́н Алякса́ндравіч Ля́цкі (15 сакавіка 1868, Мінск — 7 ліпеня 1942, Прага) — беларускі фалькларыст, этнограф, крытык, гісторык літаратуры, даследчык беларускага фальклору.

Біяграфія

Яўген Ляцкі, 1893 г.

Нарадзіўся 3 (15) сакавіка 1868 года ў Мінску ў сям’і двараніна-землеўласніка, дальні сваяк паэта Льва Мея[5].

Вучыўся ў Мінскай гімназіі. З 16 гадоў зацікавіўся зборам фальклору, ездзіў у экспедыцыі[5].

У 1889—1893 гадах вучыўся на Славесным аддзяленні гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта[6], у 1890-х гадах выкладаў у ім. Удзельнічаў у фальклорных экспедыцыях на поўнач Расіі, у Паволжа, Літву, Беларусь (Палессе) і інш[7]. З канца 1890-х па 1907 год служыў у Санкт-Пецярбургу спачатку ў Інстытуце антрапалогіі і этнаграфіі, пасля — старшым этнографам, загадчыкам аддзела ў этнаграфічным аддзеле Рускага музея[5][8]. Даслужыўся да чыну стацкага саветніка[5].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе выехаў у Фінляндыю, у 1920 годзе ў Швецыі, з 1922 года жыў у Чэхаславакіі[5]. Працаваў прафесарам рускай мовы і літаратуры ў Карлавым універсітэце Прагі[9][5], а таксама выкладаў у Рускім вольным універсітэце[5]. У 1926 годзе быў запрошаны на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску, на якую не змог прыехаць, перадаў пісьмовае прывітанне канферэнцыі, напісанае па-беларуску[10]. Вёў перапіску з Вацлавам Ластоўскім[10].

Памёр 7 ліпеня 1942 года. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

Творчасць і навуковая дзейнасць

Збіраў і даследаваў беларускі фальклор, народную міфалогію (артыкул «Уяўленні беларусаў пра нячыстую сілу», 1890; «Хвароба і смерць ва ўяўленні беларусаў», 1892, і інш.)[7]. Яго фальклорна-этнаграфічныя даследаванні напісаныя на падставе матэрыялаў, сабраных у час экспедыцый па Беларусі і ў іншыя краіны[6]. Асобна выдаў «Матэрыялы для вывучэння творчасці і быту беларусаў. Вып. I. Прыказкі, прымаўкі, загадкі» (Масква, 1890).

З канца 1890-х гадоў як крытык і гісторык літаратуры прымаў удзел у часопісах «Чтения Московского общества истории и древностей», «Известия II отделения Академии наук», «Читатель», «Исторический вестник», «Образование», «Русское богатство», «Журнал для всех», «Познание России», «Голос минувшего», «Современный мир», «Современник», у «Большой энциклопедии», «Энциклопедическом словаре Брокгауза и Ефрона» і інш. У 1901 годзе быў блізкім супрацоўнікам «Вестника Европы», дзе надрукаваў шэраг артыкулаў пра расійскіх пісьменнікаў, апісанні этнаграфічнай паездкі на раку Пячору і мноства рэцэнзій у аддзеле «Литературного обозрения», дзе быў загадчыкам. Асобна выдаў «Новооткрытый журнал Екатерининской эпохи „Не всё и не ничего“. Текст и предисловие» (Москва, 1899), «И. А. Гончаров. Критические очерки» (СПб., 1904).

Ажаніўшыся з дачкой Аляксандра Пыпіна, займеў магчымасць карыстацца яго архівам, праз гэта выпусціў трохтомную перапіску Мікалая Чарнышэўскага з роднымі («Чернышевский в Сибири», СПБ, 1912—1913) і зборы лістоў Вісарыёна Бялінскага (3 тт., СПБ, 1913—1914), выкарыстоўваў асобныя неапублікаваныя матэрыялы для шэрагу работ пра Чарнышэўскага, перавыдаў некаторыя працы Пыпіна. У 1909 годзе заклаў у Санкт-Пецярбургу акцыянернае таварыства «Огни», якое публікавала мастацкія, навукова-папулярныя і дзіцячыя кнігі.

У Фінляндыі рэдагаваў газету «Северная жизнь», у Стакгольме заклаў і ўзначаліў выдавецтва «Северные огни», якое выдавала расійскую класічную літаратуру, у Празе — выдавецтва «Пламя» (1923—1926). У Празе Ляцкі супрацоўнічаў з газетай «Воля России», з часопісамі «Новая русская книга», «Русский архив» і інш. Напісаў работы ««И. А. Гончаров. Жизнь и творчество» (1925), «Роман и жизнь. Развитие творческой личности Гончарова, 1812—1857» (1925), «История русского языка» (1928).

Шмат зрабіў для прапаганды за мяжой беларускай літаратуры і фальклору[6]. Напісаў станоўчую рэцэнзію на трэці том «Беларусаў» Яўхіма Карскага, рукапіс захоўваецца ў Літаратурным архіве Прагі[10]. У 1927—1928 гадах у чэшскім часопісе «Slavia[ru]» апублікаваў цыкл артыкулаў «Нататкі па беларусазнаўстве», у італьянскім часопісе «Rivista di letterature slave[d]» («Часопіс славянскай літаратуры») — артыкул пра творчасць Якуба Коласа[7].

У манаграфіі, прысвечанай «Слову пра паход Ігараў», значнае месца адвёў беларускаму элементу гэтага помніка. У 1927—1929 гадах апублікаваў цыкл артыкулаў «Нататкі па беларусазнаўстве»[6].

У канцы 1880-х апублікаваў шэраг вершаў. У далейшым былі выдадзеныя ягоныя творы «В звёздную ночь» («Вестник Европы», 1905, № 6), «Чуть брезжил рассвет…» («Нива», 1907, № 13—16) і раман «Тундра» (Прага, 1925) пра норавы расійскай эміграцыі.

Асноўныя працы

Рукапісная калекцыя беларускага фальклору зберагаецца ў архіве Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі дом) Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу[11].

Зноскі

  1. Catalog of the German National Library Праверана 10 чэрвеня 2020.
  2. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 15 мая 2020.
  3. Jevgenij Ljackij // The Fine Art Archive — 2003.
  4. 1 2 Archiv hl. m. Prahy, Matrika zemřelých hlavního magistrátu, sign. MAG Z20, s. 23 — Т. MAG Z20. — С. 23.
  5. 1 2 3 4 5 6 7 Грачёва А. М. Ляцкий Евгений Александрович Архівавана 16 мая 2012. // Русская литература XX века. Прозаики, поэты, драматурги: био-библ. словарь: в 3 т. / под ред. Н. Н. Скатова. — М.: ОЛМА-ПРЕСС Инвест, 2005. — С. 492—493. ISBN 5-94848-211-1 (общ.)
  6. 1 2 3 4 Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  7. 1 2 3 Ляцкі Яўген Аляксандравіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
  8. Яўген Аляксандравіч Ляцкі // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  9. Берков П. Н. Ляцкий Евгений Александрович // Литературная энциклопедия: В 11 т. — [М.], 1929—1939. — Т. 6. — М.: ОГИЗ РСФСР, гос. словарно-энцикл. изд-во «Сов. Энцикл.», 1932. — Стб. 675.
  10. 1 2 3 Мікола Трус. Яўген Ляцкі. Еўрапейскі праваднік беларушчыны (нявызн.). zviazda.by (16 студзеня 2019).
  11. Беларусь, 1995

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1942 годзе
Катэгорыя·Крытыкі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 сакавіка
Катэгорыя·Фалькларысты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Імігравалі ў Фінляндыю з Беларусі
Катэгорыя·Імігравалі ў Чэхаславакію з Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Празе
Катэгорыя·Выкладчыкі Карлавага ўніверсітэта
Катэгорыя·Пахаваныя на Ольшанскіх могілках
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1868 годзе
Катэгорыя·Памерлі 7 ліпеня
Катэгорыя·Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы