wd wp Пошук:

Ян Мацэлі

Ян (Янка, Іва́н) Мацэ́лі (Мацэллі, Мацэля, Мяцеля) (1892[1], Малая Млынка[2], цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць, Беларусь — ?) — беларускі вайсковы дзеяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну, камандзір 2 батальёна 2-га Грозаўскага палка, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў слуцкай народнай міліцыі.

Прозвішча

У публікацыях беларускіх гісторыкаў прысутнічаюць розныя варыянты яго прозвішча — Мацэллі, Мацэля, Мяцеля. Але сам Мацэлі ў сваім лісце да рэдакцыі віленскай беларускай газеты «Народная справа» падпісаўся як Янка Мацэлі.

Біяграфічныя звесткі

Паводле Ніны Стужынскай, Янка Мацэлі нарадзіўся ў 1892 годзе ў Лунінецкім павеце. Аднак укладальнікі кнігі «Слуцкі збройны чын 1920 г.» называюць вёску Малую Млынку Цараўскай воласці Слуцкага павета. Імаверна, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў складзе расійскага войска. У пачатку 1919 года ён у ранзе падпаручніка быў ад’ютантам Першага беларускага гарадзенскага палка у складзе літоўскага войска. Браў удзел у падрыхтоўцы Беларускага з’езду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Пазней апынуўся ў Рызе, дзе стаў супрацоўнікам Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі увосень 1919 года[2]. А ў пачатку 1920 года Янка Мацэлі быў ужо ў Менску, у ранзе паручніка быў у 1-й роце рэзерву Беларускай вайсковай камісіі (БВК).

Слуцкі збройны чын

У маі 1920 года БВК накіравала Мацэлі ў Слуцкі і Пінскі паветы для вярбоўкі добраахвотнікаў у беларускае войска, якое мусіла стварацца з дазволу польскіх уладаў. У Слуцку ён развіў актыўную дзейнасць ды летам-восенню 1920 года стварыў беларускую гарадскую і павятовую народную міліцыю. Яна налічвала 500 чалавек, а ў рэзерв былі запісаныя 5 тысяч добраахвотнікаў. Менавіта гэтыя ўзброеныя фармаванні ў лістападзе сталі ядром будучай Слуцкай брыгады стральцоў БНР. Як піша Алег Латышонак, яшчэ да таго Янка Мацэлі меў намер выкарыстаць міліцыю для стварэння воінскіх часцей для генерал-маёра Станіслава Булак-Балаховіча. І ў канцы кастрычніка пэўныя сілы перайшлі са Случчыны пад Тураў, у лагер балахоўцаў, якія рыхтавалі свой палескі паход. Мацэлі заставаўся ў Слуцку, працягваў рыхтаваць узброенае выступленьне супраць бальшавікоў. Адначасова ён перашкаджаў прапольскай агітацыі.

На з’ездзе Случчыны ў лістападзе 1920 года Янка Мацэлі выбралі ў склад Беларускай рады Случчыны, ён належыў тады да «антыэсэраўскай апазіцыі». Адначасова Рада Случчыны даручыла паручніку Янку Мацэлі, Паўлу Жаўрыду і капітану Анастасу Анцыповічу арганізацыю збройных сілаў. Неўзабаве Мацэлі стаў камандзірам 2-га батальёна 2-га Грозаўскага палка 1-й Слуцкай брыгады. Цяпер з’яўляецца згадка пра Мацэлі, як пра штабс-капітана. Праз нейкі час Мацэлі накіравалі да генерал-маёра С. Булак-Балаховіча, войска якога адступіла ад Мазыра на польскі бок дэмаркацыйнай лініі, «дзеля наладжвання сувязі», а насамрэч, каб пазбавіцца ад балахоўца ў радзе[2].

Зялёны Дуб

У канцы 1920 года, пасля паразы случчакоў у баях з бальшавікамі, Янка Мацэлі апынуўся ў Давід-Гарадку (або ў ваколіцах Нясвіжа), хацеў змагацца далей. А. Латышонак называе яго «начальнікам штабу… беларускіх атрадаў» (на красавік 1921 года). Якраз вясной 1921 года разам з іншымі камандзірамі слуцкіх паўстанцаў (Гаўрыловічам, Самусевічам) Янка Мацэлі сфармаваў з добраахвотнікаў атрады (па 100—150 чалавек у кожным), якія перайшлі на акупаваную бальшавікамі тэрыторыю Беларусі, каб партызаніць. Неўзабаве ён стаў удзельнікам паўстанцкай арганізацыі «Зялёны Дуб», імаверна, быў знаёмы з атаманам Дзергачом з часу працы ў БВК.

У 1921 годзе Мацэлі камандаваў адной з найбольш буйных партызанскіх груповак. Яна складалася з аддзелаў паручніка Антона Мірановіча (знаходзіўся каля Мазырскага павета) і капітана Канстанцінава (знаходзіўся недзе каля Ігуменшчыны).

Ва ўспамінах Сяргея Бусла абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з польскай Дэфензівай і ў выдачы Уласа Дубіны савецкім уладам[3].

Далейшы лёс

Пра далейшы лёс Янкі Мацэлі вядома мала. Ёсць ягоны ліст, дасланы ў рэдакцыю віленскай беларускай газеты «Народная справа». Ён быў апублікаваны ў жніўні 1926 года. Мацэлі абвяргаў сваё дачыненне да агітацыі вяскоўцаў за ўдзел у з’ездзе паланафільскай Часовай беларускай рады Арсеня Паўлюкевіча. Сяргей Ёрш мяркуе, што на 1926 год Янка Мацэлі жыў у Заходняй Беларусі ў адным з памежных з БССР раёнаў. Паводле Ніны Стужынскай, Янка Мацэлі працягваў антысавецкую партызанскую дзейнасць да канца 20-х гадоў[1]. Але з гэтым не пагаджаецца Сяргей Ёрш, які ліча, што 1925—1926 гады былі апошнімі, калі Мацэлі ўдзельнічаў у рэйдах на савецкі бок.

Зноскі

  1. 1 2 Стужынская, 2012, с. 325
  2. 1 2 3 Слуцкі збройны чын, 2006, с. 320—321
  3. Слуцкі збройны чын, 2006, с. 171

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1892 годзе
Катэгорыя·Члены Беларускай рады Случчыны
Катэгорыя·Ваенныя Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім раёне
Катэгорыя·Члены Беларускай вайсковай камісіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Ваенныя Літвы
Катэгорыя·Удзельнікі Слуцкага паўстання
Катэгорыя·Члены арганізацыі «Зялёны дуб»