wd wp Пошук:

Павел Якаўлевіч Жаўрыд

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жаўрыд.

Па́вел Я́каўлевіч Жаўры́д (13 чэрвеня 1889, в. Цяцераўка, цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць — 11 мая 1939, пас. Княж-Пагост, Комі АССР, ГУЛАГ[1]) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія

Павел Жаўрыд, фота са справы ДПУ, 1930 г.

Нарадзіўся 13 чэрвеня 1889 года ў фальварку Цяцераўка[заўв 1] Слуцкага павета. Жаўрыды паходзілі са збяднелай шляхты Цялядавіцкай воласці. У 1905 годзе яго бацька, Якаў Жаўрыд, скарыстаўшыся пазыкай сялянскага банка, набыў хутар Магільскі ў Старобінскай воласці. Такім чынам сям’я набыла 45 дзесяцін малапрыдатнай для земляробства зямлі. Жаўрыды былі ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таму што трэба было плаціць вялікія грошы банку. Праз гэта яны не маглі дапамагчы сыну, які ў той час вучыўся[2].

Пачатковую адукацыю атрымаў у народнай вучэльні Грэска. У 1909 годзе скончыў Слуцкую гімназію. У Слуцку Павел жыў у доме Асвяцімскіх, дзе пасябраваў з вядомым беларускім эсэрам Маркам Асвяцімскім. Таксама ў Слуцкай гімназіі Павел блізка пазнаёміўся з Фабіянам Шантырам. З Шантырам ён ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру і рабіў даклады на рэвалюцыйную тэму. Гімназісты далі яму мянушку «Арганізацыя»[2].

Вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1916 годзе мабілізаваны ў расійскае войска. У 1917 годзе скончыў Віленскую вайсковую вучэльню, эвакуіраваную ў Палтаву. Накіраваны ў Туркестан, пазней на Румынскі фронт, пасля Лютаўскай рэвалюцыі абраны старшынёй палкавога камітэта[3]. На тым участку вайны сканцэнтравалася амаль 100 тысяч беларусаў[2]. Ад беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску[3]. У тэрмін у Менск ён не паспеў праз транспартныя цяжкасці, прыехаў толькі пад самы канец працы з’езда. На фронт больш не вярнуўся, бо старая армія развалілася. У час Кастрычніцкай рэвалюцыю і нямецкай акупацыі жыў у бацькоўскім хутары[2].

З 1918 года працаваў юрысконсультам у Слуцкага павятовага зямельнага аддзела, сябра БПСР. Старшыня Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі Беларусі Карл Ландэр уключыў Жаўрыда ў склад камісіі па праверцы дзейнасці Слуцкай ЧК. Жаўрыд выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату ўлетку 1919 года арыштаваны ЧК, абвінавачаны ў дапамозе Дзянікіну. Спачатку апынуўся ў Слуцкай турме, з надыходам польскай арміі — у Бабруйскай крэпасці, пазней у Смаленскай ЧК. Вызвалены ў снежні 1919 года разам з польскімі ваеннапалоннымі, якіх польскі бок абмяняў на расійскіх зняволеных[2]. Вярнуўся ў Слуцк, дзе быў абраны старшынёй Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта. У ліпені 1920 года мабілізаваны ў Чырвоную армію (памочнік камандзіра Слуцкай кавалерыйскай роты)[3].

У канцы 1920 года Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 года. У 1921 годзе жыў у Вільні, сябра тамтэйшага Беларускага нацыянальнага камітэта ды Беларускай школьнай рады[3].

Потым вярнуўся на Случчыну, у БССР. У 1923—1930 гадах працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, рэдакцыі газеты «Звязда» (у часе арышту стыльрэдактар).

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў лагераў. Вызвалены 21 чэрвеня 1934 года. Пасля выхаду з лагера жыў у ссылцы ў Сарапуле, Удмурцкая АССР. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў лагераў, верагодна, этапаваны ў Паўночна-чыгуначны канцлагер НКУС Комі АССР (пас. Княж-Пагост), дзе памёр ад хваробы.

Рэабілітаваны паводле першага абвінавачання судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988 года, паводле другога — Кіраўскім абласным судом. Групавая справа Жаўрыда і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.

Заўвагі

  1. Цяпер не існуе, фальварак месціўся па дарозе паміж вёскамі Стары Капыль і Думічы, цяпер Капыльскі раён.

Зноскі

  1. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  2. 1 2 3 4 5 Ніна Стужынская Слуцкі збройны чын. «Deiminoris — малодшыя багі»(нявызн.). naviny.by (27 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2015. Праверана 19 чэрвеня 2015.
  3. 1 2 3 4 Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 296—297. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Памерлі ў Комі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Капыльскім раёне
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ваеннага вучылішча
Катэгорыя·Выкладчыкі Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума імя У. Е. Лабанка
Катэгорыя·Памерлі 11 мая
Катэгорыя·Члены Беларускай рады Случчыны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 чэрвеня
Катэгорыя·Удзельнікі Слуцкага паўстання
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Памерлі ў 1939 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Выпускнікі Слуцкай гімназіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1889 годзе
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»