wd wp Пошук:

Сяргей Нічыпаравіч Бусел

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бусел. Сярге́й Нічы́паравіч Бу́сел (19 лютага 1901, Сухоўчыцы, цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць, Беларусь — пасля 1939) — беларускі нацыянальны дзеяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія

Фота са справы НКУС

Нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Сухоўчыцы Слуцкага павета ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Раманаўскай вышэйшай пачатковай вучэльні (1916), у жніўні 1917 года паступіў у Слуцкую агульную земскую (беларускую гімназію). Быў адным з лідараў таварыства «Папараць-Кветка», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху. З 1918 года ў складзе Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у склад ейнага Слуцкага павятовага камітэта. У часе польска-савецкай вайны актыўна ўдзельнічае ў антыпольскім падпольным руху, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. Удзельнік партыйных з’ездаў БПСР у сакавіку і кастрычніку 1920 года ў Смаленску і Менску. Адзін з арганізатараў Беларускага з’езда Случчыны 14—15 лістапада 1920 года[1]. У часе Слуцкага збройнага чыну на даручэнне старшыні Беларускай Рады Случчыны Уладзіміра Пракулевіча прымаў удзел у фармаванні Першай Слуцкай брыгады войскаў БНР у мястэчку Семежава.

Па ліквідаванні збройнага чыну — у складзе аднаго з аддзелаў Беларускай вайсковай камісіі (БВК), пад прыкрыццём мандата рэвідэнта БВК па культурна-асветных справах праводзіў эсэраўскую прапаганду сярод беларускіх сялян Гарадзеншчыны і жаўнераў беларускага батальёна ў Лодзі. Пасля скасавання палякамі БВК у 1921 годзе пераязджае ў Вільню, дзе выконвае заданні Загранічнага бюро БПСР. Каб пазбегнуць арышту, пераязджае ў Коўна (Літва), дзе нейкі час працуе ў Прадстаўніцтве БНР і Міністэрстве беларускіх спраў. У 1922 годзе, паводле рэкамендацыі Урада БНР і персанальна Вацлава Ластоўскага едзе вучыцца ў Прагу (Чэхаславакія), у Вышэйшую тэхнічную школу[1].

У часе навучання на агранамічным факультэце актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай эміграцыі: блізка сыходзіцца з Тамашом Грыбам, Язэпам Мамонькам, Палутай Бадуновай, Міколам Чарнецкім, уваходзіць у Загранічнае бюро БПСР, актывіст эсэраўскай студэнцкай арганізацыі «Вольная Грамада». У 1929 годзе, пасля заканчэння навучання і атрымання дыплома агранома вяртаецца ў Вільню, дзе спрабуе ўзнавіць мясцовую суполку беларускіх эсэраў. Некаторы час мае сувязь з Цэнтрабелсаюзам Антона Луцкевіча і Радаслава Астоўскага, потым перапыняе кантакты з гэтай групоўкай, выяўляючы сваю рэзкую пазіцыю да палітыкі польскіх уладаў, у прыватнасці, да прыхільнікаў палітычнага рэжыму Юзафа Пілсудскага. Удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, супрацоўнічаў з часопісам «Золак»[1].

Па заняцці Вільні Чырвонай Арміяй у верасні 1939 года ўдзельнічаў у сходзе беларускай інтэлігенцыі, на якім падтрымаў курс на аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР[2]. У кастрычніку 1939 года арыштаваны спецыяльнай групай НКУС БССР і вывезены ў Мінск. У лютым 1940 года прыгавораны да 15 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Далейшы лёс невядомы[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 293—294. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
  2. На сходзе культурна-асветных работнікаў-беларусаў (нявызн.). Віленская праўда № 4 (26 верасня 1939).(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Капыльскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 лютага
Катэгорыя·Удзельнікі Слуцкага паўстання
Катэгорыя·Выпускнікі Чэшскага тэхнічнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1901 годзе