wd wp Пошук:

Беларуская краёвая абарона

Беларуская краёвая абарона (БКА) — вайсковае фарміраванне, створанае ў генеральнай акрузе «Беларусь» у 1944, якое ў будучыні павінна было стаць ядром Нацыянальных узброеных сіл незалежнай Беларусі[3].

Гісторыя

БКА была ўтворана паводле загадаў в.а. генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) Р. Астроўскага ў лютым-сакавіку 1944. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне на чале з маёрам Ф. Кушалем. Аснову фарміравання складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-24 г.н. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў па 450-500 чал.

У выніку прызыву ў сямі раёнах Генеральнай акругі Беларусь была сфарміравана наступная колькасць батальёнаў:

Да сярэдзіны красавіка 1944 было створана 39 пяхотных і 6 сапёрна-будаўнічых батальёнаў, некаторыя з якіх засталіся недаўкамплектаваныя[4]. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Менску, радавыя — на месцах службы.

Галоўнай задачай БКА з’яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, дабраахвотна ішла служыць у БКА.

Пасля 27 чэрвеня 1944 нямецкі персанал, адказны за сувязь пры БКА, пакінуў Мінск, і рашэнне пра лёс асобных атрадаў БКА паклалася на камандзіраў гэтых атрадаў. Яны паставілі жаўнераў БКА перад выбарам: адступіць разам з немцамі ці застацца дома. Напрыклад, толькі 20 з 700 салдат баранавіцкага атрада БКА вырашылі ісці з немцамі на захад[5].

Пасля таго, як тэрыторыю Беларусі занялі савецкія войскі, кіраўніцтва БКА перабралася ў Германію, дзе працягвала сваю дзейнасць. Паводле звестак камандзіра БКА Ф. Кушаля, ва Усходняй Прусіі і Польшчы было каля 10 тысяч жаўнераў БКА[6].

5 кастрычніка 1944 распараджэннем прэзідэнта БЦР Р. Астроўскага вайсковы аддзел БЦР быў рэарганізаваны ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР (Weissruthenische Zentralrad—Hauptmilitärverwaltung) на чале з К. Езавітавым, які меў ад’ютанта (лейтэнант Яўген Ніканюк). Камандаванне БКА, якое працягвала намінальна дзейнічаць, падпарадкоўвалася Галоўнаму кіраўніцтву вайсковых спраў БЦР[7]. 15 кастрычніка 1944 прэзідэнт БЦР выдаў загад № 3 аб сфарміраванні ў Берліне 1-га кадравага батальёна БКА. Камандны склад батальёна быў наступны: капітан Пётр Касацкі (афіцэрскі курс), капітан Антон Сокал-Кутылоўскі (падафіцэрскі курс), капітан Зміцер Сажыч (вучэбная каманда), старшы лейтэнант Янка Кісель (гаспадарчая і ахоўная каманда), капітан Мікалай Дзямідаў (намеснік камандзіра падафіцэрскага курса), др. Баляслаў Грабінскі (старшы батальённы лекар)[8]. Агульнае камандаванне батальёнам ажыццяўляў Ф. Кушаль як кіраўнік БКА, аднак непасрэдна адказным быў часова выконваючы абавязкі камандзіра П. Касацкі (25 лютага 1945 яго змяніў на гэтай пасадзе маёр Сцяпан Шнэк). На пачатку 1945 утворана грэнадзёрская брыгада (1-я беларуская), пазней — 30-я грэнадзёрская дывізія СС (1-я беларуская)), якая ў канцы вайны здаліся ў палон да амерыканцам . Пасля вайны значная частка жаўнераў і афіцэраў БКА апынулася ў эміграцыі.

Прысяга жаўнера Беларускай краёвай абароны

ПАСТАНОВА №13 ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ, Г. МЕНСК, 19 САКАВІКА 1944 Г.

  1. Дзеля прывядзеньня стральцоў Беларускай Краёвай Абароны да прысягі вызначаю назаўсёды дзень 25 Сакавіка — Вялікі Дзень абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.

  2. У бягучым годзе ўрачысты акт прыняцьця прысягі на вернасьць і адданасьць Радзіме вызначаю 26 сакавіка.

  3. Прыняцьцю прысягі падлягаюць усе афіцэры, падафіцэры і стральцы Беларускай Краёвай Абароны.

  4. У акруговых гарадох прысягу прыймаюць намесьнікі Беларускай Цэнтральнай Рады, у паветах — батальённыя камандзіры Беларускай Краёвай Абароны.

  5. Акт прысягі пацьвярджаецца ўласнаручнымі подпісамі стральцоў і афіцэраў. Дадаецца тэкст прысягі.

Р. Астроўскі Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады

ТЕКСТ ПРЫСЯГІ

Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму беларускаму народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг беларускага народу.

Я прысягаю, што хутчэй аддам сваё жыцьцё, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры і ўвесь беларускі народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.

Калі-ж з сваей слабасьці ці злога намеру я парушу гэту прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і бацькаўшчыны.

[9][10]

Гл. таксама

Зноскі

  1. Eugeniusz Mironowicz Okupacja niemiecka na Białorusi (Polish, Belarusian). Historia Białorusi od połowy XVIII do XX w. [History of Belarus, mid 18th century until the 20th century]. Związek Białoruski w RP, Katedra Kultury Białoruskiej Uniwersytetu w Białymstoku (Internet Archive) (2014). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2007. Праверана 12 ліпеня 2014.
  2. Alexander Brakel: Unter Rotem Stern und Hakenkreuz.Baranowicze 1939 bis 1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung. (= Zeitalter der Weltkriege. Band 5). Ferdinand Schöningh Verlag, Paderborn u. a. 2009, ISBN 978-3-506-76784-4, S. 221.
  3. Белорусская Краёвая Оборона. К вопросу о создании белорусского национального войска в годы Второй мировой войны / А.М. Литвин // Нёман. — 1994. — №4. — С.170—191. (руск.)
  4. Літвін, А. Аупацыя Беларусі (1941—1944). Пытанні супраціву і калабарацыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 187.
  5. Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 189.
  6. Франц Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска. — Мн., 1999. — С. 51.
  7. За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі: дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960 — С. 128.
  8. НАРБ. Ф. 383. Воп. 1. Спр. 11а. Л. 277; За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі: дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960 — С. 129.
  9. Рэканструкцыя БКА
  10. За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі, Лёндан, 1960. с. 102-103

У сеціве

Тэмы гэтай старонкі (7):
Беларускія калабарацыянісцкія фарміраванні ў Другой сусветнай вайне
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
З’явіліся ў 1944 годзе
Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944)
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Вайсковыя арганізацыі беларускай гісторыі
Беларуская краёвая абарона