wd wp Пошук:

Эпас пра Гільгамеша

«Эпас пра Гільгамеша», або паэма «Аб ўсё пабачыўшым» (акад.: ša nagba imuru) — адзін з найстарэйшых захаваных літаратурных твораў у свеце, самы значны твор, напісаны клінапісам, адзін з найвялікшых твораў літаратуры Старажытнага Усходу. «Эпас» ствараўся на акадскай мове на аснове шумерскіх паданняў на працягу паўтары тысячы гадоў, пачынаючы з XVIIIXVII стагоддзяў да н. э. Яго найбольш поўная версія была знойдзена ў сярэдзіне XIX стагоддзя пры раскопках клінапіснай бібліятэкі цара Ашурбаніпала у Ніневіі. Яна была запісана на 12 шасціслупковых таблічках дробным клінапісам, уключала каля 3 тысяч вершаў і была датавана VII стагоддзем да н. э. Таксама ў XX стагоддзі былі знойдзены фрагменты іншых версій эпасу, у тым ліку і на хурыцкай і хецкай мовах.

Галоўнымі героямі эпасу з’яўляюцца Гільгамеш і Энкіду, аб якіх таксама дайшлі асобныя песні на шумерскай мове, некаторыя з іх былі створаны яшчэ ў канцы першай палавіны III тысячагоддзя да н. э. У герояў быў адзін і той жа праціўнік — Хумбаба (Хувава), які ахоўвае святыя кедры. За іх подзвігамі сочаць багі, якія ў шумерскіх песнях носяць шумерскія імёны, а ў эпасе аб Гільгамешы — акадскія. Аднак у шумерскіх песнях адсутнічае сувязны стрыжань, знойдзены акадскім паэтам. Сіла характару акадскага Гільгамеша, веліч яго душы — не ў знешніх праявах, а ў адносінах з чалавекам Энкіду. «Эпас пра Гільгамеша» — гэта гімн дружбе, якая не проста спрыяе пераадоленню знешніх перашкод, але ператварае, надае высакароднасць.

Таксама ў эпасе адлюстраваны многія погляды філасофіі таго часу на навакольны свет (элементы касмагоніі, гісторыя пра «Вялікі патоп» у позняй рэдакцыі), этыку, месца і лёс чалавека (пошукі бессмяротнасці). У многім «Эпас пра Гільгамеша» параўноўваюць з творамі Гамера — «Іліядай», за якую ён старэйшы за на тысячу гадоў, і «Адысеяй».

Гісторыя знаходкі «Эпасу»

У 1849 годзе англійскі археолаг Осцін Генры Лэярд у выніку раскопак выявіў асірыйскі горад Ніневія. Падчас далейшых раскопак у горадзе была знойдзена клінапісная бібліятэка цара Ашурбаніпала. Клінапісныя таблічкі з гэтай бібліятэкі асістэнт Лэярда, Армузд Расам, які раскапаў у 1852 годзе другую частку бібліятэкі, перадаў у Брытанскі музей[1].

Пазней даследаваннямі знойдзеных таблічак займаўся таленавіты самавук, асістэнт егіпецка-асірыйскага аддзялення музея Джордж Сміт. 3 снежня 1862 г. ён выступіў з дакладам у «Таварыстве біблейскай археалогіі». У дакладзе ён заявіў, што знайшоў міф пра патоп, падобны на запісаны ў Бібліі. Гэта паведамленне выклікала сенсацыю і ўсеагульную цікавасць. Газета «Дэйлі тэлеграф» нават паабяцала 1000 фунтаў таму, хто знойдзе адсутныя фрагменты падання. Джордж Сміт скарыстаўся гэтым і адправіўся ў Месапатамію[2][3][4][5].

Працягваючы дэшыфроўку таблічак, Сміт выявіў, што паведамленне пра патоп з’яўляецца часткай нейкай вялікай паэмы, якую валіланяне называлі «Паданнямі аб Гільгамешы». Па сцвярджэннях пісцоў, «Паданні» складаліся з 12 песень, кожная з якіх складала каля 300 радкоў. Неўзабаве ён зразумеў, што часткі апавядання не хапае, бо некалькі таблічак адсутнічаюць. У выніку арганізаванай ім у 1873 экспедыцыі ўдалося знайсці 384 таблічкі, сярод якіх аказалася і адсутная частка «Эпасу»[5][2][3][4].

У пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя быў знойдзены шэраг іншых таблічак з фрагментамі «Эпасу» на розных мовах[6][3].

Апісанне «Эпасу»

Раннія паданні пра Гільгамеша

«Эпас пра Гільгамеша» ствараўся на працягу паўтары тысячы гадоў. Да нашага часу дайшлі клінапісныя таблічкі, у якіх песні пра Гільгамеша, якія з’яўляюцца часткай «Эпасу», запісаныя на чатырох мовах Старажытнага Усходу — шумерскай, акадскай, хурыцкай і хецкай. Найстаражытнейшыя з тэкстаў напісаны на шумерскай мове. Пры гэтым найбольш важнай лічыцца версія на акадскай мове, якая з’яўляецца велізарным мастацкім дасягненнем[6].

Захаваныя шумерскія паданні пра Гільгамеша не аб’яднаныя ў нейкую групу твораў. Усяго іх захавалася дзевяць, і ўсе яны адносяцца да катэгорыі эпічных помнікаў. Тры паданні вядомыя толькі па пераказах, астатнія шэсць захаваліся і былі выдадзеныя[7].

Раннія паданні адносяцца да так званага Ніпурскага канона, які быў часткай акада-шумерскага эпасу. Першапачаткова іх пратографы, верагодна, з’яўляліся часткай цыкла, які апавядаў пра кіраўнікоў горада Урука з Першай дынастыі Урука. Акрамя эпасу аб Гільгамешы, які быў пятым кіраўніком Урука, да нашага часу дайшлі паданні аб Энмеркары, другім кіраўніку Урука, і Лугальбандзе, чацвёртым кіраўніку і бацьку Гільгамеша[7].

Акада-шумерскія паданні, звязаныя з Гільгамешам, захаваліся ў спісах, датаваных пачаткам II тысячагоддзя да н. э. (каля XVIII стагоддзя да н. э.)[8]. Аднак на аснове шматлікіх апісак і недакладнасцей пісцоў, а таксама на аснове характару мовы, які выглядаў архаічным для гэтага часу, даследчыкі лічаць, што паэма была створана значна раней. З улікам таго, што паэма, мяркуючы па ўсім, была створана да ўстанаўлення царамі Ура адзінства боскага пантэона, а таксама на аснове дадзеных аб распаўсюджанні акадскай мовы на поўдні Месапатаміі, стварэнне паэмы адносяць да XXIII—XXI стагоддзяў да н. э.[9]

У цяперашні час вядомыя наступныя паданні:

Ніхто ўжо не помніў аб Гільгамешы як аб гістарычнай асобе, калі ствараліся гэтыя паданні. Напісаныя ў жанры эпічнай паэмы, яны прымітыўныя па зместу і архаічныя па форме, чым моцна адрозніваюцца ад акадскай паэмы аб Гільгамешы, якая была створана ненашмат пазней[8].

Стварэнне «Эпасу»

Рэльеф з выявай Гільгамеша.
Музей анаталійскіх цывілізацый, Анкара, Турцыя

На думку даследчыкаў «Эпасу», першыя песні пра Гільгамеша былі створаны яшчэ ў канцы першай палавіны III тысячагоддзя да н. э. Першыя таблічкі, якія дайшлі да нашага часу, былі створаны на 800 гадоў пазней. Прыкладна да гэтага часу адносяць і стварэнне акадскай версіі паэмы, якая, верагодна, канчаткова склалася ў апошняй трэці III тысячагоддзя да н. э. У 2-м тысячагоддзі да н. э. у Палесціне і Малой Азіі была створана іншая версія акадскай паэмы — «перыферыйная». Да гэтага ж часу адносяць і пераклад «Эпасу» на хурыцкую і хецкую мовы. Ад канца другога тысячагоддзя і да VII—VI стагоддзяў да н. э. быў створаны канчатковы варыянт «Эпасу» — «ніневійскі», які і быў знойдзены ў бібліятэцы Ашурбаніпала[6].

У аснову «Эпасу» леглі як міфалагічныя матывы, заснаваныя на рэлігійных вераваннях шумераў, так і гістарычныя легенды. Гільгамеш быў гістарычнай асобай — лугалем шумерскага горада Урука каля 2800—2700 гадоў да н. э. Яго імя, якое на шумерскай мове ўмоўна перадаецца як «Більгамес» (шум. Bil-ga-mes), згадваецца ў шумерскай таблічцы са спісам шумерскіх кіраўнікоў, датаванай пачаткам II тысячагоддзя да н. э. Аднак дастаткова рана Гільгамеш стаў абагаўляцца. З XVIII стагоддзя да н. э. яго імя ў форме «Більгемес» або «Більгамес» упамінаецца сярод шумерскіх божастваў. Вакол яго ўзніклі шматлікія легенды, у якіх ён уяўляўся боскім героем, сынам багіні Нінсун і героя Лугальбанды (па іншай версіі — духа «лілу»). Пазней імя Гільгамеша стала вельмі папулярна ў Вавілоніі, Хецкім царстве і Асірыі, з ім звязваўся вобраз героя, які змагаецца са звярамі, яго спадарожнікам быў герой паўбык-паўчалавек. Пазней лічылася, што Гільгамеш — бажаство, якое абараняе людзей ад дэманаў, суддзя замагільнага свету. Яго выявы змяшчалі ля ўваходу ў дом, бо лічылася, што такім чынам жыллё абаранялася ад злых духаў. У той жа час у афіцыйным кульце Гільгамеш нейкай асаблівай ролі не адыгрываў[13][14].

Сюжэт

Імаверная выява Энкіду.
Статуя з палаца Саргона II у Дур-Шарукіне

Галоўнымі героямі «Эпасу» з’яўляюцца паўбог Гільгамеш — магутны воін, цар Урука, а таксама Энкіду — дзікі чалавек, якога багіня Аруру стварыла з гліны. Багіня стварыла Энкіду ў адказ на просьбы жыхароў Урука, незадаволеных іх уладаром — Гільгамешам, якога яны абвінавачваюць у тым, што буянства яго не ведае граніц. Энкіду павінен процістаяць Гільгамешу, а магчыма, і перамагчы яго[15].

Энкіду з цывілізаваным жыццём не знаёмы, жыве ў стэпе сярод дзікіх жывёл і не падазрае аб тым, для чаго ён створаны. Пры гэтым у Гільгамеша ўзнікаюць уявы, з якіх ён разумее, што яму наканавана знайсці сябра[15].

Аднойчы ва Урук прыйшла вестка аб тым, што ў стэпе з’явіўся нейкі магутны чалавек, які не дае паляваць, абараняючы жывёл. Гільгамеш вырашае паслаць да яго блудніцу, лічачы, што гэта прымусіць звяроў пакінуць Энкіду. Мэты сваёй ён дабіўся — Энкіду быў спакушан, пасля чаго блудніца забірае яго з сабой у горад, дзе ён далучаецца да цывілізацыі і ўпершыню спажывае хлеб і віно[15].

У горадзе Энкіду сустракаецца з Гільгамешам. Паміж імі адбываецца паядынак, але перамагчы нікому з іх не ўдаецца. Пасля гэтага яны становяцца сябрамі і ўдваіх пачынаюць здзяйсняць подзвігі. Яны ўступілі ў бітву з лютым Хумбабай, які ахоўвае горныя кедры, затым іх сапернікам становіцца жахлівы бык, якога паслала багіня Іштар, раз’юшаная на Гільгамеша за яго адмову падзяліць з ёй каханне. Забойства Хумбабы выклікае гнеў багоў, які абвальваецца на Энкіду, у выніку чаго той памірае[15].

Смерць Энкіду ўразіла Гільгамеша, ад гора ён бяжыць у пустыню, сумуе па другу, яго адчай велізарны. Гільгамеш у першы раз разумее, што ён смяротны, і ўсведамляе, што смерць — гэта лёс усіх людзей[15].

У выніку сваіх блуканняў Гільгамеш аказваецца на востраве блажэнных, дзе жыве Ут-напішцім — чалавек, які адзін з усіх стаў бессмяротным. Гільгамеш жадае зразумець, як гэта ўдалося Ут-напішціму, які расказвае пра гісторыю сусветнага патопу, пасля якога выжыў адзін ён. Пасля гэтага Ут-напішцім кажа Гільгамешу, што дзеля яго другі раз савет багоў не стане збірацца. Далей ён прапануе Гільгамешу знайсці спосаб перамагчы сон, аднак гэта аказваецца нездзяйсняльным[15].

Жонка Ут-напішціма, якая пашкадавала героя, угаварыла мужа зрабіць яму на развітанне падарунак. Гільгамеш атрымлівае веды аб кветцы вечнай маладосці, якую вельмі цяжка знайсці. Гільгамешу ўдалося знайсці, але не паспытаць кветку: калі ён вырашыў выкупацца, змяя з’ядае кветку, скідае скуру і становіцца маладой[15].

Пасля таго, што адбылося, герой вярнуўся ва Урук, дзе прапанаваў свайму стырнавому Уршанабі прагуляцца з ім па сценах горада, якія былі пабудаваныя самім Гільгамешам. Гільгамеш паказвае сцены і выказвае надзею, што нашчадкі будуць помніць пра яго ўчынкі[15].

У XII песні, якая мае пазнейшае паходжанне і была механічна далучана да «Эпасу», з’яўляецца даслоўным перакладам на акадскую мову другой часткі шумерскай паэмы «Гільгамеш і вярба». Яна апавядае аб тым, як Энкіду вырашае спусціцца ў падземны свет, каб вярнуць барабан, але пры гэтым парушае магічныя забароны і не можа вярнуцца назад. Гільгамеш звяртаецца з просьбай да багоў, у выніку яму было дазволена пагутарыць з духам Энкіду, які расказаў, якая бязрадасная доля мёртвых. Гэта частка, нягледзячы на тое, што яна не ўвязана з папярэднім сюжэтам, дазволіла падкрэсліць думку аб тым, што смерці нікому пазбегнуць не ўдасца[16].

«Эпас пра Гільгамеша» і Біблія

Таблічка, на якой знаходзіцца апісанне патопу. Брытанскі музей

Асноўны артыкул: Сусветны патоп Вялікую цікавасць даследчыкаў выклікае апавяданне пра патоп, выкладзены ў табліцы XI «Эпасу» (радкі 9-199). У ім Утнапішцім расказвае Гільгамешу аб тым, як ён аказаўся адзіным, хто выжыў у стыхійным бедстве. Упершыню літаратурны пераклад гэтага апавядання быў апублікаваны ў снежні 1872 года Джорджам Смітам пад назвай «Уяўленні халдзеяў пра патоп», і ён выклікаў вялікую цікавасць не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ва ўсім свеце[4].

У 1914 годзе Арно Пёбель апублікаваў фрагмент шумерскай таблічкі, у якім змяшчаецца апісанне патопу. Мяркуючы па ўсім, іменна дадзены тэкст з’яўляецца першакрыніцай апавядання пра патоп, які потым быў арганічна звязаны з «Эпасам»[12][17].

Многія даследчыкі звярнулі ўвагу на адпаведнасць апісання патопу ў «Эпасе» з Сусветным патопам, аб якім расказваецца ў Бібліі, у выніку чаго была выказана здагадка аб тым, што апісанне Сусветнага патопу ў Бібліі ўзыходзіць іменна да «Эпасу аб Гільгамешы». І гэтая гіпотэза выкарыстоўвалася ў якасці аднаго з аргументаў для абвяржэння святасці Бібліі[4].

У той жа час з улікам таго, што легенды пра патоп існуюць у многіх блізкаўсходніх народаў, існуе гіпотэза аб тым, што і «Эпас», і Біблія запазычылі звесткі пра патоп з агульнай крыніцы[18][19].

Даследчыкі знаходзяць у Бібліі і іншыя паралелі з «Эпасам». У прыватнасці, існуе падабенства паміж гісторыямі Энкіду і Шамхат і біблейскім апавяданнем аб Адаме і Еве[20]. Словы гаспадыні багоў Сідуры Гільгамешу (табліца X) фактычна пераказваюцца ў «Кнізе Эклеізіяста» (Экл, 9: 7-10)[21].

Публікацыі

Клінапісныя тэксты, транскрыпцыі з акадскай мовы

Шумерскія версіі (транскрыпцыі і пераклады)

Пераклады «Эпасу»

На рускай мове

Зноскі

  1. Керам К. Боги, гробницы, ученые. — С. 215—216.
  2. 1 2 Керам К. Боги, гробницы, ученые. — С. 217—219.
  3. 1 2 3 Дьяконов И. М. Эпос о Гильгамеше. — С. 132—134.
  4. 1 2 3 4 Матвеев К. П., Сазонов А. А. Эпос о Гильгамеше и его связь с Библией.
  5. 1 2 Крамер Сэмюэл Н. История начинается в Шумере. — С. 215—216.
  6. 1 2 3 Дьяконов И. М. Эпос о Гильгамеше. — С. 91—92.
  7. 1 2 Афанасьева В. К. Гильгамеш и Энкиду. Эпические образы в искусстве. — С. 97—99.
  8. 1 2 3 4 5 6 Дьяконов И. М. Эпос о Гильгамеше. — С. 109—113.
  9. Дьяконов И. М. Эпос о Гильгамеше. — С. 113—114.
  10. Афанасьева В. К. Гильгамеш и Энкиду. Эпические образы в искусстве. — С. 103.
  11. 1 2 3 4 5 Крамер Сэмюэл Н. История начинается в Шумере. — С. 222—225.
  12. 1 2 Крамер Сэмюэл Н. История начинается в Шумере. — С. 175—180.
  13. Дьяконов И. М. Эпос о Гильгамеше. — С. 103—108.
  14. Иванов В.В. Ещё одно рождение Гильгамеша. — С. 257—280.
  15. 1 2 3 4 5 6 7 8 Афанасьева В. К. Гильгамеш и Энкиду. Эпические образы в искусстве. — С. 110—111.
  16. Дьяконов И. М. Эпос о Гильгамеше. — С. 121—122.
  17. История древнего мира. — С. 132—133.
  18. Фрейзер Джеймс Джордж. Фольклор в Ветхом Завете. — М.: Государственное издательство политической литературы, 1990. — ISBN 5-250-01011-3.
  19. Вейнберг Й. Введение в Танах. Ч. 1. — М.—Иерусалим, 2002. — С. 165—166.
  20. Gmirkin Russell. Berossus and Genesis, Manetho and Exodus. — Continuum, 2006. — С. 103.
  21. Van Der Torn Karel. Did Ecclesiastes copy Gilgamesh?. — Feb 2000. — P. 22ff.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Тэксты і надпісы Старажытнай Месапатаміі
Літаратура Старажытнай Месапатаміі
Шумерская міфалогія
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Эпічныя творы
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылка на Вікікрыніцы непасрэдна ў артыкуле
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Легенды
Біблейскія артэфакты
Кнігі 2 тысячагоддзя да н. э.