wd wp Пошук:

Чамора

Чамора (саманазва: Chamoru) — карэнныя насельнікі Марыянскіх астравоў. Жывуць у Садружнасці Паўночныя Марыянскія астравы і на Гуаме. У выніку эміграцыі больш за палову чамора таксама жывуць і працуюць у розных штатах ЗША, галоўным чынам на Гаваях. Агульная колькасць (2000 г.) — 177 тыс. чал.

Паходжанне і гісторыя

Марыянскія астравы пачалі насяляцца 4300 — 5000 гадоў таму. Але пра прысутнасць чалавека ў тую старажытную пару апавядаюць толькі ўскосныя дадзеныя — знаходкі драўнянага вугля і пылка культурных раслін. Таму немагчыма вызначыць, ці былі гэта непасродныя продкі чамора або іх невядомыя папярэднікі.

Лічыцца, што продкі чамора з’явіліся ў 2 тысячагоддзі да н. э. з Паўднёва-Усходняй Азіі. Генетычныя даследаванні паказваюць блізкасць сучасных чамора да насельнікаў Сулавесі, але з-за моцнай пазнейшай метысацыі гэты факт асцярожна ўспрымаецца вучонымі.

Старажытныя чамора мелі высокі рост, што падцвярджаецца як археалагічнымі раскопкамі, так і запісамі іспанцаў. Займаліся сельскай гаспадаркай, ведалі кераміку, былі выдатнымі мараплаўцамі, стала падтрымлівалі гандлёвыя зносіны з жыхарамі Каралінскіх астравоў. Аналіз шкілетаў у старажытных пахаваннях сведчыць, што значную частку ежы складала тое, што здабывалі ў моры.

Прыкладна ў VIII ст. н. э. на Марыянскіх астравах узнікла мегалітычная культура латэ — каменных слупоў з сферычнымі навершамі. Іх прызначэнне да сёй пары не вядома, але латэ сустракаюцца на ўсіх астравах, калісьці населеных чамора. Культура латэ працягвалася да XVIII ст.

У 1521 г. Марыянскія астравы былі адкрытыя Фернанам Магеланам. У той час колькасць тубыльцаў складала ад 30 да 100 тысяч чалавек. Менавіта іспанцы надалі ім найменне Chamorro. Відавочна запазычанае з мясцовай мовы, яно значыла «высакародны». Гуам і суседнія астравы былі ўключаны ў склад Іспаніі. Але першая іспанская місія манахаў-езуітаў была пасланая на Гуам толькі ў 1668 г. Езуіты ахрысцілі значную частку астравіцян, пабудавалі першы хрысціянскі сабор, садзейнічалі распаўсюджванню новых сельскагаспадарчых раслін, у тым ліку кукурузы. У 1672 г. глава місіі Дыега дэ Сан-Луіс Віторэс быў забіты, што прывяло да знішчальнай вайны іспанцаў супраць чамора. Многія астравіцяне загінулі ў баях, але большасць памерла ад завезеных еўрапейцамі хваробаў.

У 1695 г. рэшткі выжылых былі паселены ў 5 вёсках, якія кантраляваліся іспанскімі салдатамі і місіянерамі. Чамора былі вымушаны апранацца ў еўрапейскую вопратку, абавязкова наведваць касцёл і вучыць іспанскую мову. У 1740 г. на Гуам таксама былі пераселены чамора з паўночных Марыянскіх астравоў. У 1710 г. першы іспанскі перапіс на Гуаме выявіў 3143 тубыльца з 3614 ўсіх насельнікаў вострава. У асноўным, гэта былі жанчыны і дзеці. У 1795 г. засталося ўсяго 1894 чамора, у той час як агульнае насельніцтва вырасла да 3500 чал. Гэта тлумачыцца тым, што чамора працягвалі паміраць ад эпідэмій, раствараліся сярод новых перасяленцаў з Мексікі і Філіпін. Сітуацыя выправілася толькі ў XIX ст. У 1829 г. налічвалася 2697 чамора з 6480 чал. ўсяго насельніцтва. Хаця тубыльцы здолелі захаваць сваю мову, большасць з іх на той момант ужо была метысавана.

У 18981899 гг. Гуам быў перададзены ЗША, а Паўночныя Марыянскія астравы — Германіі. У 19191945 гг. Паўночныя Марыянскія астравы кантраляваліся Японіяй, а пасля II Сусветнай вайны таксама трапілі пад кантроль ЗША.

Старажытная культура

Фактычна, да прыходу еўрапейцаў чамора з’яўляліся самым развітым народам Мікранезіі. Асновай жыццязабеспячэння былі сельская гаспадарка, збіральніцтва, лоў рыбы. Чамора вырошчвалі хлебнае дрэва, какосавую пальму, тара, бананы, на востраве Гуам — рыс. У мора выходзілі на падвойных лодках з ветразямі трохкутнай формы. Паляванне мела другараднае значэнне, паколькі акрамя птушак, чарапах і кажаноў ніякай іншай здабычы на Марыянскіх астравах не было. Удзельнікі экспедыцыі Магелана сведчылі, што сельская гаспадарка, лоў рыбы сеткамі і мараходства лічыліся мужчынскімі заняткамі. Жанчыны займаліся хатняй гаспадаркай, збіральніцтвам, выраблялі цыноўкі, кошыкі і г. д.

Керамічныя вырабы адрозніваліся знешняй прастатой і з-за сваёй далікатнасці на вялікія адлегласці не перамяшчаліся. Адзіным ўзбраеннем былі дзіда з навершам з чалавечай косці і прашча. Вопратку амаль не насілі. З раслінных валокнаў рабілі нешта накшталт насцегнавых павязак. Былі таксама вядомы шаломы, але іх апісанняў не захавалася. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожвалі сябе чарапахавымі падвескамі і ракавінамі. Апошнія выкарыстоўваліся ў якасці грошай пры абмене. Быў шырока распаўсюджаны звычай фарбаваць зубы.

Чамора жылі ў вёсках каля ўзбярэжжа, на Гуаме таксама ўздоўж рэк. Простыя абшчыннікі сяліліся ў маленькіх каркасных буданах з лісця. Правадыры ўзводзілі жытлы на латэ. Стоўп латэ вырабляўся з самаробнага бетону, а наверша — з базалту і вапняку. Некалькі вёсак складалі тэрытарыяльнае аб’яднанне, на чале якога знаходзіўся правадыр магалахе.

Грамадства падзялялася на тры буйныя пласты: высакародных матуа, сярэдніх ачаот і ніжэйшых мангатчанг. Матуа складалі большую частку гандляроў, найбольш прывілігіраваных рамеснікаў, воінаў. Ачаот былі іх памагатымі. Мангатчанг займаліся земляробствам. Яны не мелі права ўваходзіць у жытлы матуа, былі абавязаны схіляцца пры сустрэчы і размаўляць з высакароднымі толькі на вялікай адлегласці.

Главой сям’і лічыўся мужчына, але перадача спадчыны і адлік сваяцтва вяліся па мужчынскай лініі. У юнацкія гады хлопцы пакідалі родны дом і жылі ў халасцяцкіх аб’яднаннях улітаа, якія дазвалялася наведваць і дзяўчынам. Свахай звычайна выступала маці хлопца. Да шлюбу ён быў павінен адпрацаваць некаторы час ў сям’і нявесты. Парушэнне шлюбнай вернасці з боку жанчыны каралася яе выгнаннем. Муж мог выклікаць суперніка на бой. Але строга забаранялася біць няверную жонку. Затое няверны муж караўся пабоямі і пераследам усіх жанчын вёскі. Жанчыны мелі вялікі ўплыў на ўсё грамадскае жыццё. Узгадваліся таксама жаночыя рады, на якіх мужчыны не прысутнічалі.

Асновай рэлігіі старажытных чамора быў культ продкаў — духаў людзей мінулага анітэ і таатаамона. Вылучаліся мужчыны і жанчыны сурухана — вядзьмары і знахары. Па некаторых дадзеных, існавалі чалавечыя ахвярапрынашэнні.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Мікранезійскія народы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы Аўстраліі і Акіяніі
Катэгорыя·Гуам