«Спадарожнік» — беларускі футбольны клуб з горада Рэчыца, заснаваны ў 2017 годзе. У 2021 годзе выступаў у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.
Да 2016 года горад на рэспубліканскай арэне быў прадстаўлены клубам «Рэчыца-2014», які ў 1980—1991 гадах меў назву «Спадарожнік». Па выніках сезона 2015 «Рэчыца-2014» страціла месца ў Першай лізе і спыніла існаванне. У другой палове 2016 года каманда Рэчыцкага раёна (фактычна пераемнік «Рэчыцы-2014») прымала ўдзел у чэмпіянаце Гомельскай вобласці.
У красавіку 2017 года ў Рэчыцы была заснаваная новая каманда — «Спадарожнік» — якая заявілася ў Другую лігу чэмпіянату Беларусі[1]. Аснову каманды склалі ігракі гомельскага клуба ДЮСШ-ДБК, які ў 2016 годзе выступаў у Другой лізе, а галоўным трэнерам «Спадарожніка» стаў настаўнік ДЮСШ-ДБК Канстанцін Чахаў. Пачатак сезона для клуба атрымаўся няўдалым, але пазней каманду папоўнілі больш вопытныя ігракі, і вынікі «Спадарожніка» сталі паляпшацца. Сезон 2017 каманда скончыла на 5 месцы ў Другой лізе.
У сезоне 2018 «Спадарожнік» з пачатку разглядаўся як адзін з фаварытаў лігі, аднак першую палову чэмпіянату правёў няўпэўнена і значна адстаў ад лідараў. У ліпені замест Канстанціна Чахава новым трэнерам быў прызначаны Вячаслаў Ляўчук. Значна змяніўся склад каманды, яе шарэгі папоўніла шмат ігракоў «Асіповічаў». Добра правёўшы другую палову сезона, «Спадарожнік» заняў выніковае тряцяе месца.
У сезоне 2019 «Спадарожнік» павінен быў выступаць у Другой лізе, аднак у сувязі з аб’яднаннем магілёўскага «Дняпра» і мінскага «Промня» з’явілася вакантнае месца ў Першай лізе, якое і заняў рэчыцкі клуб. Добра ўзмацніўшыся для Першай лігі, каманда трапіла ў шэраг фаварытаў, пазней доўгі час знаходзілася ў верхняй палове табліцы і прэтэндавала на высокія месцы, аднак скончыла сезон на шостым месцы.
У сезоне 2020 у каманду былі запрошаны ігракі з вопытам гульні ў Вышэйшай лізе. «Спадарожнік» хутка апынуўся ўверсе табліцы, надзейна ўтрымліваў першы радок і за некалькі тураў да фінішу забяспечыў выхад у Вышэйшую лігу.
У сезоне 2021, нягледзячы на пэўныя праблемы (прадпрыемства «Рэчыцадрэў», якое раней фінансавала каманду, скараціла падтрымку), «Спадарожнік» заявіўся ў Вышэйшую лігу. Значна змяніўся склад каманды, былі запрошаны маладыя ігракі з іншых клубаў, а таксама шэраг легіянераў. У лютым 2021 года была прынята новая эмблема клуба з выявай герба Рэчыцы з Пагоняй, аднак перад стартам чэмпіянату ў сакавіку герб быў прыбраны з эмблемы[2]. Хатнія матчы ў сувязі з неадпаведнасцю рэчыцкага стадыёна патрабаванням Вышэйшай лігі каманда спачатку праводзіла ў іншых гарадах, звычайна на гомельскім стадыёне СДЮШАР № 8, а матч 9-га тура супраць мазырскай «Славіі» (14 мая) прайшоў у Магілёве.
Каманда з самага пачатку апынулася сярод аўтсайдараў і замацавалася ў зоне вылету. У маі 2021 года Ляўчук быў адхілены ад кіраўніцтва камандай, выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера афіцыйна стаў яго памочнік Юрый Лукашоў, аднак фактычнае кіраўніцтва ажыццяўляў запрошаны ў каманду расійскі трэнер Віктар Кумыкоў, які ўпершыню быў заяўлены на матч 8-га тура супраць брэсцкага «Руха» 8 мая[3]. 4 чэрвеня было афіцыйна абвешчана аб звальненні Ляўчука і прызначэнні Кумыкова галоўным трэнерам[4], аднак амаль адразу Кумыкоў пакінуў клуб, да астатніх матчаў каманду рыхтаваў трэнер дубля Аляксей Краўчанка.
12 чэрвеня «Спадарожнік» упершыню ў сезоне згуляў хатні матч у Рэчыцы, дзе саступіў мінскаму «Дынама» 0:5. У наступным хатнім матчы 28 чэрвеня супраць «Віцебска» рэчыцкі клуб, саступаючы па ходзе сустрэчы 0:3, здолеў забіць чатыры галы і перамагчы 4:3. Гэта перамога стала першай у гісторыі беларускай Вышэйшай лігі перамогай каманды, якая саступала па ходзе сустрэчы тры мячы.
У чэрвені 2021 года з-за фінансавых праблем клуб пачалі пакідаць ігракі, 9 ліпеня стала вядома, што адразу 8 ігракоў атрымалі статус свабоднага агента[5]. 14 ліпеня «Спадарожнік» афіцыйна паведаміў АБФФ аб зняцці з чэмпіянату[6], 28 ліпеня на паседжанні выканкама АБФФ клуб быў выключаны са складу ўдзельнікаў Вышэйшай лігі[7]. Паколькі рэчыцкая каманда правяла 50 % сустрэч, то засталася ў выніковай табліцы, у астатніх матчах ёй былі прысуджаны тэхнічныя паражэнні з лікам 0:3.
Сезон | Ліга | М | Г | В | Н | П | Галы | Ачкі | Кубак | Заўвагі |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2017 | Другая (Д3) | 5 | 26 | 14 | 4 | 8 | 59–24 | 46 | 1/32 фіналу | |
2018 | Другая (Д3) | 3 | 28 | 18 | 4 | 6 | 79–21 | 58 | 1/32 фіналу | Атрыманне месца ў Першай лізе |
2019 | Першая (Д2) | 6 | 28 | 13 | 6 | 9 | 46–36 | 45 | 1/16 фіналу | |
2020 | Першая (Д2) | 1 | 26 | 19 | 4 | 3 | 50–18 | 61 | 1/8 фіналу | ![]() |
2021 | Вышэйшая (Д1) | 16 | 30 | 2 | 1 | 27 | 12–82 | 7 | 1/8 фіналу | Зняцце з турніру, спыненне існавання1 |