Кубак Беларусі па футболе праводзіцца з 1992 года. Пераможца атрымлівае месца ў кваліфікацыйным раўндзе Лігі канферэнцый УЕФА (раней — у Лізе Еўропы УЕФА, Кубку кубкаў)[1]. Уладальнік Кубка перад пачаткам наступнага сезона гуляе з чэмпіёнам Беларусі ў матчы за Суперкубак Беларусі[2]. Гэта другое па значнасці футбольнае спаборніцтва краіны пасля чэмпіянату Беларусі па футболе. Кубак Беларусі праводзіцца па схеме «восень-вясна»; стартуе, як правіла, у маі, а фінальная гульня адбываецца ў маі наступнага года.
Розыгрыш Кубка праводзіцца па сістэме з выбываннем. Аматарскія клубы ўступаюць у розыгрыш са стадыі 1-га кваліфікацыйнага раунда. Клубы Другой лігі пачынаюць са стадый 1-га і 2-га раўндаў. Клубы Першай лігі ўступаюць у барацьбу са стадый 2-га адборачнага раўнда або 1/16 фіналу, а Вышэйшай Лігі — толькі са стадыі 1/16 фіналу. На адборачных стадыях, 1/16 і 1/8 фіналу пераможцы пар вызначаюцца па выніках аднаго матча; у чвэрцьфіналах і фіналах праводзіцца па два матчы. У выпадку нічыйнага зыходу асноўнага часу матча прызначаюцца два дадатковыя таймы па 15 хвілін, калі і пасля іх пераможца не выяўлены — прабіваецца серыя пасляматчавых пенальці.
Фінальныя матчы Кубка да 2002 года праводзіліся ў Мінску. Першым несталічным стаў фінал розыгрышу 2001/02 гадоў, які прайшоў на віцебскім стадыёне «Дынама».