wd wp Пошук:

Сіноп

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сіноп (значэнні). Сіно́п (турэцк.: Sinop) — горад на поўначы Турцыі, адміністрацыйны цэнтр аднайменнай правінцыі. Насельніцтва 39,2 тыс. чал. (2014). Размешчаны на перашыйку, які злучае мыс Базтэпэ з мацерыковай часткай Анатоліі, на беразе Сінопскага заліва Чорнага мора. Марскі порт. Аэрапорт.

Клімат

Клімат Сінопа — акіянічны (Cfb паводле класіфікацыі клімату Кёпена).

Лета ў горадзе цёплае і вільготнае з сярэдняй дзённай тэмпературай +26 °C, якая, аднак, досыць рэдка перавышае +30 °C. Найбольш высокая тэмпература была зарэгістравана ў Сінопе 6 ліпеня 2000 года і склала +34,4 °C. Зімы ў горадзе халаднаватыя і вільготныя з сярэдняй тэмпературай каля +7 °C. Самая нізкая тэмпература была зарэгістравана 21 лютага 1985 года і склала −7,5 °C.

Клімат Сінопа
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 22,8 23,4 28,1 30,9 33,6 33,2 34,4 33,2 31,7 34,0 27,9 27,3 34,4
Сярэдні максімум, °C 9,6 9,5 10,6 14,1 18,3 23,1 25,8 26,2 23,1 19,3 15,5 12,1 17,3
Сярэдняя тэмпература, °C 6,9 6,5 7,5 10,7 14,9 19,8 22,7 23,0 19,9 16,2 12,4 9,3 14,2
Сярэдні мінімум, °C 4,6 4,1 5,1 8,1 12,3 16,9 19,9 20,2 17,3 13,8 9,9 6,9 11,6
Абсалютны мінімум, °C −5,5 −7,5 −4,8 −0,4 4,8 8,8 13,6 13,9 7,7 4,2 −0,4 −2,2 −7,5
Норма ападкаў, мм 74,7 50,4 48,7 39,2 35,0 33,8 33,2 43,4 65,0 88,4 84,4 89,6 685,8
Крыніца: Turkish State Meteorological Service

Гісторыя

Горад з птушынага палёту

Сінопа (стар.-грэч.: Σινώπη) заснавана ў 8 ст. да н.э. як калонія горада Мілет на паўднёвым беразе Понта Эўксінскага, на паўвостраве Пафлагонскага ўзбярэжжа, на ўсход ад мыса Карамбіс[en]. Калонія была заснавана, паводле падання, спадарожнікам Ясона Аўтолікам, які меў тут храм і аракул. У 665 годзе разбураны кімерыйцамі, у 631 адноўлены[1].

Дзякуючы зручнаму размяшчэнню і дзвюм гаваням[2] Сіноп неўзабаве стаў багатым гандлёвым горадам, вобласць якога распасціралася да ракі Галіса. На 7-6 стст. да н.э. прыпаў росквіт Сінопа як поліса, які чаканіў уласную манету, заснаваў некалькі калоній і кантраляваў гандаль на Чорным моры[1]. Сіноп стаў метраполіяй чарнаморскіх гарадоў Катыёры (у вобласці Тыбарэнаў), Трапезунта, Кераса, Хойрада, Лікаста (Λύκαστος), Гармены, Керасунта і іншых[3]. Каля 436 года да н.э. вядомы тыран Тымесілей (Τιμησίλεως)[4][5].

Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад дзяржавы Ахеменідаў. У 2 ст. да н.э. сталіца Пантыйскага царства. Дасягнуў росквіту пры пантыйскім цары Мітрыдаце VI Еўпатары, які тут нарадзіўся і быў выхаваны, а пасля зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй.

Учас трэцяй Мітрыдатавай вайны тут закрыўся Клеахар, які стаў тыранам горада, але пасля зацятай абароны горад быў у 70 годзе да н.э. узяты Лукулам і разрабаваны. Сярод іншых твораў мастацтвы Лукулам былі вывезены тады ў Рым статуі Аўтоліка. У 63 да н.э. увайшоў у склад правінцыі Віфінія і Понт. Як адзін з прадметаў сінопскага гандлю славілася кінавар (грэч.: Σινωνική μίλτος).

У 109-113 н.э. кіраваўся рымскім намеснікам Плініем Малодшым. На гэты ж перыяд прыпадае актыўная хрысціянізацыя Сінопа, звязаная з імем Св. Фокі. З канца 4 ст. належаў Візантыі. З утварэннем Трапезундскай імперыі ўвайшоў у яе склад, у 1214 годзе захоплены туркамі-сельджукамі, стаў часткай Канійскага (Румскага) султанату. У пачатку 15 ст. захоплены Цімурам, з сярэдзіны 15 ст. у складзе Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—1856 гадоў у Сінопскай бухце ў 1853 годзе руская эскадра адмірала П. С. Нахімава знішчыла асманскі флот. У 1919 годзе, пасля паражэння Асманскай імперыі ў Першай сусветнай вайне, часова перайшоў пад кантроль саюзнікаў. У 1922 годзе ўвайшоў у склад іля Самсун, затым іля Кастаману, у 1924 годзе — самостойнага іля.

Славутасці

Галоўныя вароты медрэсэ Перванэ(англ.) бел.
Дом Аслана Тарунлара, цяпер Этнаграфічны музей

Сярод славутасцей: крэпасць (7 ст. да н.э., шматкроць перабудоўвалася) з турмой(руск.) бел. (1887), храм Серапіса (2 ст. да н.э.), візантыйская царква Балатлар(руск.) бел. (7 ст. н.э.; перабудаваныя рымскія тэрмы), мячэці Алааддзіна(англ.) бел. (1214, перабудавана ў 1268), Феціх-Баба (1353), Са­рай (1374), Мехмет-Ага (1651), медрэсэ Перванэ(англ.) бел. (1262), фантан Шэхітлер-Чэсмесі (помнік туркам, які загінулі ў Сінопскай бітве 1853 года). Гістарычная жылая забудова (дом Аслана Тарунлара, пачатак 19 ст., цяпер Этнаграфічны музей, і інш.). Помнік Дыягену Сінопскаму(англ.) бел..

Культура

Рымскія старажытнасці на двары археалагічнага музея

Археалагічны музей(англ.) бел. (1941). Універсітэт(англ.) бел. (2007; у яго складзе — некалькі навуко-даследчых цэнтраў).

Эканоміка

Харчовая, тэкстыльная, дрэваапрацоўчая прамысловасць, шкляныя прадпрыемствы, вытворчасць мыйных сродкаў, розных металічных вырабаў, будматэрыялаў і інш. Рамеснае выробліванне льняных тканін. Дыванаткацтва. Рыбалоўства. Сіноп — гандлёвы цэнтр сельскагаспадарчага раёна (вырошчваецца разлічная гародніна і садавіна, тытунь). Турызм.

Зноскі

  1. 1 2 Синоп // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—.
  2. Страбон. Геаграфія. XII, з. 545
  3. Sinope // Реальный словарь классических древностей / авт.-сост. Ф. Любкер; Под редакцией членов Общества классической филологии и педагогики Ф. Гельбке, Л. Георгиевского, Ф. Зелинского, В. Канского, М. Куторги і П. Никитина. — СПб., 1885. — С. 1256.
  4. Плутарх. Параўнальныя жыццяпісы. Перыкл. 20
  5. Σινώπη (Αρχαιότητα)(нявызн.). Εγκυκλοπαίδεια Μείζονος Ελληνισμού, Εύξεινος Πόντος. Ιδρυμα Μειζονος Ελληνισμου. Праверана 30 лістапада 2018.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Гарады Турцыі