wd wp Пошук:

Суніцы

Суні́цы[3] (Fragaria) — род шматгадовых травяністых кветкавых раслін сямейства ружавых. Род уключае больш за 21 від і мноства гібрыдаў і сартоў. Суніцы растуць ва ўмераным клімаце па ўсім зямным шары.

Уключае ў сябе як дзікарослыя віды (напрыклад: суніцы лясныя (Fragaria vesca), зялёныя (Fragaria viridis) і г. д.), так і віды, не існуючыя ў дзікім выглядзе (напрыклад суніцы садовыя (Fragaria × ananassa), часта памылкова званыя клубніцамі), так і тыя віды, якія існуюць у дзікай і культурных формах (напрыклад, клубніцы (Fragaria moschata)).

Назва

Родавая лацінская назва паходзіць ад лац.: fragare — прыемна пахнуць.

Батанічнае апісанне

Шматгадовая травяністая расліна.

Лісце трайчастае, у прыкаранёвай разетцы, на доўгіх чаранках, якія дасягаюць вышыні ў 10 см. У пазухах лісця развіваюцца кароткія паўзучыя парасткі (вусы), якія ўкараняюцца ў вузлах.

Каранёвая сістэма махрыстая, глыбіня залягання каранёў — 20-25 см.

Суквецце — шматкветкавы шчыток. Кветкі, як правіла, двухполыя, радзей аднаполыя, апыляюцца насякомымі. Пялёсткі звычайна белыя, часам жаўтлявыя; шмат тычынак і песцікаў.

Плод — несапраўдная ягада, ядомая. Плады маюць у сабе вітаміны, арганічныя кіслоты, пекцінавыя і дубільныя рэчывы.

Распаўсюджанне

Адрозніваецца каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 3 віды: суніцы зялёныя, або палуніцы (Fragaria viridis), трапляюцца пераважна на паўднёвым усходзе, у далінах рэк, на лугах; суніцы лясныя (Fragaria vesca) найбольш пашыраны ў лясах, родапачынальнікі сартоў рэмантантных суніц, і больш рэдкія — клубніцы (Fragaria moschata).

Віды

Паводле The Plant List[4] род уключае наступныя віды:

Хімічны склад

Кветаложа з’яўляецца адносна моцным алергенам пры ўжыванні ў ежу.

Кветаложа суніц утрымлівае арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы, аскарбінавую кіслату (да 500 мг/л), карацін (да 5 мг/л), вугляводаў утрымліваецца каля 8 г, бялкоў — да 2 г, нязначную колькасць вітаміну B, антацыянавыя злучэнні, пеларганідзін, трошкі эфірных масел. Каларыйнасць — каля 40 ккал/100 г

Лісце змяшчае вялікую колькасьць аскарбінавай кіслаты (да 2,8 г/л), дубільныя рэчывы і часткова алкалоіды.

Збор і захоўванне

Ян Пётр Норблін. «Гандляр суніцамі»

Збіраюць суніцы спелымі ў чэрвені — ліпені, лісце — у час квітнення, у маі — чэрвені. Плады сушаць у цяні на гарышчы альбо ў сушылцы, даглядаючы каб яны не збіваліся ў камякі і не перасушваліся. Лісце сушаць на адкрытым паветры ў цяні[5].

Культываванне

У культуру суніцы ўведзены ў XV—XVI стагоддзях. Віды, якія вырошчваюцца:

Акрамя гэтага вырошчваюць іншыя гібрыды і сарты.

Выкарыстанне

Харчовыя і лекавыя расліны. У медыцынскай практыцы настой з ягад ці лісця ўжываюць як лёгкі мачагонны сродак пры ныркавых і пячоначных каменнях, а таксама пры матачных крывацёках[5].

У народным побыце, звычайна, ужываюць узвар расліны цалкам пад час цвіцення. П’юць гарачую і халодную гарбату пры прастуднай хваробе, высокай тэмпературы, захворваннях печані і жоўцевага пузыра, пры малакроўі[5].

Сокам ягад суніц націраюць вуллі, каб не хварэлі пчолы.

Суніцы ў культуры

I цяпер, калі сініца
Б’ецца крыльлем за акном, —
Мне твая усмешка сніцца,
Пах суніцаў ллецца ў дом.

Рыгор Крушына. «Суніцы».[6]

У гонар роду Суніцы быў названы астэроід 1105 Fragaria(укр.) бел., адкрыты 1 студзеня 1929 года. Адзін з фільмаў Інгмара Бергмана называецца «Сунічная паляна».

Вясной паляны пачыналі сніцца,
Хацелася туды прыспешыць крок,
Дзе на прыпёку першыя суніцы
Паказваюць ружовенькі бачок.

Сяргей Законнікаў. «Суніцы»[7].

У геральдыцы

Суніцы ўпрыгожваюць шматлікія гербы(італ.) бел. розных адміністрацыйных адзінак.

У філатэліі

Выявы розных відаў суніц змешчананы на паштовых марках Беларусі, Германі і Расіі.

У мастацтве

Як шырока распаўсюджаныя ягады, суніцы часта сустракаюцца на палотнах еўрапейскіх мастакоў. Іх малявалі Дэвід Кэндэл(англ.) бел., Дэбара Грыскам (англ.: Deborah Griscom), Ян Пётр Норблін, Марыя Якунчыкава(руск.) бел., Севярын Разен(англ.) бел., Альберт Эдэльфельт, Альберт Анкер, Іеранім Босх, Вінсент Кларэ, Адрыян Каорт(руск.) бел., Георг Флегель(руск.) бел. і многія іншыя.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 8. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Fragaria на сайце The Plant List
  5. 1 2 3 Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Земляника лесная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 51-54. — 200 с. — 130 000 экз.
  6. Рыгор Крушына. «Суніцы»(недаступная спасылка)
  7. Сяргей Законнікаў. «Суніцы»

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Суніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных