wd wp Пошук:

Слуцкі пояс

Слуцкі пояс
Слуцкі пояс і Трэці Літоўскі Статут

Слуцкія паясы — вырабы ручнога ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, элемент традыцыйнага параднага мужчынскага строю шляхты. Назва паходзіць ад назвы горада Слуцк у Беларусі, дзе іх ткалі на мануфактуры шаўковых паясоў. Павязваліся паверх на кунтуша (пояс складваўся ўдвая на ўсёй даўжыні). Пояс лічыўся прыкметай высакароднага паходжання і яго наяўнасць паказвала на дабрабыт уладальніка, паясы мелі вялікі кошт і перадаваліся ў спадчыну.

Паясы, падобныя слуцкім, выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкаве і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі[1].

Тэхналогіі ткацтва, якія выкарыстоўваліся пры вытворчасці слуцкіх паясоў, цяпер страчаны.

Гісторыя

Надпіс кірыліцай «ВЪ ГРДѢ СЛУЦКѢ» на шляхецкім слуцкім поясе (Вялікае Княства Літоўскае, 1780-ыя гг.)

Спярша як і Нясвіжскія, Слуцкія паясы капіравалі ўзоры, прывезеныя з Блізкага Усходу, потым пачалі ўключаць у арнамент нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флоры — валошкі, незабудкі і інш. 3 1750-х у Нясвіжскай, пазней у Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар з горада Станіславаў (Украіна) Ян Маджарскі, які распрацаваў новы тып пояса — Слуцкі, назва якога зрабілася сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязі з усходнімі ўзорамі страчваліся.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) асартымент паясоў скараціўся. Па здушэнні вызваленчага паўстання (18301831) улады Расійскай імперыі забаранілі нашэнне традыцыйнага строю шляхты, у выніку чаго паясы паступова выйшлі з ужытку. У 1848 вытворчасць спынілася ў сувязі з закрыццём мануфактуры[2].

У 2-й палове XIX — пачатку XX стст. Слуцкія паясы сталі прадметам калекцыявання. Іх збіралі музеі і прыватныя асобы. У гэты час паясы пачалі вывучацца як вырабы мастацкага ткацтва. Значную калекцыю сабраў расійскі калекцыянер Пётр Шчукін (цяпер захоўваеццца ў Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі), невялікая калекцыя ёсць у Новачаркаску, у Музеі казацтва.

У наш час у розных музеях Беларусі захоўваюцца не больш як 20 паясоў, пераважна ў фрагментах. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 48 паясоў (32 з іх — з нясвіжскага збору Радзівілаў) вывезлі ў Германію ў Другую сусветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея з 21 пояса таксама была страчана (6 паясоў з яе перайшлі да Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Мінск на сталае захоўванне ў 1927, а ў паваенны час — у 1968 Мінскаму абласному краязнаўчаму музею ў Маладзечне, Заслаўскаму краязнаўчаму музею ў 1978 і сталічнаму музею Максіма Багдановіча ў 1989). Лёс паясоў, перададзеных у даваенны час, пакуль невядомы. Пошукі іх не далі вынікаў.

У Слуцкім краязнаўчым музеі ўласны пояс з’явіўся ў 2013 годзе. Сродкі на яго збіраліся шляхам дабрачынных ахвяраванняў[3].

Апісанне

Паштовы блок «Слуцкія паясы»
Капэрта першага дню «Слуцкія паясы» з партрэтам Тадэвуша Багдановіча пэнздля Вікенція Сляндзінскага. 14.03.2014

Ткаліся ўручную з тонкіх шаўковых, залатых і срэбных нітак. Даўжыня пояса дасягала ад 2 да 4,5 метраў, а шырыня ад 30 да 50 см. На краях упрыгожваліся ўзорнай аблямоўкай, на канцах — пышным, галоўным чынам раслінным арнаментам, у якім народныя ўзоры спалучаліся з усходнімі матывамі. Не мелі адваротнага боку, усе бакі былі асобнымі. Вырабляліся аднабаковымі (са зваротным бокам), двухбаковымі. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя — кожны бок падзяляўся на дзве часткі з рознымі колерамі, пояс складваўся ўдвая. Канцы пояса мелі складаны арнамент, часцей з двума матывамі: авал, аточаны лісцем са сцяблом і кветкамі, якія выходзяць з зямлі ці з вазаў, і букеты кветак з хвалепадобным аблямаваннем. Канцы пояса часам абшывалі махрамі.

У куце пояса з абодвух бакоў ткалі метку на стараславянскай і лацінскай мовах (Слуцк, У горадзе Слуцку, Зроблена ў Слуцку)[4].

Некаторыя майстры

Галерэя

Цікавыя факты

Зноскі

  1. Дзіна Трызна. Слуцкія паясы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. С. 355.
  2. 1 2 Іна Наркевіч. Квітнеюць серабром і золатам слуцкія паясы // «Культура» № 21 (839), 2008.
  3. Слуцкий пояс! (руск.)
  4. Трызна Д. Слуцкія паясы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 596. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  5. 1 2 Барсуки // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 42. — 737 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Гісторыя Слуцка
Культура Слуцка
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Культура Вялікага Княства Літоўскага
Беларускі касцюм
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула