wd wp Пошук:

Селькнамы

Селькнамы (ісп.: Selknam), або она (саманазва Onawo) — індзейскі народ, які ў мінулым насяляў большую частку Вогненнай Зямлі. 28 мая 1974 г. памерла апошняя карэнная прадстаўніца гэтага народа[1]. У наш час на поўдні Аргенціны жыве 391 (2010 г.)[2] метыс, які вызначае сваю этнічную тоеснасць як она.

Гісторыя

Селькнамы лічацца старажытнымі перасяленцамі з Патагоніі, блізкімі па мове і культуры да тэўэльчэ і сваіх непасрэдных суседдзяў хаўшаў. Гэта падцвярджаецца генетыкамі[3]. Большасць археолагаў мяркуе, што селькнамы з’явіліся на Вогненнай Зямлі пазней за хаўшаў, аднак ясных доказаў таму няма[4]. Да XIX ст. яны выціснулі хаўшаў на паўднёвы ўсход вострава і працягвалі мець з імі варожыя адносіны.

Першыя непасрэдныя кантакты з еўрапейцамі былі ўсталяваны ў 1580 г. у раёне Магеланава праліва. У другой палове XIX ст. пачалося перасяленне еўрапейскага насельніцтва на Вогненную Зямлю. Селькнамы супраціўляліся захопу сваіх тэрыторый авечкагадоўцамі, аднак найбольш вострыя сутычкі адбываліся з золатаздабытчыкамі, што рушылі на востраў пасля 1884 г. Звычайна яны скончваліся паражэннем індзейцаў. Селькнамы таксама вывозіліся ў Еўропу, дзе дэманстраваліся ў заапарках[5]. Калі ў 1896 г. налічвалася каля 3000 селькнамаў, то ў 1919 г. — 279 селькнамаў. У 1920-я гг. яны моцна пацярпелі падчас эпідэміі адзёру. У 1945 г. італьянскія місіянеры налічылі толькі 25 выжылых. Апошняя карэнная прадстаўніца гэтага народа памерла 28 мая 1974 г. У наш час на Вогненнай Зямлі і поўдні Аргенціны захаваліся толькі селькнамы-метысы.

Культура

Галоўнымі заняткамі селькнамаў здаўна былі вандроўнае паляванне і збіральніцтва. Паляванне лічылася мужчынскім заняткам. Палявалі пераважна з лукам і стрэламі на гуанака, птушак, футравых звяроў і грызуноў. Збіральніцтва ўключала здабычу ядомых карэнняў, дзікай садавіны, грыбоў, птушыных яек. У адрозненні ад сваіх суседдзяў селькнамы амаль не палявалі на марскіх звяроў, аднак збіралі на беразе мора малюскаў і лавілі рыбу ў рэках.

Асноўны тып паселішча — стаянка. Жылі ў лёгкіх каркасных намётах з дрэва і скур гуанака. У якасці вопраткі выкарыстоўвалі скураныя плашчы і фартухі. Мужчыны і жанчыны расфарбоўвалі цела, упрыгожваліся татуіроўкамі.

Асноўная сацыяльная адзінка — тэрытарыяльнае аб’яднанне, якое магло ўключаць больш за 100 чальцоў. У другой палове XIX ст. такіх аб’яднанняў налічвалася 39. На чале аб’яднання стаяў правадыр, звычайна найбольш мужны і паспяховы мужчына. Яго ўлада магла аспрэчвацца і змяняцца, паколькі ўсе чальцы лічыліся роўнымі. Адзін з правадыроў так патлумачыў гэта еўрапейцам: “Усе нашы мужчыны — капітаны, а жанчыны — маракі”[6]. Пераважалі малыя нуклеарныя сем’і, была шырока распаўсюджана палігінія. Дзеці абавязваліся ўтрымоўваць старых бацькоў.

Захаваны фальклор прадстаўлены міфамі, казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі. Найбольш папулярнымі святамі лічыліся хаін, што сімвалізавала пераход ад аднога ўзросту да іншага, і клокетэн, звязаны з міфам аб злой прыродзе жанчын і навядзеннем парадку мужчынамі.

Мова

Карэнная мова селькнамаў паходзіць з групы індзейскіх моў, распаўсюджаных на поўдзень ад Цэнтральных Андаў, блізкая да моў тэўэльчэ Патагоніі і хаўшаў паўднёвага ўсходу Вогненнай Зямлі. Вывучалася з сярэдзіны XIX ст. У наш час не ўжываецца.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія селькнамаў захавалася пераважна ў запісах хрысціянскіх місіянераў, якія палічылі яе монатэістычнай. Ва ўяўленні індзейцаў сусветам кіраваў адзіны бог Тэмаўкель, які жыў на небе і назіраў за людзямі праз зоры. Селькнамы верылі ў падземны свет зла і пазамагільны свет, што знаходзіўся за гарызонтам. Былі распаўсюджаны анімістычныя вераванні ў злых і добрых духаў. Вядома практыка шаманізма. З канца XIX ст. пад уплывам місіянераў селькнамы далучаліся да розных плыняў хрысціянства.

Зноскі

  1. Patagonia and the Selk’nam People
  2. Los pueblos indígenasen Argentina y el derecho a la educación. Diagnóstico socioeducativo de los niños, niñas y adolescentes indígenas de Argentina. - Fondo de las Naciones Unidas para la Infancia (UNICEF), mayo de 2010 Архівавана 4 сакавіка 2016.. P. 45
  3. Lack of Founding Amerindian Mitochondrial DNA Lineages in Extinct Aborigines from Tierra del Fuego-Patagonia
  4. Thomas R. Hester , Anne Chapman, New data on the archaeology of the Haush, Tierra del Fuego
  5. Selknam natives en route to Europe for being exhibited as animals in Human Zoos, 1899
  6. Цыт. па: Los indios Selk’nam (Onas)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вогненная Зямля
Катэгорыя·Народы Аргенціны
Катэгорыя·Індзейцы Паўднёвай Амерыкі