wd wp Пошук:

Манекенк

Ма́некенк (саманазва Manek’enk), або хаўшы (ісп.: Haush, з мовы ямана «тлустая рыбіна») † — індзейскі народ, які ў мінулым насяляў паўднёвы ўсход Вогненнай Зямлі. Вымерлі да 1926 года.

Гісторыя

Археолагі і палеагенетыкі лічаць манекенк прамымі нашчадкамі першых перасяленцаў з Патагоніі, якія з’явіліся ў 10 - 9 тысячагоддзях да н. э. Пазней яны былі выціснуты селькнамамі на паўднёвы ўсход Вогненнай Зямлі. Крыніцы XIX ст. сведчаць, гэтыя народы захоўвалі варожыя адносіны.

Кантакты з іспанцамі былі ўсталяваны ў 1619 г., аднак доўгі час мелі выпадковы характар. Мяркуюць, што ў сярэдзіне XIX ст. колькасць манекенк складала каля 300 чалавек. Аднак з 1884 г. на землі манекенк у пошуках золата сталі прыбываць еўрапейскія перасяленцы. Яны прынеслі сюды хваробы, якія выклікалі сярод карэннага насельніцтва эпідэмію. У 1899 г. брытанскія місіянеры паведамлялі, што тэрыторыі, раней населеныя індзейцамі, сталі бязлюднымі, а колькасць манекенк вызначалі як 60. У 1923 г. падчас эпідэміі адзёру быў арганізаваны апошні шаманскі рытуал хаін. Але ён не меў плёну. У 1926 г. памерла апошняя карэнная прадстаўніца гэтага народа Танэлі. У 1980 г. на Вогненнай Зямлі было зафіксавана 2 чалавекі, якія сцвярджалі, што паходзяць ад манекенк.

Культура

Продкі манекенк, што прыйшлі на Вогненную Зямлю з Патагоніі, першапачаткова былі вандроўнымі паляўнічымі на сухапутных жывёл, але з 8 - 6 тысячагоддзяў да н. э. паступова развівалі прыбярэжны лад жыцця, займаліся мараплаўствам і рыбалоўствам. У XIX ст. паляванне на гуанака заставалася важным заняткам. Разам з гэтым, манекенк здабывалі марскіх птушак і ластаногіх, плавалі для палявання на востраў Эстадас.

Каркасныя часовыя жыты, падобныя на буданы, будавалі на месцах сталых стаянак каля мора. Накрыўкі для буданоў і вопратку рабілі са скур жывёл. Прылады працы майстравалі з дрэва, косці, камянёў, ракавін і г. д. Адзіная вядомая свойская жывёла — сабака.

Сацыяльная арганізацыя манекенк вывучана недастаткова. У другой палове XIX ст. яны жылі малымі сем’ямі. Вядомы выпадкі палігініі. Значны ўплыў на суайчыннікаў мелі шаманы. У канцы XIX - пачатку XX ст. манекенк вывучаліся брытанскімі місіянерамі, якія зафіксавалі багаты фальклор гэтага народа — міфы, казкі, рэлігійныя рытуалы.

Мова

Запісы мовы манекенк, зробленыя ў канцы XIX - пачатку XX ст. місіянерамі дазваляюць казаць аб яе адзіным паходжанні з мовай селькнамаў. Разам з гэтым абедзьве мовы былі дастаткова розныя, каб веданне адной дазваляла свабодна разумець другую.

Рэлігія

Запісы хрысціянскіх місіянераў канца XIX - пачатку XX ст. паказваюць, што манекенк мелі ўяўленне пра бога як першасную істоту, што стварыла сусвет. Яны шанавалі душы продкаў і духаў прыроды, верылі ў чарадзейства, мелі багатую міфалогію. Супольныя рэлігійныя абрады арганізоўваліся шаманамі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вогненная Зямля
Катэгорыя·Зніклыя народы Амерыкі
Катэгорыя·Індзейцы Паўднёвай Амерыкі