wd wp Пошук:

Тэўэльчэ

Тэўэ́льчэ (ісп.: Tehuelche, ад “смелыя людзі” з мовы мапучэ), патагонцы (ісп.: Patagones), аонікенк (сучасная саманазва: Aónik’enk) — карэннае насельніцтва Патагоніі. Назва фактычна азначае групу розных народаў, якая ў мінулым размаўляла на мове тэўэльчэ. У наш час каля 28 500 тэўэльчэ-аонікенк жывуць на поўдні Аргенціны (2015 г.)[1]

Гісторыя

Даследаванні паказваюць, што тэўэльчэ генетычна звязаны з іншым індзейскім насельніцтвам Новага Света[2]. Археалагічныя раскопкі сведчаць аб культурнай бесперапыннасці існавання насельніцтва ў Патагоніі з 12 тысячагоддзя да н. э. Некаторыя даследчыкі на аснове генетычных дадзеных сцвярджаюць, што Патагонія насялялася ў выніку некалькіх міграцый каля 9 тысяч гадоў таму, 5 тысяч гадоў таму і 3,5 тысяч гадоў таму[3].

Да сярэдзіны XIX ст. тэўэльчэ насялялі значныя прасторы Патагоніі ад Рыа-Негра да Магеланава праліва. Асноўнымі заняткамі жыхароў пампы з’яўлялася вандроўнае паляванне на гуанака і нанду. Да другой паловы XIX ст. ў паляванні не выкарыстоўвалі сабак[4]. З XVI ст. у гэты рэгіён перасяляліся мапучэ. З таго ж часу пачаліся кантакты з еўрапейцамі. У еўрапейскай літаратуры доўгі час распаўсюджваўся міф аб патагонцах-волатах[5]. Тэўэльчэ сапраўды адрозніваліся высокім ростам і былі вышэй за сярэдняга еўрапейца.

У канцы XVIII - пачатку XIX ст. насельніцтва Патагоніі перайшло да ўтрымання коняў, якія трапілі ў Паўднёвую Амерыку разам з еўрапейскімі каланістамі. Гэта прывяло да стварэння буйных сацыяльных груп, што ўключалі да некалькіх сотняў чалавек. Акрамя тэўэльчэ падобны лад жыцця ўпадабалі мясцовыя мапучэ. У другой палове XIX ст. урад Аргенціны канстатаваў, што на поўдні краіны адбываецца аб’яднанне індзейцаў вакол мапучэ, распаўсюджванне іх мовы і культуры.

З 1876 г. аргенцінскія ўлады садзейнічалі каланізацыі Патагоніі перасяленцамі з Еўропы[6]. Каланісты займалі буйныя тэрыторыі для развіцця авечкагадоўлі. Адносіны паміж перасяленцамі і тэўэльчэ складваліся па-рознаму. З аднаго боку, індзейцам забаранялася паляваць на абгароджаных землях, з іншага — каланісты наладжвалі з імі гандлёвыя сувязі, выступалі пасрэднікамі ў кантактах з афіцыйнымі прадстаўнікамі Аргенціны і Чылі. Адмоўным наступствам еўрапейскага перасялення сталі эпідэміі хвароб, да якіх патагонцы не мелі імунітэта. У канцы XIX - пачатку XX ст. назіралася сталае скарачэнне груп тэўэльчэ. У 1905 г. эпідэмія адзёру вынішчала тэўэльчэ ў Чылі. Патагонскае насельніцтва Аргенціны хутчэй адаптавала культуру перасяленцаў і мапучэ, губляла свае карані. У другой палове XX ст. памерлі апошнія носьбіты мовы тэўэльчэ[7].

Асаблівасці культуры

Тэўэльчэ здаўна займаліся вандроўным паляваннем, пераважна на гуанака і нанду. У залежнасці ад сезону яны качавалі з усходу на захад услед за жывёламі. Сацыяльная арганізацыя гэтага часу была прадстаўлена дробнымі аб’яднаннямі да некалькіх дзесяткаў чалавек, якія ў сваю чаргу падзяляліся на малыя нуклеарныя сем’і. Паляўнічыя аб’яднанні ўзначальвалі правадыры гаўнок або янк. Адлік сваяцтва вёўся па матчынай лініі, але галоўнымі ў паляўнічых групах заставаліся мужчыны[8]. У канцы XVIII - пачатку XIX ст. насельніцтва Патагоніі перайшло да ўтрымання коняў, што дазваляла весці больш эфектыўную гаспадарку. Тэўэльчэ працягвалі качавы лад жыцця, аднак для ўтрымання вялікіх статкаў і іх абароны патрабаваліся большыя па памерах аб’яднанні. Кожнае качавое аб’яднанне мела сваю тэрыторыю, ад назвы якой паходзіла агульнае імя аб’яднання.

Асноўным тыпам паселішча доўгія стагоддзі заставаліся часовыя стаянкі. Тэўэльчэ жылі ў лёгкіх намётах, што складаліся з драўлянага каркаса і накрываліся воданепранікальнымі скурамі гуанака, а потым коняў[9]. У цэнтры намёта ладзіўся агмень, каля якога спалі незамужнія жанчыны. Астатнія чальцы сям’і спалі ў процілеглым куце ад уваходу.

Прылады працы рабілі з друзу, дрэва, костак жывёл. Свойская жывёлагадоўля ўзнікла толькі ў канцы XVIII ст. Найбольш распаўсюджаныя свойскія жывёлы — конь і сабака. Захаваліся некаторыя міфы і рытуалы, занатаваныя еўрапейскімі даследчыкамі.

Мова

Карэнная мова тэўэльчэ паходзіла з групы індзейскіх моў, распаўсюджанай на поўдні Паўднёвай Амерыкі. Мяркуецца, што яна першапачаткова фарміравалася на Чылаэ. Мова тэўэльчэ падзялялася на шэраг даволі адрозных дыялектаў і знікла з ужытку ў другой палове XX ст.[10] У наш час распаўсюджаны іспанская мова і мова мапучэ.

Рэлігія

Да распаўсюджвання хрысціянства ў канцы XIX - першай палове XX ст. сярод тэўэльчэ былі распаўсюджаны анімістычныя вераванні[11]. Вярхоўную істоту, што стварыла сусвет, тэўэльчэ звалі Каоч. Пасля стварэння зямлі і вады Каоч адыйшоў на ўсход. Вярхоўная злая істота Гуалічу на думку вернікаў існавала ў падземным свеце. Для абароны ад злых духаў і магіі патагонцы выкарыстоўвалі амулеты. Абрад пахавання суправаджаўся забойствам сабак і коняў памерлага. Хавалі галавою на ўсход. Над пахаваннем ўзводзіўся курган-чэнке.

Зноскі

  1. Tehuelche, Aoniken in Argentina
  2. Maria L. Parolín; Francisco R. Carnese, HLA-DRB1 alleles in four Amerindian populations from Argentina and Paraguay
  3. An Alternative Model for the Early Peopling of Southern South America Revealed by Analyses of Three Mitochondrial DNA Haplogroups
  4. The native Patagonians and the Welsh settlers Архівавана 9 мая 2015.
  5. The Patagon, Patagonia Giants
  6. TEHUELCHE History
  7. Tehuelche Tribes Of Patagonia Архівавана 19 сакавіка 2015.
  8. TEHUELCHE Social organization
  9. TEHUELCHE Settlement patterns
  10. ethnologue.com
  11. TEHUELCHE Beliefs and funeral rites
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Патагонскія культуры
Катэгорыя·Народы Аргенціны
Катэгорыя·Індзейцы Паўднёвай Амерыкі