Севярын Віславух (польск.: Seweryn Wysłouch; 19 сакавіка 1900, Пярковічы, цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці Беларусі — 28 лютага 1968, Уроцлаў) — гісторык, грамадскі дзеяч. Доктар габілітаваны (1937), прафесар (1945).
Са шляхецкага роду Віславухаў. Да 11 гадоў навучаўся дома, пасля вучыўся ў прыватнай мужчынскай гімназіі Катчэ (польск.: Gimnazjum Katchego) ў Вільні на вуліцы Пясковай[3].
Падчас Першай сусветнай вайны і эвакуацыі гімназіі ў Расію ў 1915 годзе, вяртаецца ў родавы маёнтак Пярковічы, дзе разам з братамі дапамагаў бацьку ў кіраванні гаспадаркай. У 1920 годзе пайшоў разам з братамі ў войска, у якім служыў з 9 ліпеня 1920 па 14 красавіка 1923 года. Як шэраговы пяхоты ў складзе Літоўска-Беларускай дывізіі генерала Люцыяна Жалігоўскага ўдзельнічаў у баях за Гродна. Пасля польска-савецкай вайны працягваў службу ў войску, падчас якой скончыў Вайсковыя курсы матуральныя (польск.: Wojskowe Kursy Maturalne)[4].
Скончыў універсітэт Стэфана Баторыя (1927) у Вільні, у 1927—1939 — выкладчык, навуковы супрацоўнік універсітэта Стэфана Баторыя. 30 чэрвеня 1927 года атрымаў ступень магістра права. Прыкладна ў гэты час выкладаў гісторыю Польшчы ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1945—1946 гадах — загадчык кафедры гісторыі дзяржаўнага ладу Польшчы ў Лодзінскім універсітэце, з 1946 года — кафедры гісторыі дзяржавы і права Польшчы ва Уроцлаўскім універсітэце, у 1947—1955 гадах яго прарэктар, у 1956—1958 гадах — дэкан факультэта права і адміністрацыі.
Заснавальнік і дырэктар (1949—1953) Уроцлаўскага філіяла Заходняга інстытута, адзін з заснавальнікаў Сілезскага інстытута ў Аполе, у 1957—1960 — старшыня яго Навуковай рады.
Памёр 28 лютага 1968 года ва Уроцлаве.
У даваенны перыяд вывучаў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, яго адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел да сярэдзіны XVI стагоддзя (Кобрынскі павет, маёнткі Ласосна, Шарашова), шляхі зносін Вялікага Княства Літоўскага. Даследаваў сацыяльную структуру, землеўладанне, рэлігійныя адносіны, працэсы русіфікацыі і паланізацыі ў Заходняй Беларусі[5], дзейнасць КПЗБ. Крытыкаваў урадавую палітыку асіміляцыі, выступаў у друку ў абарону беларускай культуры, выкладаў гісторыю ў беларускіх школах. Адзін з заснавальнікаў НДІ Усхожняй Еўропы ў Вільні (1930), узначальваў аддзел меншасцей, выкладаў у яго Вышэйшай школе. З 1947 года займаў пасаду прарэктара Уроцлаўскага ўніверсітэта. Разам з іншымі віленскімі навукоўцамі-юрыстамі (Іва Яворскі, Анджэй Мыцэльскі, Адам Хэлмонскі, Вітольд Свіда, Аліна Ваўжыньчык) быў у ліку пачынальнікаў стварэння Юрыдычнага факультэта Уроцлаўскага ўніверсітэта[6]. У 1956—1958 гадах дэкан Юрыдычнага факультэта. Пасля вайны даследаваў сацыльяныя адносіны ў Сілезіі ў XIX—XX стагоддзях.
Да Другой сусветнай вайны, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. У 1934 годзе стаў гарадскім раднікам Вільні, абраным па спісе Эканамічнага блока Адраджэння Вільні набраўшы 4747 галасоў[7]. Акрамя таго, быў членам Віленскага Клуба пажылых людзей (польск.: Klubu Włóczęgów Seniorów) у Вільні, створанага Тэадорам Нагурскім і членамі першай групы Акадэмічнага клуба Вільні Клуба пажылых людзей (польск.: Akademicki Klub Włóczęgów Wileńskich), які прапагандаваў ідэю краёвасці на паўночна-ўсходніх тэрыторыях ІІ Рэчы Паспалітай. Разам з Станіславам Свяневічам быў аўтарам праграмных тэкстаў Клуба пажылых людзей, якія друкаваліся перыядычных выданнях. Напрыклад: у часопісе «Włóczęga»[8]. Ідэйна належаў да г.зв. «віленскіх дэмакратаў» на чале з В. Абрамовічам, супрацоўнічаў з газетай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). Адна з яго вялікіх заслуг — выратаванне ад поўнага спусташэння, а затым рэканструкцыя гістарычнага Аўла Леапольдзіна (польск.: Aula Leopoldina) у галоўным корпусе Уроцлаўскага ўніверсітэта[9]. У 1948 годзе быў суарганізатарам выставы «Адноўленыя тэрыторыі» ва Уроцлаве. Заснавальнік і дырэктар (1949—1953) Уроцлаўскага аддзялення Інстытута заходніх спраў, сузаснавальнік Сілезскага інстытута ў Аполе, з 1957 па 1960 гады старшыня яго навуковай рады.
Сын Антонія Ізыдара Віславуха (1864 — пасля 1940, знік без звестак пасля арышту ў Пярковічах) — дэпутата Сойму ІІ Рэчы Паспалітай, і Севярыны Віславух, у дзявоцтве Скражыньскай герба Боньча (1869—1918) — вядомай грамадскай дзяячкі, польскай мовазнаўцы, мастачкі, паэткі, пісьменніцы, суініцыятаркі будаўніцтва «Дома здароўя» для малазабяспечанай моладзі.
Браты і сёстры: Вітольд (? — пасля 1917, РСФСР, настаўнік замежных моў), Марыя (у замужжы Пейзер), Антоні (1895—1918, загінуў у Бабруйскай бітве), Францішак (1896—1978, пісьменнік, удзельнік польска-савецкай вайны), Юзаф (памёр ў дзяцінстве), Станіслаў (інжынер-аграрый, удзельнік польска-савецкай вайны), Бернард (1903—1940, настаўнік сельскагаспадарчых вучылішчаў, удзельнік польска-савецкай вайны, арыштаваны НКУС у 1939, знік без звестак), Віктар (1905—1981, выпускнік Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, канструктар рухомага саставу).