wd wp Пошук:

Францішак Віславух

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Віславух. Францішак Марыян Віславух (Выславух) (нар. 24 верасня 1896, в. Пярковічы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня — 23 сакавіка 1978, Лондан) — вайсковец, пісьменнік.

Біяграфія

Нарадзіўся 24 верасня 1896 года ў радавой сядзібе ў Пярковічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у заможнай шляхецкай сям’і. Род Віславухаў вядомы з пачатку ХVІ ст. Бацька, Антоній Віславух (1864—1940), быў гісторыкам, бібліяфілам, настаўнікам Брэсцкай гімназіі. У сям’і было дзевяць дзяцей. Малодшы брат Севярын (1900—1968) стаў даследчыкам па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай[1].

У Пярковічах прайшло дзяцінства Францішка Віславуха. У Варшаве ён скончыў сярэднюю школу і паступіў у Акадэмію мастацтваў. У 1914 годзе царскія ўлады маладога вольналюбівага чалавека саслалі ў Вятку. Праўда, прабыў там нядоўга — уцёк на радзіму[1].

У час Грамадзянскай вайны ён уступіў у Польскі легіён, удзельнічаў у савецка-польскай вайне 1919—1921 гадоў. Потым быў выкладчыкам вышэйшага вайсковага каледжа. У канцы 1920-х гадоў яго накіроўваюць у корпус памежнай аховы. Праходзячы ў ім службу, ён аб’ездзіў усю Заходнюю Беларусь[1].

Другую сусветную вайну Ф. Віславух сустрэў у чыне маёра ў Гродне. Польская Рэспубліка не вытрымала маланкавага ўдару немцаў і неўзабаве капітулявала. Разам з рэшткамі польскай арміі Францішак Віславух праз Швецыю накіроўваецца ў Францыю. Тут ён уступае ў Польскі армейскі корпус і прымае ўдзел у вайне Францыі з фашысцкай Германіяй. Але і гэтая барацьба хутка скончылася паражэннем французаў[1].

Ф. Віславух апынуўся ў Англіі. Неўзабаве саюзнікі распачалі баявыя дзеянні ў Афрыцы. Францішка Віславуха прызначылі начальнікам штаба цэнтра падрыхтоўкі запасу корпуса генерала Андэрса. Калі пачаліся цяжкія баі ў Італіі пад Монтэ-Касіна, генерал Андэрс кінуў у гэтае пекла ўсе рэзервы. Разам са сваімі жаўнерамі Ф. Віславух прайшоў франтавымі дарогамі Італіі да самай Перамогі[1].

Пасля вайны Ф. Віславух пасяліўся ў Англіі. Некаторы час быў палкоўнікам Брытанскіх Узброеных Сіл. Пасля выхаду на пенсію займаўся сваёй любімай справай — маляваў карціны і пісаў апавяданні[1].

Магіла Францішка Віславуха

23 сакавіка 1978 года сэрца пісьменніка спынілася. Пахавалі яго на могілках Патні-Вейл у Лондане[1].

Творчасць

Скразным вобразам усіх мастацкіх твораў Францішка Віславуха з’яўляецца Палессе. У Лондане падрыхтаваў да выдання тры зборнікі сваёй лірычнай прозы: «Opowiadania poleskie» («Палескія апавяданні», 1968), «Na śceżkach Polesia» («На сцежках Палесся», 1976) і «Echa Polesia» («Рэха Палесся», 1979)[1].

Мемуарны аповед Францішка Віславуха грунтаваны на асабістых уражаннях і ўласным досведзе. Аўтар звяртаецца да тэмы, якая складае любоў ягонага жыцця — да Палесся. У сваіх аўтабіяграфічных апавяданнях ён апісвае маляўнічыя вобразы гэтага рэгіёна і ягоных жыхароў з міжваеннага перыяду, рысы іх характару, побыт і звычаі. Асноўнымі рысамі палешукоў аўтар называе асцярожнасць, да якой змушае навакольная прырода, звязаны з ёю недавер і нелюбоў да змен, а таксама схільнасць замыкацца ў сабе. Шматвекавая барацьба за існаванне сярод пушчаў і дрыгвы выпрацавала ў гэтых людзей такія рысы характару, як кемлівасць, самадастатковасць, адвага. Трапнасцю вызначаюцца назіранні і апісанні Ф. Віславуха, якія тычацца земляробства на Палессі, стаўлення насельніцтва да ўлад і чужых людзей, адносін да прыроды[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 24 верасня 2016 года — 120 гадоў з дня нараджэння Францішка Віславуха (1896—1978), польскага вайсковага дзеяча, пісьменніка, мастака. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Кавалеры крыжа Храбрых
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кобрынскім павеце
Катэгорыя·Узнагароджаныя сярэбраным крыжом Заслугі
Катэгорыя·Віславухі
Катэгорыя·Удзельнікі польска-савецкай вайны
Катэгорыя·Памерлі 23 сакавіка
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатым Крыжам Заслугі
Катэгорыя·Кавалеры сярэбранага знака ордэна Virtuti Militari
Катэгорыя·Мастакі Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1896 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Лондане
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 верасня
Катэгорыя·Польскамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Патні-Вейл
Катэгорыя·Памерлі ў 1978 годзе
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Удзельнікі Другой сусветнай вайны
Катэгорыя·Пісьменнікі Польшчы