Са́жань[1] — састарэлая адзінка вымярэння даўжыні: «занявши вширки на локоть, а вдлужъ можетъ быть на двѣсти сажней, тамъ же дей плотомъ новымъ загородити казалъ»[2]; «Отъ вежы воротное до тое вежы, где каплица, 20 сажонъ…»[3]; «Дому того будованья: напервей свѣтлица трехъ сажонъ, соломою накрыта…»[4].
Упершыню згадваецца ў крыніцах з XI стагоддзя. Назва паходзіць ад старажытнаславянскага «сягаці» — выцягваць, распасціраць рукі[1]. На тэрыторыі Расіі і Беларусі выкарыстоўвалася да ўвядзення ў 1918 годзе ў РСФСР метрычнай сістэмы мер[5].
Гэта слова са значэннем адзінкі вымярэння ўжывалася ў іншых славянскіх мовах — балгарскай, польскай, рускай, славацкай, славенскай, стараславянскай, чэшскай, верхне- і ніжнелужыцкай[6]. Самае ранняе яго ўжыванне ў помніках агульнаўсходнеславянскага пісьменства выявіў І. Сразнеўскі ў дакуменце, датаваным 1068 годам[7]. Яно ўтварылася ад дзеяслова «сягаць» і першапачаткова мела значэнне адлегласць паміж канцамі пальцаў разведзеных у бакі рук[6], а потым набыло трывала замацаванае метрычнае значэнне. У сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага, зацверджанай пастановай сойма 1766 г., сажень складаўся з трох локцяў — 194,82 см, калі лічыць у локці 64,94 см.[8]
У XIX стагоддзі на Віцебшчыне, як пісаў А. Семянтоўскі, ужываліся тры сажні: казённы, або косы; махавы, або ручны; купецкі, або дзевяціфутавы[9].
Існавала вялікая колькасць розных сажаняў. Сярод іх:
У 1835 годзе указам бы замацаваны памер сажаня, роўны 7 англійскіх футаў, або 84 дзюймы. Гэта адпавядала 3 аршынам (213,36 см).
У сучаснай беларускай мове слова сажань са значэннем адзінкі вымярэння ўжываецца ў творах старэйшых пісьменнікаў або ў творах на гістарычныя тэмы: «Жар нестрывалы: трудна ўстаяць за тры сажні ад агню»[10]; «Перад стопкаю невялікі кавалакдвара, незанятага градамі, ды ў сажань шырынёй паска, як бы дарога ад стопкі ў вуліцу»[11]; «Новую лазню Даніла Когут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўасную хату»[12]. У Я. Коласа яно ўжываецца са значэннем адзінкі вымярэння дроў (укладка на кубічны сажань): «Узяў дзядзька Марцін грошы, пайшоў у лясніцтва і купіў асігнату на сажань дроў…. Адзін бок сажню прыпёр да хвоі»[13]. У літаратурнай мове яно выяўлена са значэннем прылада мераць поле (каза): «І трэба бачыць, з якой важнасцю мерае-перакідае сажань, спецыяльна зроблены, накшталт шырока расчыненага цыркуляра, Пятро Бацюк»[14]. П. Галавач называе гэту прыладу сажонкай: «Паўз канаплянік і пайшлі камітэтчыкі з сажонкаю, якую зрабіў нехта ўжо на панскім двары…»[15].
Слова сажань (мера) ўваходзіць у склад фраземы «бачыць на тры сажні пад зямлёй» — добра ўсё разумець, быць кемлівым: «Вы не глядзіце, што яна [цётка Палуся] трошкі падслепаватая ды кіслагубая, але бачыць яна на тры сажні пад зямлёй і чуе праз тры мураваныя сцяны»[16].
У сучаснай беларускай мове ўжываецца таксама прыметнік сажнёвы (сажэнны) — велічынёй (таўшчынёй) з сажань: «… у гэты час цераз паўтарасажнёвую сцяну агароджы, на турэмны двор, саскакваюць адна за адной бязгучныя і рухавыя постаці…»[17]; «Сажэннага росту лёкай скочыў з запятак і ляскам адкінуў падножку»[18].