Аршын (цюрк.) — мера даўжыні ад 0,652 да 1,12 м да ўвядзення метрычнай сістэмы ў шэрагу краін (Афганістан, Балгарыя, Іран, Турцыя, Расія і інш.). У Расіі выкарыстоўваўся з пачатку XVI ст. пры гандлі тканін з усходнімі краінамі. Адпавядаў локцю, з 1736—42 роўны 0,71119 м[1]. У ВКЛ вядомы ў XVI ст., але шырока не ўжываўся.
«А Янчинский пограбилъ, къ своей р?це взялъ: …тринадцать аръшинъ китайки дв?личное…»[2]; «Өалюндишу бурнатьного чотыри оршины, китайки… чотыри оршины»[3].
Ужыванне слова «аршинъ» з метрычным значэннем яшчэ раз пацвярджае думку, што ў розных мовах словы са значэннем «месца злучэння плечавой і локцевай касцей» маглі набываць метрычнае значэнне. Гэта слова ў цюркскіх мовах мела значэнне локаць (частка цела чалавека) і адзінка вымярэння. З апошнім яно, відаць, і было запазычана ў агульнаўсходнеславянскі перыяд. Як мера яно ўжывалась таксама ў балгарскай, рускай, сербскай, украінскай. Як паказваюць назіранні, у Вялікім Княстве Літоўскім слова «аршинъ» было шырока распаўсюджана. Значна шырэй яно стала ўжывацца пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, бо ў апошняй гэта была адна з асноўных адзінак даўжыні. Пасля гэтага яно таксама пашырыла семантыку і ў сучаснай беларускай мове ўжываецца з такімі значэннямі:
Як паказваюць назіранні, слова аршын з такімі значэннямі выходзіць з актыўнага ўжывання. Аднак даволі часта яно ўжываецца ў складзе некаторых фразем і словазлучэнняў, якія маюць рознае значэнне. Фразема «мераць на свой аршын»[7] мае значэнне «раўняць па сабе», а «нібы аршын праглынуў» — стаяць прама, навыцяжку; «аршын з шапкаю» — зусім нізкі[8]; «аршынам носа не дастанеш» — вельмі ганарлівы: «У старшыні аршынам носа не дастанеш з-за тых свінарнікаў і кароўнікаў»[9]. Словазлучэнне «даць тры аршыны зямлі» ўжываецца са значэннем знішчыць, загубіць: «Без зямлі ўвесь век цягаўся горш якой скаціны, вось нарэшце дачакаўся — далі тры аршыны»[10]; «бачыць скрозь зямлю на чатыры аршыны» — разумець усё чыста: «Іду я на праверку да сваёй супругі, яна ў мяне скрозь зямлю на чатыры аршыны бачыць…»[11].
У XIX ст. слова аршын ужывалася ў складзе такіх словазлучэнняў: «вышовъ подъ аршинъ» — вырас такі, каб браць у рэкрцты «А въ вдовушки одинъ сынъ и той вышовъ подъ аршинъ. И аршину ни сняли, у солдаты аддали»[12]; «Будим-жа раду браць, кого ў рэкрцты отдать: у кого сыноў шэсть, тому ўси пошли заўчесть, у кого сыноў пять, там ни водного не ўзять, у кого сыны чатыры, там ня вышли аршыны»[13].
Ва ўкраінскай мове XVIII—XIX стст., як і ў беларускай, ужываліся словазлучэнні «стати під аршин» — быць аддадзеным у салдаты; «дійти до аршина» — стаць прыдатным да службы ў войску[14]. Утварэнне такіх словазлучэнняў звязана з тым, што аршын у той час быў асноўнай адзінкай выфмярэння, прычым калі ў старабеларускай мове ён ужываўся параўнальна рэдка, то пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі гэта адзінка вымярэння стала ўжывацца часцей, бо яна была асноўнай у сістэме мер Расійскай імперыі.
Пра даўжыню «аршина» ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага сведчыць такі прыклад: «а сесь аршинъ великих перстов или цалей сто»[15]. Цаля была прыблізна 2,7 см, у такім выпадку «аршинъ» — 2,7 м.