wd wp Пошук:

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл (польск.: Bogusław Radziwiłł, літ.: Boguslavas Radvila; 3 мая 1620 у Гданьску — 31 снежня 1669 пад Кёнігсбергам) — харунжы літоўскі, канюшы літоўскі, генеральны губернатар Прускага герцагства. Сын кашталяна віленскага Януша Радзівіла і Лізаветы Соф’і Гогенцолерн.

Біяграфічныя звесткі

З сямі гадоў выхоўваўся ў ВКЛ пад апекай стрыечнага дзядзькі Крыштафа Радзівіла Перуна. У 1637 выехаў вучыцца ў Нідэрланды, але кінуў навучанне дзеля ўдзелу ў вайне з іспанцамі. Пазней вучыўся ў Парыжы ў Акадэміі рыцарскай. Падарожнічаў па Еўропе, удзельнічаў у войнах і міжусобіцах. У 1648 вярнуўся ў Рэч Паспалітую, калі даведаўся пра казацкую вайну. Для барацьбы з казакамі наняў 2 тыс. пехацінцаў, рэйтараў і драгунаў. У антыказацкіх кампаніях удзельнчаў як генерал каралеўскай гвардыі. Улетку 1654 спазніўся пад Шклоў да вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла і практычна не ваяваў, у наступным годзе браў удзел у контрнаступе і кіраваў дывізіяй Януша Радзівіла пры аблозе Магілёва, калі той быў хворы. Разам з Янушам Радзівілам з’яўляўся ініцыятарам Кейданскай уніі — пераходу ВКЛ пад пратэктарат Швецыі. Перайшоўшы да шведаў, узначальваў брандэнбургскую армію на тэрыторыі Прусіі (16571658), пасля вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай і ваяваў супраць Швецыі ў Курляндыі.

Б. Радзівіл і яго жонка Ганна Марыя. Мініяцюры, XIX ст.

Валодаў вялікай латыфундыяй, пасля смерці бацькі стаў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, многіх маёнткаў, у выніку шлюбу са сваёй стрыечнай пляменніцай Ганнай Марыяй, дачкой Я. Радзівіла, атрымаў Кейданы, Дубінкі, Біржы, Заблудаў, Койданава, Беліцу і інш., трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, бібліятэку (гл. Бібліятэка Багуслава Радзівіла), дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т.л. Радзівілаўскі летапіс (завяшчаў яе ў 1668 у Каралявец). Падтрымліваў кальвінісцкія зборы і школы. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў (зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі). На службе ў Багуслава Радзівіла былі многія вучоныя, дзеячы культуры, у т.л. Ю. Нарановіч-Наронскі, С. Незабітоўскі.

Б. Радзівіл адкрыў у Слуцку прадпрыемства па вырабе гармат. Майстры па адліўцы гармат былі запрошаны з Германіі.

Пасля смерці Багуслава Радзівіла яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны (гл. «Нойбургскія маёнткі»).

Асабістае жыццё

Князь быў героем многіх амурных гісторый і адзюльтэраў, напрыклад, з французскай прыгажуняй герцагіняй Беатрыс дэ Кюзанс; будаваў вялікія матрыманіяльныя планы з замежнымі арыстакраткамі і прынцэсамі, у тым ліку і з паноўных дамоў: Шарлотай дэ Ла Форс, Маргарытай дэ Раган, Марыяй Сцюарт (дачка Карла І), Марыяй Насаў, Ганнай Даротай Гольштэйн-Гатарпскай, Марыяй Эльжбетай Саксонскай, Элеанорай Кацярынай Пфальц-Цвейбрукенскай (сястрой шведскага караля Карла Х Густава) і інш.

Але ў 1660-х г. Багуслаў закахаўся ў сваю юную кузіну Ганну Марыю Радзівіл (1640—67), адзіную дачку князя Януша ІІ Радзівіла. Нягледзячы на тое, што яе бацька быў пратэстант, Ганна Марыя была выхаваная сваёй маці Кацярынай з роду Патоцкіх як каталічка. Гэта, а таксама вельмі блізкае кроўнае сваяцтва стала сур’ёзнай перашкодай у іх складаным каханні. Для шлюбу патрабавалася папская дыспенсія (дазвол), атрыманне якой было не самай лёгкай справай для перакананага кальвініста Багуслава, асабліва калі дзясяткі кавалераў настойліва, а часам абсалютна нетактоўна забягалі аб руцэ казачна багатай нявесты. Усё гэта адбывалася на фоне шматлікіх палітычных інтрыг, у якія так ці інакш быў уцягнуты князь Багуслаў, які бараніў інтарэсы пратэстанцкай лініі Радзівілаў. Аднак закаханыя ўсё ж дамагліся свайго і пабраліся шлюбам 24 лістапада 1665 на сціплай цырымоніі ў Лібаве. Праз два гады падчас родаў Ганна Марыя памерла, пакінуўшы самотнага князя разам з іх адзінай дачкой Людвікай Каралінай.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France Bogusław Radziwiłł // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  3. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  4. (unspecified title) Праверана 8 ліпеня 2019.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (24):
Нарадзіліся 3 мая
Асобы
Памерлі ў Калінінградзе
Старосты бранскія
Выпускнікі Утрэхцкага ўніверсітэта
Радзівілы
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў 1620 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Радзівілы
Пахаваныя ў Калінінградзе
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Старосты ашмянскія
Нарадзіліся ў Гданьску
Памерлі ў Кёнігсбергу
Вікіпедыя:Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Старосты мазырскія
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Харунжыя вялікія літоўскія
Канюшыя вялікія літоўскія
Генералы Рэчы Паспалітай
Памерлі ў 1669 годзе
Памерлі 31 снежня