wd wp Пошук:

Лютаўская рэвалюцыя

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года — рэвалюцыя ў Расійскай імперыі, вынікам якой стала падзенне манархіі, абвяшчэнне рэспублікі і пераход улады да Часовага ўрада.

Пачатак рэвалюцыі паклалі забастоўкі, вулічныя мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917. Выступленні рабочых і салдат перараслі ва ўзброенае паўстанне. 2 сакавіка цар Мікалай II адрокся ад прастола на карысць брата Міхаіла, які на другі дзень падпісаў маніфест аб адмове прыняць трон да пастановы Устаноўчага сходу[1].

Прычыны

Лютаўская рэвалюцыя пачалася як стыхійны парыў народных мас, аднак яе поспеху спрыяў і гостры палітычны крызіс у вярхах, рэзкая незадаволенасць ліберальна-буржуазных кол адзінаасобнай палітыкай цара. Хлебныя бунты, антываенныя мітынгі, дэманстрацыі, стачкі на прамысловых прадпрыемствах горада наклаліся на незадаволенасць і закісанне сярод шматтысячнага сталічнага гарнізона, які далучыўся да рэвалюцыйных мас, што выйшлі на вуліцы.

Развіццё падзей

27 лютага (12 сакавіка) 1917 года ўсеагульны страйк перарос ва ўзброенае паўстанне. Войскі, якія перайшлі на бок паўстанцаў, занялі найважнейшыя пункты горада, урадавыя будынкі. У дадзеным становішчы царскі ўрад выявіў няздольнасць да хуткіх і рашучых дзеянняў. Разрозненыя і нешматлікія сілы захоўвалі вернасць манарху, аднак аказаліся не ў стане самастойна справіцца з анархіяй, якая ахапіла сталіцу, а некалькі часцей, знятых з фронту дзеля здушэння паўстання, не здолелі прабіцца да горада.

Непасрэдным вынікам Лютаўскай рэвалюцыі стала адрачэнне ад пасады Мікалая II, спыненне панавання дынастыі Раманавых і фармаванне Часовага ўрада пад кіраўніцтвам князя Георгія Львова. Гэты ўрад быў цесна звязаны з буржуазнымі грамадскімі арганізацыямі, якія ўзніклі ў гады вайны, як то Усерасійскі земскі саюз, Гарадскі саюз, Цэнтральны ваенна-прамысловы камітэт. Часовы ўрад злучыў у сваім твары заканадаўчую і выканаўчую ўладу, замяніўшы цара, Дзяржаўны савет, Думу і Савет міністраў. У сваёй Дэкларацыі Часовы ўрад аб’явіў амністыю палітычным зняволеным, грамадзянскія свабоды, замену паліцыі «народнай міліцыяй», рэформу мясцовага самакіравання[2].

Практычна адначасова рэвалюцыйна-дэмакратычнымі сіламі быў сфармаваны паралельны орган улады — Петраградскі савет, што прывяло да сітуацыі, вядомай як двоеўладдзе. 1 (14) сакавіка 1917 года новая ўлада была ўсталявана ў Маскве, на працягу сакавіка — па ўсёй краіне.

Зноскі

  1. Тэкст адрачэння Мікалая ІІ і адмовы Міхаіла прыняць імператарскую ўладу ў беларускім перакладзе
  2. Кара-Мурза С. Г. Гл. 2. Государство и право после Февральской революции 1917 г. История советского государства и права.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Гісторыя Расіі
1917
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Лютаўская рэвалюцыя 1917