wd wp Пошук:

Прыбалтыйска-фінскія мовы

     Юкагірскія      Самадыйскія      Венгерскія      Фіна-волжскія і пермскія (разам з прыбалтыйска-фінскімі)

Прыбалты́йска-фі́нскія мовы — група роднасных моў у складзе фіна-волскай групы фіна-ўгорскай галіны ўральскай моўнай сям’і, на якіх размаўляюць фіна-ўгорскія народы, што пражываюць на паўночным узбярэжжы Балтыйскага мора, а таксама ў некаторых іншых навакольных рэгіёнах.

На прыбалтыйска-фінскіх мовах увогуле размаўляе прыкладна 7 млн чалавек.

Гісторыя

Развіццё прыбалтыйска-фінскіх моў пачынаецца прыкладна ў раёне 1500—1000 гадоў да н.э., калі агульная протафіна-саамская мова падзялілася на протасаамскую і протапрыбалтыйска-фінскую.

Існуюць меркаванні, паводле якіх протапрыбалтыйска-фінская мова пазней падзялілася на тры гаворкі — паўднёвую, на якой размаўляла фіна-ўгорскае насельніцтва Эстоніі і паўночнай Латвіі, паўночную, на якой размаўлялі на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі і ўсходнюю, носьбіты якой жылі ў ваколіцах возера Ладага.

Класіфікацыя

Прыбалтыйска-фінскія мовы знаходзяцца ўнутры фіна-волскай групы фіна-пермскай падгаліны фіна-ўгорскай галіны ўральскіх моў. Найбольш блізкімі да прыбалтыйска-фінскіх моў з’яўляюцца саамскія мовы, але некаторымі вучонымі гэтая блізкасць аспрэчваецца[1].

Унутры прыбалтыйска-фінскія мовы падзяляюцца на 3 групоўкі: паўднёвую, паўночную і ўсходнюю.

Калі паказваць схематычна, то класіфікацыя прыбалтыйска-фінскіх моў адносна ўральскіх выглядае наступным чынам.

Асноўная характарыстыка

Пісьменнасць

Берасцяная грамата № 292.

Першай пісьменнасцю, якая была ўжыта для прыбалтыйска-фінскіх моў, можна лічыць кірыліцу: найстаражытнейшы помнік гэтых моў — наўгародская берасцяная грамата № 292 beru, якая датуецца прыкладна палавінай XIII ст. Гэты тэкст быў напісаны кірыліцай і ўяўляў з сябе замову ад нячысцікаў.

Арыгінальны тэкст

юмолануолиїнимижи
ноулисѣханолиомобоу
юмоласоудьнииохови Прыкладны пераклад

Страла бога з дзясяткамі імёнаў
Божая гэта страла
Чыніць божы суд

Водская мова

Зараз нешматлікімі энтузіястамі, што займаюцца пашырэннем мовы, ужываецца лацінскі алфавіт. Да гэтага часу паміж імі не заканчваюцца спрэчкі наконт абазначэння зычнага гука /t͡ʃ/, які ў розных аўтараў абазначаецца па-рознаму: /c. Афіцыйна зацверджаная сістэма арфаграфіі для мовы адсутнічае.

У 1930-х гадах воддзю па паходжанні лінгвістам Дзмітрыем Цвятковым быў распрацаваны кірылічны алфавіт, але ён не стаў папулярным.

У нашыя часы водскі алфавіт з’яўляецца падобным на алфавіты іншых прыбалтыйска-фінскіх моў. Ужываюцца дыграфы са знакам апостраф.

Сучасны выгляд водскага алфавіта.

A a B b C c D d D' ď E e
F f G g H h I i J j K k
L l L' l' M m N n N' n' O o
P p R r R' r' S s Š š S' s'
T t T' ť U u V v Z z Z' z'
Ž ž Õ õ Ä ä Ö ö Ü ü

Вепская мова

Першыя працы па стварэнні літаратурнага стандарту і арфаграфіі мовы пачаліся ў 1930 гадах. Ужо ў тыя часы вепская пісьменнасць засноўвалася на лацінскай графіцы. У 1937 годзе алфавіт быў пераведзены на кірыліцу, але ў наш час на практыцы ён ужываецца вельмі рэдка.

У наш час вепская пісьмовасць таксама засноўваецца на лацінскім алфавіце, але сённяшні алфавіт адрозніваецца ад алфавіта 1930 гадоў.

Сучасны вепскі алфавіт.

A a B b C c Č č D d E e F f G g
H h I i J j K k L l M m N n O o
P p R r S s Š š Z z Ž ž T t U u
V v Ü ü Ä ä Ö ö

Іжорская мова

Першая пісьменнасць для іжорскай мовы была створана ў 1932 годзе і мела лацінскую аснову. Раней мова была бяспісьменнай. У гэты час вялося актыўнае выданне літаратуры па-іжорску, а ў месцах кампактнага пражывання іжоры частка афіцыйнага дакументаабароту таксама вялася па-іжорску.

У 1936 годзе алфавіт рэфармаваны, а ў 1938 годзе іжорскамоўнае выдавецтва, іжорскамоўная адукацыя і іжорскія нацыянальныя сельсаветы былі скасаваны.

Сучасны іжорскі алфавіт.

A a B b C c D d E e F f
G g H h I i J j K k L l
M m N n O o P p R r S s
Š š T t U u V v Y y Z z
Ž ž Ä ä Ö ö

Карэльскія мовы

Як адзначалася вышэй, першым узорам ужывання пісьма для карэльскіх моў з’яўляецца наўгародская берасцяная грамата № 292. Да ХІХ ст. кнігавыданне на карэльскай мове практычна не вялося, пакуль у 1820 годзе кірылічным шрыфтам не было выдадзена Евангелле паводле Мацвея. У гэтыя часы не існавала адзінага літаратурнага стандарту і арфаграфіі мовы, у выніку чаго алфавіты розных выданняў адрозніваліся адзін ад аднаго. У савецкія часы, у 1931 годзе для карэльскай мовы быў створаны лацінскі алфавіт, але ў 1937 годзе ён быў зноў пераведзены на кірылічную аснову. У нашыя часы афіцыйна зацверджаны карэльскі алфавіт, заснаваны на лацінскай графіцы[2].

Сучасны карэльскі алфавіт.

A a B b C c Č č D d E e F f G g
H h I i J j K k L l M m N n
O o P p R r S s Š š Z z Ž ž
T t U u V v Y y Ä ä Ö ö '

Ліўская мова

Алфавіт ліўскай мовы заснаваны на лацініцы і змяшчае ў сабе элементы латышскага і эстонскага алфавіта. У 2005 годзе былі зацверджаны правілы ліўскай арфаграфіі.

Сучасны ліўскі алфавіт.

А а Ā ā Ä ä Ǟ ǟ B b D d Ḑ ḑ
E e Ē ē F f G g H h I i Ī ī
J j K k L l Ļ ļ M m N n Ņ ņ
O o Ō ō Ȯ ȯ Ȱ ȱ Ö ö Ȫ ȫ Õ õ
Ȭ ȭ P p R r Ŗ ŗ S s Š š T t
Ț ț U u Ū ū Y y Ȳ ȳ V v Z z
Ž ž

Паўднёваэстонская мова

Выруская мова

Выруская мова мае свой уласны літаратурны стандарт і алфавіт[3], які аналагічны алфавітам многіх іншых прыбалтыйска-фінскіх моў.

Сучасны выгляд вырускага алфавіта.

А а B b C c D d E e F f G g H h
I i J j K k L l M m N n O o P p
Q q R r S s Š š T t U u V v W w
Õ õ Ä ä Ö ö Ü ü X x Y y Z z Ž ž
'

Літарай Qq паказваецца асаблівы гартанны гук, які не з’яўляецца ні галоснай, ні зычнай. Апостраф з’яўляецца паказчыкам памякчэння папярэдняга зычнага гука.

Фінская мова

Першы вопыт ужывання пісьма для фінскай мовы датуецца прыкладна XVI ст.

Сучасны фінскі алфавіт.

A a B b С с D d E e F f G g
H h I i J j K k L l M m N n
O o P p R r S s T t U u V v
W w X x Y y Z z Å å Ä ä Ö ö

Апроч вышэйпералічаных літар, у фінскай мове таксама ўжываюцца літары Šš, Žž для напісання ўласных імёнаў і г.д.

Квенская мова

Квенская пісьмо засноўваецца на лацінскім алфавіце, носьбіты квенскай мовы ўжываюць алфавіт, блізкі да фінскага. Квенскі алфавіт адрозніваецца ад фінскага наяўнасцю літары Đđ.

Сучасны выгляд квенскага алфавіта.

А а B b C c D d Đ đ E e F f G g
H h I i J j K k L l M m N n O o
P p R r S s T t U u V v Ä ä Ö ö

Эстонская мова

Як і многія іншыя фіна-ўгорскія мовы, носьбіты эстонскай мовы карыстаюцца лацінскім алфавітам. Як у іншых прыбалтыйска-фінскіх мовах у эстонскай мове прысутнічаюць літары ä, ö, ü, а таксама літары š, ž, якія ў эстонскай мове з’явіліся пазней. Літары Cc, Qq, Ww, Xx, Ff, Zz, Šš, Žž ужываюцца толькі ў запазычаннях і напісанні ўласных назваў. Літара Õõ у эстонскай была дадана асобна лінгвістам Ота Вільгельмам Мазінгам.

Сучасны выгляд эстонскага алфавіта.

A a B b C c D d E e F f G g H h
I i J j K k L l M m N n O o P p
Q q R r S s Š š Z z Ž ž T t U u
V v W w Õ õ Ä ä Ö ö Ü ü X x Y y

Геаграфія

     Фінская мова ўжываецца абсалютнай большасцю насельніцтва      Фінская мова ўжываецца як мова нацыянальнай меншасці
Этнаграфічная карта паселішчаў водзі, іжоры і фінаў на захадзе Ленінградскай вобласці ў перыяд з 1848 па 2007 гады.
Эстонская і паўднёваэстонская мовы.

На прыбалтыйска-фінскіх мовах размаўляюць на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора (Эстонія, Фінляндыя, часткова Латвія), у рэгіёнах на ўсход ад Балтыйскага мора (Ленінградская вобласць, рэспубліка Карэлія, часткова Валагодская, Пскоўская і Цвярская вобласці Расіі) і часткова ў Лапландыі (нарвежскі рэгіён Фінмарк і поўнач шведскага лена Нарботэн).

Водская мова

Распаўсюджаная ў асобных вёсках на захадзе Ленінградскай вобласці.

Вепская мова

Распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Карэліі, а таксама ў памежных з Карэліяй раёнах Ленінградскай і Валагодскай абласцей.

Іжорская мова

Разам з водскай мовай распаўсюджаная ў асобных вёсках захаду Ленінградскай вобласці.

Карэльскія мовы

Карэльскія мовы ўжываюцца пераважна ў рэспубліцы Карэлія (Расія) і ў асобных вёсках Цвярской (цверскія карэлы) і Ленінградскай вобласці (ціхвінскія карэлы), раней носьбіты карэльскай мовы жылі таксама на ўсходзе Фінляндыі і на паўночным захадзе Ленінградскай вобласці (г. зв. Карэльскі перашыек).

У сваю чаргу носьбіты лівікаўскай карэльскай мовы пражываюць на заходнім поўдні Карэліі (наваколле Ладажскага возера), людзікаўскай карэльскай — на ўсходнім поўдні рэспублікі (заходні бераг Анежскага возера), уласнакарэльскай мовы — ў цэнтральных і паўночных раёнах Карэліі, а таксама ў асобных вёсках усходу Ленінградскай вобласці (вышэйадзначаныя ціхвінскія карэлы). Носьбіты цверскай карэльскай мовы пражываюць у асобных вёсках на ўсходзе Цвярской вобласці.

Ліўская мова

У нашыя часы ліўская мова з’яўляецца мёртвай мовай. Яе носьбіты, а таксама іх нашчадкі, што ведаюць мову на навучальным узроўні, пражываюць на поўначы Курзэмэ, Латвія.

Фінская мова

Носьбіты фінскай мовы пераважна пражываюць у Фінляндыі. Таксама носьбіты фінскай мовы жывуць на поўначы Нарвегіі і Швецыі (у якасці носьбітаў квенскай мовы і меянкіелі, якія структурна з’яўляюцца ўзаемазразумелымі дыялектамі фінскай мовы), на захадзе Ленінградскай вобласці (фіны-інкеры і фіны-еўрамёйсэт), у асобных раёнах Карэліі і цэнтральнай Швецыі.

Эстонская мова

Носьбіты эстонскай мовы перш за ўсё пражываюць у Эстоніі. Таксама носьбіты эстонскай мовы (у якасці носьбітаў мовы сету і іншых гаворак паўднёваэстонскай мовы) пражываюць у Пячорскім раёне Пскоўскай вобласці, таксама носьбіты паўднёваэстонскіх гаворак пражывалі на ўсходзе Латвіі і ў Краснагародскім раёне Пскоўскай вобласці, але яны вымерлі ў сярэдзіне ХХ ст.

Грамадскае жыццё

Эстонская і фінская мовы маюць статус дзяржаўнай адпаведна ў Эстоніі і Фінляндыі, прычым у Фінляндыі дзяржаўны статус таксама мае і шведская мова[4].

Вепская, фінская і карэльскія мовы маюць статус дапаможных моў у рэспубліцы Карэлія[5]. Апроч гэтага, вепская мова мае статус афіцыйнай у Вепскім нацыянальным (Валагодская вобласць) і Шокшынскім вепскім (Карэлія) сельскіх паселішчах, вепская мова мела статус афіцыйнай у Вепскай нацыянальнай воласці ў перыяд яе існавання. Карэльскія мовы маюць статус мовы нацыянальнай меншасці ў Фінляндыі. Ліўская мова прызнана другой аўтахтоннай мовай Латвіі нароўні з латышскай. Квенская мова і меянкіелі маюць статус мовы нацыянальнай меншасці ў Нарвегіі і Швецыі адпаведна.

Зноскі

  1. T. Salminen. Problems in the taxonomy of the Uralic languages in the light of modern comparative studies. Kuznecova Festschrift Архівавана 22 верасня 2012. (англ.)
  2. Постановление Правительства Республики Карелия № 37-П от 16.03.2007 «Об утверждении алфавитов карельского и вепсского языков» Архівавана 4 лістапада 2014. (руск.) , (англ.) , (фін.)
  3. Võru kirjakeele sõnamuutmissüsteem (Inflectional Morphology in the Võro Literary Language) by Sulev Iva, Phd at Tartu University (эст.)
  4. Гл. артыкул 17 Канстытуцыі Фінляндыі.
  5. Карелия N 31 (23 марта 2004): Документы: закон Республики Карелия о государственной поддержке карельского, вепсского и финнского языков в Республике Карелия Архівавана 23 красавіка 2017. (англ.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Фіна-ўгорскія мовы