wd wp Пошук:

Раймунд Бжазоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бжазоўскі.

Раймунд Бжазоўскі (польск.: Rajmund Brzozowski, лац.: Rajmundus Brzozowski; 7 снежня 1763 у Літве — 23 жніўня 1848 у Маса-Лубрэнсэ каля Неапаля) — каталіцкі дзеяч, езуіт, філолаг.

У Таварыства Ісуса ўступіў 17 верасня 1780 года ў Полацку. У 1791 г. высвечаны на ксяндза, а 2 лютага 1798 г. склаў апошнія зарокі. Працаваў прафесарам рыторыкі ў калегіумах у Оршы (1788—1789, у 1794—1798 - яшчэ і ўзначальваў там настаўніцкую семінарыю) і Магілёве (1793—1794), а таксама прафесарам філасофіі і матэматыкі ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1799—1800). Потым вёў прапаведніцкую дзейнасць у Магілёве, Оршы і Віцебску. Пасля вяртання ў Полацк — прафесар філасофіі і матэматыкі (1805—1806), схаластычнай філасофіі, кананічнага права і свяшчэннага пісання (1806—1814). З пераўтварэннем калегіума ў Полацкую езуіцкую акадэмію займаў у ёй высокія пасады: канцлера (1814—1817) і рэктара (1817—1820), апошняга ў гісторыі гэтай навучальнай установы[1][2].

Пасля выгнання езуітаў з межаў Расійскай імперыі (1820) выехаў у Рым, дзе ўдзельнічаў у ХХ Генеральнай кангрэгацыі Таварыства Ісуса і стаў асітэнтам новаабранага генерала Луіджы Фортыса[3]. У 1829 г. прадстаўляў Нямецкую правінцыю ордэна на ХХІ Генеральнай кангрэгацыі[4]. Браў актыўны ўдзел у працы польскага эміграцыйнага асяродку. Апошнія гады жыцця правёў у Неапалі[3].

Бжазоўскі апублікаваў дзве працы ў «Полацкім штомесячніку»: O sposobie zatrzymania I rozmnoźenia zdrowego smaku mowy i vymowy ojczystej (odczyt na publicznem posiedzieniu akademii dnia 16 września 1818 r.) і Rozbiór sztuki rymotwórczej Horacyusza. Пазней гэтыя матэрыялы былі ўключаны ў «Слоўнік вядомых польскіх пісьменнікаў» (Słownik sławnych pisarzy polskich). Пакінуў пасля сябе «Слоўнік польскіх пісьменнікаў», фрагмент якога (ад А да Е) захаваўся ў Ватыканскай бібліятэцы[3][5].

Зноскі

  1. Catalogs SJ 1774-1829. Russiae.
  2. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 161.
  3. 1 2 3 Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  4. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  5. Brown, J. Biblioteka pisarzów assystencyi polskiej Towarzystwa Jezusowego / J. Brown ; przeł. W. Kiejnowskiego. – Poznań : w komisie i czcionkami L. Merzbacha, 1862. – 501 s. 137 – 138.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Літве
Катэгорыя·Памерлі ў 1848 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Памерлі ў правінцыі Неапаль
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Выкладчыкі Полацкага езуіцкага калегіума
Катэгорыя·Езуіты Беларусі
Катэгорыя·Выкладчыкі Магілёўскага езуіцкага калегіума
Катэгорыя·Выкладчыкі Аршанскага езуіцкага калегіума
Катэгорыя·Памерлі 23 жніўня
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1763 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 снежня
Катэгорыя·Рэктары Полацкага езуіцкага калегіума