Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай (ПДУ) — беларуская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта і з кампусамі ў Наваполацку і Полацку.
Названы ў гонар Святой Ефрасінні, полацкай князёўны і асветніцы, першай святой на беларускіх землях.
Вышэйшая адукацыя ў Полацку мае даўнія традыцыі. У 1581 годзе каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем у Полацку быў заснаваны езуіцкі калегіум.
Асноўны артыкул: Полацкі езуіцкі калегіум 12 студзеня 1812 года ўказам расійскага імператара Аляксандра I калегіум быў ператвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію з правамі ўніверсітэта[1].
Асноўны артыкул: Полацкая езуіцкая акадэмія Акадэмія дзейнічала на працягу 1812—1820 гадоў і з’яўлялася першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь[2].
14 ліпеня 1968 года быў створаны Наваполацкі філіял Беларускага політэхнічнага інстытута. 10 лютага 1969 года было вырашана перадаць Наваполацкі філіял БПІ Беларускаму тэхналагічнаму інстытуту. У 1972/1973 навучальным годзе на дзённым аддзяленні НФБТІ вучыўся 801, а на вячэрнім — 483 студэнты. У 1973 годзе ў ВНУ адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў.
1 студзеня 1974 года НФБТІ быў ператвораны ў самастойны Наваполацкі політэхнічны інстытут (НПІ), які стаў другім політэхнічным інстытутам у Беларускай ССР. Рэктарам НПІ быў прызначаны былы дырэктар Наваполацкага філіяла — Эрнст Міхайлавіч Бабенка. Пры магутнай падтрымцы рэспубліканскай і мясцовай улады, галоўным чынам за кошт галіновых міністэрстваў СССР, закладвалася грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база НПІ. Актыўна будаваліся вучэбна-лабараторныя карпусы, кватэры для выкладчыкаў, інтэрнаты для студэнтаў. У маладую ВНУ былі запрошаны цэлыя навуковыя школы з многіх навуковых і прамысловых цэнтраў Савецкага Саюза: Чалябінска, Валгаграда, Саратава, Калінінграда, Растова. Таленавітыя выкладчыкі — прафесары С. І. Лугоўскі, А. М. Левін і А. І. Сямёнаў, дацэнты Ю. П. Ашчэпкаў, Б. П. Чэмісаў і іншыя — забяспечылі не толькі паспяховую навуковую дзейнасць, але таксама заклалі базу навуковых кірункаў кафедраў. Былі заключаны буйныя гаспадарчыя пагадненні з прадпрыемствамі па распрацоўцы новых тэхналогій павышэння трываласці дэталяў хімічнага абсталявання, разнастайных машын і апаратаў, стварэнню сістэм вентыляцыі і водаачысткі, выкарыстанню новых будаўнічых матэрыялаў і канструкцый. У 1976 годзе была створана кафедра геадэзіі, і адбыўся першы набор на спецыяльнасць «Прыкладная геадэзія». У выніку паспяховага развіцця гэтага напрамку ў 1979 годзе ў НПІ быў адкрыты першы і доўгі час адзіны ў Беларусі геадэзічны факультэт. У 1982 г. у склад НПІ уваходзіла 6 факультэтаў (санітарна-тэхнічны, будаўнічы, тэхналагічны, машынабудаўнічы, геадэзічны і вячэрні), 23 кафедры і навукова-даследчы сектар. З 1985 года ў інстытуце сталі навучацца замежныя студэнты.
Ужо ў першыя гады існавання ВНУ у ёй зараджаецца будатрадаўскі рух. Неўзабаве наваполацкія будатрады зарэкамендавалі сябя з самага лепшага боку як у рэспубліцы, так і за яе межамі. У 1980 годзе Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР Наваполацкаму політэхнічнаму інстытуту было прысвоена імя Ленінскага камуністычнага Саюза моладзі Беларусі. Складаныя працэсы, якія адбываліся ў СССР, а пасля яго распаду — у Беларусі — у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. выклікалі значныя змены ў НПІ. У 1989 г. быў створаны радыётэхнічны факультэт, а ў 1992 г. — фінансава-эканамічны і на базе машынабудаўнічага — асобны факультэт па перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, з часам пераўтвораны ў Інстытут павышэння кваліфікацыі пры НПІ.
З’яўленне першых гуманітарных спецыяльнасцяў, а галоўнае — патрэба ў высокакваліфікаваных кадрах для эканомікі рэгіёна і краіны ў цэлым паставілі пытанне аб неабходнасці істотнай перабудовы работы ВНУ. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 618 ад 14 верасня 1993 года Наваполацкі політэхнічны інстытут быў пераўтвораны ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. У сувязі з гэтым адбыліся значныя змены ў структуры навучальнай установы. На шляху ператварэння ПДУ у еўрапейскі ўніверсітэт класічнага тыпу былі створаны гісторыка-філалігічны (1993) і юрыдычны факультэты (1997), адкрыты новыя спецыяльнасці ў аспірантуры і створаны тры спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый.
У пачатку 1990-х гг. кіраўніцтва НПІ, улады горада Полацка, дзеячы навукі і культуры Беларусі і Полаччыны сталі ўздымаць пытанне аб перадачы інстытуту комплекса будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума, дзе ў той час размяшчаўся ваенны шпіталь. Атрыманне ВНУ статуса ўніверсітэта спрыяла пачатку станоўчага вырашэння гэтага пытання. 18 кастрычніка 1993 г. у Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па далейшаму развіццю Полацка і захаванню яго культурна-гістарычнай спадчыны» Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту было дадзена даручэнне сумесна з Беларускай ваеннай акругай разгледзець пытанне аб вызваленні будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума для перадачы яго гісторыка-філалагічнаму факультэту ПДУ. Тым не менш рэалізацыя пастановы сутыкнулася са шматлікімі перашкодамі і была адкладзена на няпэўны тэрмін[3].
Штуршок далейшаму развіццю ПДУ дало наведванне ВНУ ў 2001 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Згодна з пратаколам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ад 1 верасня 2001 года Міністэрства абароны перадала ўніверсітэту комплекс будынкаў езуіцкага калегіума. У лютым 2003 года адбылася ўрачыстая перадача гістарычных будынкаў. Такім чынам, выкладчыкі і студэнты ПДУ сталі гаспадарамі аднаго з старэйшых універсітэцкіх гарадкоў на постсавецкай прасторы і найстарэйшага — у Беларусі. На сённяшні дзень на полацкай пляцоўцы ВНУ размяшчаюцца гуманітарны факультэт (з 2005 г.) і факультэт інфармацыйных тэхналогій (з 2008 г.)[4].
З 2016 года юрыдычны факультэт і кафедра фізвыхавання і спорту гуманітарнага факультэта валодае ўласным кампусам у пасёлку Міжрэчча. На гэтай жа базе дзейнічае Рэгіянальны вучэбна-навукова-практычны Юрыдычны цэнтр[5]. У кастрычніку 2017 года ўніверсітэт сумесна з Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтам і ТАА «Нафтан» з’яўляецца актыўным удзельнікам інавацыйна-прамысловага Наваполацкага нафтахімічнага кластара, стварэнне якога скіравана на ўмацаванне сувязі паміж адукацыяй, навукай і вытворчасцю і спрыянне далейшаму развіццю нафтахімічнай галіны, а таксама іншай навукаёмістай і высокатэхналагічнай вытворчасці[6].
У ходзе рэарганізацыі вучэбных падраздзяленняў універсітэта ў 2017 годзе былі аб’яднаныя спартыўна-педагагічны і гісторыка-філалагічны факультэты, а таксама інжынерна-тэхналагічны факультэт і факультэт машынабудавання і аўтамабільнага транспарту. У выніку былі ўтвараны гуманітарны і механіка-тэхналагічны факультэты адпаведна. Па стане на май 2018 года ПДУ аб’ядноўвае 9 факультэтаў, у тым ліку па рабоце з замежнымі студэнтамі і давузаўскай падрыхтоўцы, і 27 кафедраў. Універсітэт прапаноўвае 83 праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры тэхнічнага, фінансава-эканамічнага, гуманітарнага і педагагічнага профіля, а таксама 18 праграм дактарантуры. У 2017—2018 вучэбным годзе ў ВНУ налічвалася каля 10 000 студэнтаў дзённай, завочнай і дыстанцыйнай формаў навучання, сярод якіх замежныя грамадзяне з 24 дзяржаў блізкага і далёкага замежжа. У ПДУ працуе каля 440 выкладчыкаў, 39 % з якіх маюць навуковыя ступені[7]. Пры ўніверсітэце працуюць Цэнтр вывучэння замежных моў «Uiniversum»[8], Цэнтр дашкольнага дзяцінства і інавацыйных тэхналогій развіцця «УНІВЕРык»[9], аўташкола Архівавана 17 жніўня 2018..
У ВНУ выдаецца «Вестник Полоцкого государственного университета»[10], які уваходзіць у «Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў»[11], а таксама зборнік «Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета». Універсітэт з’яўляецца базай для правядзення цэлага шэрагу традыцыйных міжнародных навуковых форумаў, напрыклад, канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысціплінарных даследаваннняў»[12].
Іншагароднія і замежныя студэнты, а таксама ўсе аспіранты і магістранты забяспечваюцца месцамі ў адным з шасці інтэрнатаў[13]. Ва ўніверсітэце працуюць Народны студэнцкі тэатр «Арт»[14], клуб інтэлектуальных гульняў «Рубон»[15], студыя спеваў «Настроение»[16], студэнцкая відэастудыя «Канспект», студыя сучаснага танца «TORYDANCE»[17], студыя выяўленчага мастацтва «Образ»[18]. Выходзіць студэнцкі бюлетэнь «Настежь» і альманах «Литературный ОбъектИФФ»[19]. Турыстычныя паслугі ажыццяўляе Турыстычны цэнтр ПДУ[20]. Штогод ў маі ладзіцца Ўрачыстая цырымонія ўручэння спецыяльнага прыза «Крыніца ведаў», прымеркаваная да Дня ўніверсітэта[21].
13 ліпеня 2022 года ўніверсітэту было прысвоена імя Ефрасінні Полацкай.
Універсітэт мае афіцыйныя сімвалы: сцяг, эмблему і гімн. Аўтарам слоў гімна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца Генадзь Бураўкін.