wd wp Пошук:

Мікалай Міхайлавіч Сапега

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з падобнымі імёнамі, гл. Сапега і Мікалай Сапега. Мікалай Міхайлавіч Сапега (да 1553 — да 13 жніўня 1611) — дваранін каралеўскі (1574), падкаморы гарадзенскі (з 1582), староста астрынскі, кухмістр вялікі літоўскі (1589—1611), дзяржаўца лунненскі (1589—1611).

Надпіс на партрэце братоў Льва і Мікалая з кодзеньскай серыі памылковы, бо інфарматары аўтара — Алойзі Міштальт і Ян Фрыдэрык Сапега — паблыталі вялікага кухмістра Мікалая Міхайлавіча (1553—1611) з польным пісарам Мікалаем Крыштафам (1613—1639), сынам Крыштафа Стэфана Сапегі.[2]

Біяграфія

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, сын Міхаіла Янушавіча Сапегі і Марыны Яцкаўны з Быстрэйскіх, старэйшы брат Льва, суддзі земскага гарадзенскага. Бацька памёр на пачатку 1554 года.

Стаўшы паўналетнім актыўна пачаў замацоўваць за сабою і братам Львом спадчыну на маёнтках Чарлёна i Лунна. Так, 10 сакавіка 1567 года ён паклаў перад земскімі ўраднікамі Гарадзенскага павета тастамент памёрлага дзядзькі Дзмітра Янушавіча, знойдзены сярод папер перададзеных з захавання Васілём Міхайлавічам Мялешкам. На Попіс 1567 года Мікалай Сапега ставіў двух «коней» і аднаго драба з непадзеленага маёнтка «Лунна alias Чарлёна», бо брат Леў быў непаўналетні. Тым часам Мікалай служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1567 года. У 1570 годзе гарадзенскі земскі суд адпаведна дзязькавага тастаменту выдаў вырак на права выкупу па блізкасці Мікалаем Сапегам у Паўла Іванавіча Сапегі часткі Чарлёны, якая налажала і была застаўлена Дзмітром Янушавічам Сапегам.[3]

У 1576 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя. У 1579 годзе Мікалай Сапега запісаў у павятовыя кнігі тастамент дзядзькі Глеба Янушавіча на яго частку Чарлёны. Напэўна, быў тастамент і трэцяга дзядзькі Сцяпана Янушавіча, але ён пакуль не выяўлены[3]. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1579—1581 гадоў.

Добраахвотным i палюбоўным падзелам з братам ад 7 студзеня 1581 года, Мікалай атрымаў маёнткі Чарлёна i Кулеўшчызна, а Леў — Лунна[4]. За спадчыну братоў пазвалі на суд спадчыннікі цётак — Тышковічы і Словікі. Мікалай і Леў выставілі сустрэчныя прэтэнзіі на маёнткі, грошы і скарбы свайго дзеда Януша, калісьці атрыманыя ці пабраныя цёткамі. У 1585 годзе бакі пагадзіліся на кампрамісны суд, які ў сакавіку 1586 года пакінуў за братамі тры дзядзькавыя часткі ў маёнтках Чарлёна і Лунна на вечна, а іншыя прэтэнзіі бакоў скасаваў пад зарукай 3 тысячы коп грошаў[5].

Такім чынам, у 1586 годзе канечна ўтварыўся самастойны маёнткавы комплекс Мікалая Сапегі з «двара» Чарлёна і Чарлёнскага фальварка з вёскамі Лаўна, Харціца, Казакоўцы і Міклашоўцы. Тады, магчыма, Мікалай Сапега пабудаваў новы «двор» у Чарлёне, а ў 1580—1590-я гады царкву на ім, што ўзняла статус паселішча.[6]

У 1587 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы. У 1589 годзе атрымаў у дзяржаву суседняе з Чарлёнай гаспадарскае мястэчка Лунна з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы.

У 1593 годзе браты перадзялілі маёмасць, Леў дадаткова атрымаў аселую службу Шчэчыцы каля свайго Лунна і пляцы агароднікаў у Гродна каля замка і над Нёманам.

Быў паслом на соймы 1589, 1595 і 1603 гадоў, дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1590, 1596 і 1601 гадах.

Памёр у 1611 годзе, пахаваны ў Чарлёнскай царкве, якая пазней стала родавым некропалем.[6]

Сям’я

Жанаты з Багданай, дачкой кн. Юрыя Масальскага, скарбніка вількамірскага, і Ганны Алехаўны Крыўцовай. Багдана памерла пасля 1625 года, пахавана таксама ў Чарлёнскай царкве. У шлюбе нарадзілася тры сыны і чатыры дачкі.[6]

Зноскі

  1. Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713
  2. Kałamajska-Saeed, 2006, p. 158
  3. 1 2 Семянчук, 2014, с. 386
  4. Семянчук, 2014, с. 387
  5. Семянчук, 2014, с. 387-388
  6. 1 2 3 4 Семянчук, 2014, с. 388
  7. Семянчук, 2014, с. 388-389
  8. 1 2 Семянчук, 2014, с. 389

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Дэпутаты Сойма Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Падкаморыя гарадзенскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1611 годзе
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Дэпутаты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Старосты астрынскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Мастоўскім раёне
Катэгорыя·Кухмістры вялікія літоўскія