wd wp Пошук:

Глеб Янушавіч Сапега

Глеб Янушавіч Сапега (да 1510 — паміж 30 сакавіка 1574 і 21 студзеня 1579) — вялікалітоўскі арыстакрат, дваранін гаспадарскі (зг. 1568).

Біяграфія

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, старэйшы сын Януша Багданавіча Сапегі і Ганны Крошынскай, у сям’і было яшчэ тры сыны — маладзейшыя Дзмітр, Сцяпан, Міхаіл, і дзве дачкі — Таццяна і Настасся.

Пасля смерці Януша Сапегі каля 1530 года, сыны пэўны час дзейнічалі супольна. У 1532 годзе разам атрымалі судовы ліст па скарзе на закладанне каралевай Бонай мястэчка каля іх дзедзічнага маёнтка Лунна. А 15 кастрычніка 1533 года разглядалася скарга нейкага конюха Алешкі і яго сына Андрэя на крыўды ад ўсіх разам братоў Сапегаў. Аднак потым згоды паміж братамі не было. Урэшце, 25 мая 1541 года Глеб Янушавіч з прычыны варожых адносін паміж братамі ініцыяваў палюбоўны і роўны падзел бацькоўскай і матчынай спадчыны.[1] У выніку Глеб, Дзмітр, Сцяпан і Міхаіл, разам з сёстрамі, падзялілі на шэсць роўных частак маёнткі Лунна[-Чарлёна], Свіслач і Вайкелішкі з фальваркамі. На часткі, якая каму дастанецца, яны кідалі жэрабя.[2]

Падзел не задаволіў і не супакоіў братоў, пагатоў быў не поўны і не канчатковы, судовыя спрэчкі і наезды цягнуліся амаль 20 гадоў — не падзеленым яшчэ і ў 1555 годзе застаўся маёнтак Лунна-Чарлёна і яго браты трымалі сумесна, а таксама «людзі», на думку Сапегаў, прысвоеныя каралевай Бонай. На пачатку 1554 года памёр малодшы з братоў — Міхаіл, спадчынныя маёнткі ён запісаў у вена жонцы Марыне Яцкаўне Быстрыцкай, тая памянялася часткай непадзеленага Лунна[-Чарлёны] на іншы маёнтак са сваім братам Мацвеем Яцкавічам Быстрыцкім, каморнікам вялікага князя. З менай не пагадзіліся Сапегі, асабліва Дзмітр і Сцяпан, як праз непадзеленасць маёнтка, так, напэўна, і таму, што лічылі сябе першачарговымі нашчадкамі Лунна-Чарлёны і не хацелі каб маёнтак «аддаляўся» ад роду. Дзеянні іх былі агрэсіўнымі, удзел Глеба не згадваецца, але ён мог быць натхняльнікам малодшых.[2] Урэшце ў лістападзе 1557 года Быстрыцкі за 12 коп грошаў ад імя сястры і «людзей Лунненскіх» адмовіўся ад прэтэнзій на чарлёнскую долю па Міхаіле Сапегу.[3] Адначасова ў 1555—1561 гадах паміж Дзмітром і Сцяпанам, нягледзячы на супольныя дзеянні супраць Быстрыцкага, адбываўся востры канфлікт, які скончыўся жорсткім забойствам Дзмітра[4]. Неўзабаве, у 1561 годзе, памёр і Сцяпан.

Ужо ў 1561 годзе Глеб судзіўся са стрыечным братам Паўлам Сапегам за частку Лунна-Чарлёны па родным браце Дзмітры, якую Павел на думку Глеба самавольна захапіў. Глеб лічыў сябе паўнапраўным нашчадкам, але на суд не стаў, а выслаў сына Яна з паведамленнем пра сваю хваробу. Тым часам, Павел Сапега сцвярджаў, што ў 1558 годзе пазычыў нябожчыку Дзмітру 500 коп грошаў, а той аддаў сваю частку Лунна-Чарлёны ў арэнду да вяртання пазыкі. Гэта пацвярджаюць крыніцыі, у 1558 годзе службовец Паўла Сапегі не пусціў гарадзенскага яўрэя Мошку Дактаровіча спагнаць з Чарлёны пазыку ў суме 70 коп грошаў літоўскіх, паведаміў яму, што Дзмітр ужо нічога ў маёнтку не мае, а замяніўся ім на ўладанні «на Русі». Напэўна, Глеб прайграў справу за Дзмітраву частку Лунна-Чарлёны, бо пазней Павел з братам Міхаілам актыўна займаліся справамі гэтых уладанняў.[5]

На Попіс пад Радашковічамі, восенню 1567 года, з глебавай часткі маёнтка Лунна-Чарлёна, двух «коней» па-казацку і аднаго драба ставілі яго швагер Іван Словік і пляменнік Міхал Тышковіч[6]. У 1568 годзе гаспадарскі дваранін Глеб Сапега перадае ўчасткі зямлі са сваіх уласных маёнткаў Лунна-Чарлёна гаспадарскім зямянам Радзівановічам[7].

Апошні раз Глеб Янушавіч згадваецца ў дакументах 30 сакавіка 1574 года.[7]

Сям’я

У 1538 годзе Глеб падпісаў умовы ўзяць шлюб з дачкой цівуна і гараднічага віленскага Шымкі Мацкавіча, з пасагам за ёй у 200 коп літоўскіх грошаў рухомасці і 100 коп літоўскіх грошаў на частцы маёнтка яе маці Соф’і ў Жамойці, пад зарукай 1000 коп Шымку і 1000 коп вялікаму князю.[8]

Быў жанаты з Катажынай Шымковічавай, у шлюбе нарадзіўся сын Ян, памерлы раней за бацьку.[7]

Свае ўладанні тастаментам запісаў пляменнікам — Мікалаю і Льву Міхайлавічам Сапегам.[9]

Зноскі

  1. Семянчук, 2014, с. 376
  2. 1 2 Семянчук, 2014, с. 377
  3. Семянчук, 2014, с. 380
  4. Семянчук, 2014, с. 383
  5. Семянчук, 2014, с. 384
  6. Семянчук, 2014, с. 385
  7. 1 2 3 Семянчук, 2014, с. 386
  8. Лаўрэш, 2021
  9. Семянчук, 2014, с. 387

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Дваране гаспадарскія