wd wp Пошук:

Мостар

Мостар — горад у Босніі і Герцагавіны, адміністрацыйны цэнтр Герцагавінска-Нярэтванскага кантона ў складзе дзяржаўнага ўтварэння Федэрацыя Босніі і Герцагавіны. Насельніцтва складае 68,4 тыс. чал. (2012). Размешчаны ў паўднёвай частцы краіны, на р. Нератва. Важны транспартны вузел, чыгуначнае і аўтамабільнае паведамленне з Сараева і харвацкім портам Плочэ. Міжнародны аэрапорт.

Гісторыя

Першая пісьмовая згадка адносіцца да 1452 года, з 1468 пад уладай туркаў. З 1583 года ў Баснійскім пашалыку, у 1833 увайшоў у створаны пашалык Герцагавіна. Пасля Берлінскага кангрэса 1878 года патрапіў пад кіраванне аўстра-венгерскіх улад, адзін з асноўных цэнтраў харвацкага нацыянальнага адраджэння. У 1908 у складзе анексаваных Аўстра-Венгрыяй Босніі і Герцагавіны. З 1918 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў1929 Югаславія). У 19921994 сталіца самаабвешчанага харвацкага дзяржаўнага ўтварэння Герцаг-Босна. Моцна пацярпеў у час вайны ў Босніі і Герцагавіне 1992—1995 гадоў. У 1999 пачалося аднаўленне Мостара.

Славутасці

Захаваліся шматлікія пабудовы часоў турэцкага панавання. Сярод іх Стары мост цераз р. Нератва (1566, арх. Хайрудзін 2-і), які злучае 2 часткі гарады — мусульманскую (на левым беразе) і хрысціянскую. У 17 ст. фланкаваны вежамі Тара і Халебія. Стары мост разбураны ў 1993 і адноўлены ў 20012004. Раён Старога моста ў гістарычным цэнтры Мостара уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны Акрамя таго ў асманскія часы ўзведзены мост Крыва-Цупрыя(ням.) бел. цераз р. Радабалья(англ.) бел., правы прыток Нератвы (1558; адноўлены ў 2000-я гг.); мячэць(англ.) бел. (1557; рэстаўравана ў 20022004) і медрэсэ Караджоз-бе­га(басн.) бел. (1570), мячэці Несух-Ага Вучакавіц (1564), Каскі-Мехмед-Паша (1617) і інш.; базар (16 ст.), гадзіннікавая вежа(харв.) бел. (каля 1630), лазні, жылыя дамы (у т.л. у квартале Куюнджылук).

У 19 — пач. 20 стст. пабудаваны: праваслаўная царква (1833) ва ўсходняй частцы горада, у перадгор’ях Вележа (Падвележжа), базіліка Святых Пятра і Паўла з высокай званіцай(харв.) бел. (1874) і францысканскі кляштар, будынкі гімназіі(англ.) бел. ў маўрытанскім стылі (1902, арх. Францішак Блажак(англ.) бел.), Зямельнага банка ў стылі мадэрн (1910, арх. Ёсіп Ванцаш(англ.) бел.), Чарынскі мост(харв.) бел. (1917). У час ваенных дзеянняў пачатку 1990-х гг. разбураны многія мячэці, біскупскі палац (1847) з вялікай бібліятэкай, каталіцкі касцёл, сербскія Траецкі сабор і царква Раства Багародзіцы (абодва — сяр. 19 ст.).

Культура

Дзейнічае другі па велічыні ў краіне Мостарскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1977 (сучасны статус з 1992). Архіў Герцагавіны (1954), Народная бібліятэка. Тэатры: народны, харвацкі нацыянальны, маладзёжны, лялек. Музей Герцагавіны (1950; размешчаны ў вежы Герцагуса, 15 ст.), мастацкая галерэя. Фестывалі: музычна-фальклорны «Мостарскае лета», харвацкай культуры «Мостарская вясна», музычны «Мелодыі Мостара», тэатральны. Манумент на партызанскіх могілках (1965, арх. Б. Багданавіч; адноўлены ў 2008).

Эканоміка

Мостар — важны эканамічны цэнтр краіны. Галоўнае горадаўтваральнае прадпрыемства — алюмініевы завод «Aluminij Mostar» (кіруецца прадстаўнікамі харвацкай абшчыны горада): вытворчасць першаснага алюмінію з імпартнага гліназёму (130 тыс. т у 2011), алюмініевых сплаваў, дроту і нарыхтовак; асноўная частка прадукцыі экспартуецца (каля 1/4 кошту нацыяльнага экспарту краіны). Прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, тэкстылю, металавырабаў. Развіты турызм. Цэнтр сельскагаспадарчага раёна — вінаградарства і вінаробства, пладаводства (абрыкосы, персікі, інжыр і інш.).

Каля Мостара — ГЭС «Mostar» (72 МВт) і «Salakovac» (210 МВт) на р. Нератва.

Спорт

Гарады-пабрацімы

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. https://www.izmir.bel.tr/tr/KardesKentler/62
  2. https://ohrid.gov.mk/%D0%BF%D1%80%D0%B8%D1%98%D0%B0%D1%82%D0%B5%D0%BB%D1%81%D0%BA%D0%B8-%D0%B8-%D0%B7%D0%B1%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%B8%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8-%D0%B3%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BE%D0%B2%D0%B8/#1550493792804-9dd50839-cc473bde-e13530e7-072b

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нявызначаная краіна (тэлефонны код)
Катэгорыя·Населеныя пункты без насельніцтва
Катэгорыя·Гарады Федэрацыі Босніі і Герцагавіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мостар