wd wp Пошук:

Мацей Казімір Сарбеўскі

Мацей Казімір Сарбеўскі (лацінізаванае імя Sarbievius, польск.: Maciej Kazimierz Sarbiewski, літ.: Motiejus Kazimieras Sarbievijus; 24 лютага 1595, в. Сарбева, каля Плоцка, цяпер Мазавецкае ваяводства, Польшча — 2 красавіка 1640, Варшава) — новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра, тэолаг, філосаф. Паляк.

Біяграфічныя звесткі

Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 годзе ўступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіуме (1618-1620, 1626-1621), Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, Віленскай езуіцкай акадэміі (1620-1622, 1628-1635). Полацкія і віленскія курсы лекцый паэтыкі і рыторыкі ляглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове. З асобай Мацея Сарбеўскага звязана з’яўленне ў Віленскім універсітэце кола гуманістаў, якое ўключала прафесараў рыторыкі, прамоўцаў і паэтаў (Жыгімонта Лаўксміна, Яна Рывоцкага, Томаша Клягэ, Яна Хадзынскага, Мікалая Кміціца)[7].

3 1635 года каталіцкі прапаведнік пры двары караля Уладзіслава IV у Варшаве.

Творчасць

Франтыспіс Lyricorum Libri па малюнку Рубенса
Вітаўтас Цыпліяўскас. Партрэт Сарбевія

М. Сарбеўскі — аўтар трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зборнікі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выдадзеныя ў Польшчы на лацінскай і ў перакладзе на польскую мову).

Засноўваючыся на працы антычных аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю. Скалігер, Я. Пантан), распрацоўваў эстэтычныя пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. М. Сарбеўскі развіваў прагрэсіўныя тэндэнцыі, выступаў за свабоду мастацкай творчасці. Паводле яго, паэзія не толькі пераймае тварэнні прыроды, але і паляпшае іх (прынцып ідэалізацыі). Асновай зместу паэтычнага твора лічыў фабулу. А паколькі фабула найбольш поўна раскрываецца ў эпічным жанры, то эпас уяўляўся яму вянцом паэзіі. Эпас, на думку М. Сарбеўскага, сумясціў у сабе ўсе навукі і мастацтвы, а эпічная паэма здавалася яму цэлым сусветам, народжаным фантазіяй паэта. Да недасканалых відаў паэзіі М. Сарбеўскі адносіў элегію і часткова лірыку, а эпіграму зусім выключаў з паэзіі. Гэта не перашкодзіла яму прысвяціць лірыцы вялікі трактат, у якім даследавалася своеасаблівасць лірычнай выяўленчасці і лірычны стыль. Падрабязна спыніўся ён таксама і на элегічнай паэзіі. Драматычную паэзію М. Сарбеўскі змясціў недзе пасярэдзіне паміж эпасам і лірыкай. Ён ахарактарызаваў «недасканалыя віды» паэзіі: сатыру і букалічную паэзію, байку, ідылію, панегірык, гімн і інш.

Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы таго часу. У спецыяльным трактаце Сарбеўскі выклаў тэорыю досціпу, вызначаючы яго як «адзінства згоднага і нязгоднага», сумяшчэнне гармоніі з дысгармоніяй (барочная канцэпцыя).

Арыентуючыся на антычнае мастацтва, М. Сарбеўскі ў той жа час высока ставіў творчасць Дантэ і асабліва Яна Каханоўскага. Такі падыход быў наватарскі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрапейскіх прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве.

Аўтар зборнікаў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637). Сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Вершы М. Сарбеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы Д. Набароўскім, на польскую мову — У. Сыракомлем. На беларускую мову іх перакладалі Ларыса Чарнышова, Лявон Баршчэўскі.

Творы

Трактаты

Выданні

Зноскі

  1. 1 2 Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119055031 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 29 красавіка 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 autori vari SARBIEWSKI, Maciej KazimierzIstituto dell’Enciclopedia Italiana, 1929.
  4. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119055031 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  5. autori vari SARBIEWSKI, Maciej KazimierzIstituto dell’Enciclopedia Italiana, 1929.
  6. The Catholic Encyclopedia: An International Work of Reference on the Constitution, Doctrine, Discipline, and History of the Catholic Church — NYC: D. Appleton & Company, 1913.
  7. Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Барока / аўтары тома: В. Б. Евароўскі [і інш.]; рэдкал. тома: В.Б.Евароўскі [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Iн-т філасофіі. – Мінск: Беларус. навука, 2013. – C. 188.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 лютага
Катэгорыя·Памерлі ў 1640 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Браўнсбергскага езуіцкага калегіума
Катэгорыя·Памерлі 2 красавіка
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Лацінамоўныя паэты
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пахаваныя на Паванзкоўскіх могілках
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1595 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мазавецкім ваяводстве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Паэты Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выкладчыкі Полацкага езуіцкага калегіума